Дата рождения:
09.06.1803 Нясвіж, г., Мінская вобласць
Дата смерти:
18.06.1857
Краткая справка:
падарожнік, пісьменнік, даследчык і абаронца культуры казахскага народа
Имена на других языках:
Янушкевич Адольф (русский); Янушкевич Адольф Михаил Валерьян Юлиан (русский); Янушкевич Адольф Михайлович (русский);
3972 символа
Справка
Адольф Міхал Валяр’ян Юліян Янушкевіч, пісьменнік, вандроўнік, даследчык, слаўны сын Беларусі, пакінуў яркі след у гісторыі Казахстана і народа гэтай краіны.
Нарадзіўся ён у Нясвіжы. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Нясвіжскай дамініканскай школе, а затым у 1819 г. паступіў у вядомую ў той час Вінніцкую гімназію, якую паспяхова закончыў у 1821 г. У гэтым жа годзе Адольф пачаў вучыцца ў Віленскім універсітэце на філалагічным факультэце. Бацькі тым часам набылі маёнтак Дзягільня (цяпер Дзяржынскі раён). Ва ўніверсітэце зблізіўся з членамі таварыства філарэтаў (уваходзіў у гурток блакітных). У студэнцкія гады пісаў на польскай мове сентыментальныя вершы (дума “Мелітон і Эвеліна”).
Закончыўшы вучобу ў 1823 г., вярнуўся ў родныя мясціны, а потым пераехаў у Камянец, дзе быў абраны дэпутатам цывільнай палаты ў Галоўным судзе. Здароўе не дазваляла займацца справамі, таму вымушаны быў ехаць лячыцца за мяжу. Падарожнічаў па Германіі, Францыі, Італіі, дзе сустракаўся з І. Гётэ, А. Міцкевічам, Ю. Славацкім і іншымі вядомымі ў той час людзьмі. У 1830 г. вярнуўся на радзіму. Разам з братам стаў адным з актыўных удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830–1831 гг. Пасля яго падаўлення А. Янушкевіча прыгаварылі да смяротнага пакарання, якое потым замянілі на пажыццёвую высылку ў Сібір з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем дваранскіх прывілеяў. Ссылку першапачаткова адбываў у Табольску, потым у в. Жалякова каля Ішыма, у самім Ішыме і, нарэшце, у Омску, дзе паступіў на службу ў Пагранічнае ўпраўленне сібірскімі кіргізамі (у той час так называлі казахаў). На 18 гадоў звязаў ён сваё жыццё з Казахстанам. Знаходзячыся на дзяржаўнай службе, шмат вандраваў па бяскрайніх стэпах, знаёміўся з побытам, традыцыямі, фальклорам мясцовых жыхароў. У гэты перыяд і адбылося пераўвасабленне рэвалюцыянера і паэта А. Янушкевіча ў перакладчыка і даследчыка-этнографа. Самае доўгае падарожжа па абсягах Казахстана здзейсніў у 1846 г. Свае ўражанні занатоўваў у дарожным дзённіку. Пазней удалося дабіцца дазволу на пераезд А. Янушкевіча ў Ніжні Тагіл, дзе ён працаваў у бібліятэцы, па вечарах – у публічнай чытальні, клапаціўся аб стварэнні музея прыроды Урала. Толькі ў 1856 г. вярнуўся зусім хворым на радзіму, дзе ў хуткім часе памёр ад сухотаў.
Пасля смерці А. Янушкевіча таварыш па ссылцы сабраў усе пісьмы, дзённікі даследчыка і перадаў яго братам, якія надрукавалі гэтыя матэрыялы на свае сродкі асобнай кнігай. Выданне выйшла ў Парыжы ў 1861 г. на польскай мове. Менавіта дзякуючы гэтай кнізе Еўропа змагла бліжэй пазнаёміцца з жыццём і побытам казахаў таго перыяду. Яна была перакладзена на некалькі еўрапейскіх моў. На рускай выйшла толькі ў 1966 г., а на казахскай – у 1979 г. у Алма-Аце. У кнізе шмат каштоўнай інфармацыі пра многія важныя старонкі гісторыі казахаў. Тут зроблены аналіз сацыяльна-эканамічнага становішча, апісанне народных звычаяў, традыцый прыкладнога мастацтва і інш. Дзякуючы пісьменніцкаму таленту А. Янушкевіча можна жыва ўявіць рэалістычныя карціны качавога жыцця казахскага народа. Ён стаў першым, хто абараніў культуру казахаў і верыў, што прыйдзе час, калі яны зоймуць пачэснае месца сярод народаў свету.
Працы даследчыка атрымалі прызнанне ў беларускай, рускай, польскай, казахскай культурах. Сёння казахскія вучоныя высока ацэньваюць уклад ураджэнца Беларусі, летапісца казахскай гісторыі XIX ст. у навуку, бо даследаванняў па мінуўшчыне гэтай краіны вельмі мала. У Казахстане шануюць нашага суайчынніка як народнага героя. У сталіцы краіны, Астане, яго імя нададзена адной з вуліц. Сын розных культур, А. Янушкевіч добра паслужыў справе паразумення паміж рознымі народамі. Да 200-годдзя з дня нараджэння даследчыка ў Польшчы ўбачыла свет кніга “Listy z Siberii”, дапоўненая матэрыяламі расійскіх і польскіх архіваў. Гэта выданне было перакладзена на беларускую мову. Кніга пад назвай “Жыцьцё Адольфа Янушкевіча і яго Лісты з кіргіскіх стэпаў” выйшла ў 2008 г. у Беларусі.