У 30–70-я гады XIX ст. шырокай грамадскасці Расіі было добра вядома імя нашага земляка Мікалая Феліксавіча (па іншых звестках Фёдаравіча) Ястрэбскага, асобы яркай, неардынарнай – інжынера-будаўніка, педагога, даследчыка гісторыі навукі і тэхнікі, таленавітага літаратара-стыліста.
Нарадзіўся М. Ястрэбскі (перайначанае на польскі манер яго прозвішча гучыць як Ястржэмбскі) у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні. Яго бацьку, межаваму суддзі Феліксу Ястрэбскаму, належаў маёнтак Барысаўшчына – цяпер вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. У 1829 г. Мікалай скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта. Потым атрымаў тэхнічную адукацыю ў Пецярбургскім інстытуце Корпуса інжынераў шляхоў зносін. Гэта была першая транспартная і будаўнічая навучальная ўстанова Расійскай імперыі. Яе выхаванцы атрымлівалі грунтоўную агульную і спецыяльную адукацыю. Інстытут выпускаў інжынераў з воінскім званнем паручніка і накіроўваў іх на працу ў Корпус інжынераў шляхоў зносін, які быў на ваенным становішчы.
У 1832 г. М. Ястрэбскі з выдатнымі адзнакамі скончыў інстытут і застаўся працаваць там у якасці рэпетытара, а пасля быў прызначаны памочнікам прафесара на кафедры будаўніцтва і практычнай механікі. Адначасова выкладаў практычную механіку ў Тэхналагічным інстытуце і ў 2-м кадэцкім корпусе. Змяшчаў навуковыя артыкулы ў “Журнале Главного управления путей сообщения и публичных зданий”. У 1843 г. М. Ястрэбскі быў зацверджаны прафесарам па курсах збудаванняў і практычнай механікі.
Яшчэ ў пачатку сваёй працоўнай дзейнасці ў інстытуце М. Ястрэбскі разам з іншымі маладымі выкладчыкамі пачаў працаваць над апісаннем розных найбуйнейшых збудаванняў таго часу для дапаможніка, які быў выдадзены пад назвай “Собрание рисунков в области строительного искусства”. Гэта калектыўная праца з’явілася адным з першых дапаможнікаў, выдадзеных супрацоўнікамі інстытута на рускай мове. Адначасова М. Ястрэбскі арганізоўваў і праводзіў доследы па вызначэнні трываласці будаўнічых матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся ў будаўніцтве вісячых мастоў. Вынікам гэтых доследаў сталі апублікаваныя ім у 1836 г. запіскі аб пабудове дарог і мастоў. У 1837–1838 гг. М. Ястрэбскім былі выдадзены два тамы “Курса практической механики”, які стаў першым сістэматычным курсам па гэтым прадмеце на рускай мове і адной з першых у Расіі кніг, прысвечаных механіцы машын. Дапаможнік адразу атрымаў высокую ацэнку. Ён выкарыстоўваўся ва універсітэтах Расіі пры вывучэнні курса практычнай механікі, а аўтар яго атрымаў Дзямідаўскую прэмію (1839) па механіцы. У дарэвалюцыйнай Расіі гэта прэмія лічылася самай ганаровай навуковай узнагародай, а М. Ястрэбскі быў самы малады на той час лаўрэат гэтай прэміі. Да таго ж яго запрасілі прачытаць курс лекцый па практычнай механіцы ў Маскоўскім універсітэце.
У 1846 г. пабачыў свет другі двухтомнік М. Ястрэбскага “Начальные основы общей и прикладной механики”, які таксама высока адзначылі сучаснікі. У гэтым выданні аўтар зрабіў вельмі цікавую на той час заўвагу, што поспехі фізічных навук рыхтуюць глебу для з’яўлення электрарухавіка, якому наканавана заняць асноўнае месца ў прамысловасці. У гэтым жа выданні, а таксама ў шэрагу іншых артыкулаў М. Ястрэбскі выступіў у якасці гісторыка навукі і тэхнікі. За сваю паспяховую педагагічную і навуковую дзейнасць вучоны неаднаразова адзначаўся ўзнагародамі. Меў ордэны св. Ганны 3-й ступені і св. Станіслава 3-й ступені.
У 1848 г. М. Ястрэбскі пакінуў педагагічную дзейнасць і Пецярбург (магчыма гэта было звязана з дзейнасцю гуртка петрашэўцаў, да якога меў адносіны яго стрыечны брат І. Ястрэбскі) і накіраваўся ў Магілёў, куды атрымаў назначэнне начальнікам аддзялення Магілёўскай акругі шляхоў зносін. Тут яго дзейнасць была накіравана на будаўніцтва дарог, мастоў, плацін. Па праектах М. Ястрэбскага і пад яго кіраўніцтвам былі пабудаваны шашы Магілёў – Кіеў, Магілёў – Бабруйск, Магілёў – Доўск, рэканструявана Бабруйская плаціна, распрацаваны праекты мастоў праз Дняпро ў Магілёве і праз Заходнюю Дзвіну ў Віцебску. За работы па будаўніцтве дарог і мастоў М. Ястрэбскі быў узнагароджаны ордэнамі св. Станіслава 2-й ступені і св. Ганны 2-й ступені.
У 1863 г. М. Ястрэбскі выйшаў у адстаўку ў чыне палкоўніка і застаўся ў Магілёве, дзе ажыццяўляў тэхнічны нагляд паравога млына, пабудаванага па яго праекце і пад яго кіраўніцтвам. Напісаў практычны дапаможнік па эканоміцы “Главные основы двойной бухгалтерии”.
Акрамя навуковай, педагагічнай і інжынернай дзейнасці, М. Ястрэбскі застаўся ў памяці сучаснікаў як асоба, якую прырода шчодра надзяліла літаратурным талентам. Архівы не захавалі для нашчадкаў ні яго паэтычных твораў, ні раманаў, аповесцей і апавяданняў, але… ён напісаў першыя тры раздзелы другога тома “Мёртвых душ” М.В. Гогаля. Прычым зрабіў гэта настолькі ўдала, што, калі гэтыя раздзелы без дазволу М. Ястрэбскага трапілі ў друк, яму давялося даказваць публіцы і нават літаратарам, што не Гогаль, а сам ён з’яўляецца аўтарам гэтых урыўкаў. І толькі пасля прыведзеных М. Ястрэбскім доказаў, прэса мусіла прызнацца, што чытач меў справу з таленавітай падробкай, у якой нават спецыялісты не ўбачылі ніякіх стылістычных і моўных адрозненняў ад гогалеўскага тэксту. Выкліканая публікацыяй рэакцыя, сведчыла пра тое, што яе аўтар безумоўна валодаў адпаведным літаратурным талентам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2008 г.