Дата рождения: 21.01.1903 Гомель, г.
Дата смерти: 18 ці 19.06.1987
Краткая справка: расійскі мастак, народны мастак Расіі, правадзейны член АМ СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1947, 1951)
Имена на других языках: Нисский Георгий Григорьевич (русский);
У 2010 г. на старонках штотыднёвіка “Культура” (у двух нумарах) пад рубрыкай “Вяртанне імёнаў” быў змешчаны артыкул мастацтвазнаўца Б. Крэпака “Усё было маім…”, прысвечаны знакамітаму расійскаму мастаку Георгію Рыгоравічу Ніскаму, беларусу па паходжанні, які надзвычай ярка праславіў Расію і Беларусь. Нарадзіўся ён у сям’і чыгуначнага ўрача на вузлавой станцыі Навабеліца (цяпер адзін з раёнаў Гомеля). “Местечко с фабрикой и лесопильными заводами было расположено на скрещении двух железных дорог. До сих пор непотухаемой любовью детства люблю свой родной пейзаж. Семафор, разбег рельсов, уходящий за поворот леса, шумливый бор с мачтовыми соснами и бескрайность белорусских полей с позёмками”, – пісаў ён са шчырым замілаваннем і любоўю да роднага краю ў адным з сваіх аўтабіяграфічных нарысаў.* Закаханы ў рух, Г. Ніскі з дзяцінства палюбіў дарогі, паравозы, семафоры, машыны і марыў стаць машыністам. Падчас вучобы ў гарадской гімназіі захапіўся маляваннем, капіраваў рэпрадукцыі пад наглядам мясцовага мастака У. Зорына, які потым параіў яму паступаць у Гомельскую мастацкую студыю імя М. Урубеля, якой кіраваў А. Быхоўскі, прафесіянальны мастак і педагог. Сустрэча з ім вызначыла далейшы лёс Г. Ніскага. У студыі ён займаўся з 1919 па 1921 гг. і яго, як таленавітага юнака, накіравалі ў Маскву, дзе ён вучыўся ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях і Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце (1921–1930). Педагогамі яго былі А. Дрэвін і Р. Фальк. Пасля абароны дыплома ў 1930 г. твор Г. Ніскага “Паўстанне французскіх маракоў у Адэсе ў 1919 годзе” набыла Траццякоўская галерэя. Гэты факт надзвычай акрыліў мастака.
Біёграф мастака М. Кісялёў адзначаў, што падчас вучобы значны ўплыў на вызначэнне творчага лёсу Г.Ніскага мела яго знаёмства з А. Дайнэкам, членамі таварыства станкавістаў (ОСТ), у тым ліку з А. Тышлерам, Д. Штэрэнбергам, С. Лучышкіным і інш. Остаўцы выступалі за пошук новых лаканічных форм жывапісу, за адлюстраванне новых рэалій сучаснага жыцця. Выступленне остаўцаў супала з пачаткам сацыялістычнай індустрыялізацыі, яны ставілі перад сабой задачу адлюстрававання прыгажосці жалезных дарог, семафораў, мастоў і г.д. Маладому Г. Ніскаму творчыя ўстаноўкі ОСТа былі блізкімі, бо з дзяцінства ён захапляўся гэтымі матывамі. “У гісторыю савецкага мастацтва ён трывала ўвайшоў як натхнёны вобразатворца жалезных і шашэйных дарог, мастоў, паравозаў, манеўраных “кукушак”, семафораў, вадакачак, аэрадромаў, самалётаў, плацін, высакавольтных ліній. З любоўю і страсцю ён увасабляў заснежаныя лясы, палі і дарогі, якія перасякаюць чыгуначныя пуці і аўтамагістралі, гарадскія будоўлі і новыя заводы, абноўленыя сучасным духам пейзажныя ландшафты роднай Беларусі і Падмаскоўя, Далёкага Усходу, Поўначы і Паволжа”**. У гэты перыяд мастак напісаў карціны “Восень. Семафоры” (1932), “На пуцях” (1933), “Беларускі пейзаж” (1934). Гэтыя творы – самы непасрэдны напамінак пра малую радзіму аўтара. Карціну “Восень. Семафоры” намаляваў летам 1932 г. у час свайго прыезду да бацькоў у Гомель, і яе, як і шмат іншых сваіх твораў, ён пісаў не з натуры, а па ўражанні, па памяці, без эцюдаў.
У творчасці Г. Ніскага значнае месца займае таксама марская тэматыка. Ён служыў у арміі на Далёкім Усходзе, потым былі творчыя паездкі на Чорнае, Баранцава моры, на Ціхі акіян, у Запаляр’е. Ён піша марскія пейзажы “Вечар у Севастопалі” (1936), “Падводная лодка” (1937), “Яхта” (1935). За палатно “Сустрэча” ў 1937 г. на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы мастак атрымаў бронзавы медаль. У другой палове 1930-х гг. з’яўляюцца творы на батальныя тэмы: “Спуск ваеннага карабля” (1937), “Затрыманне японскай шхуны” (1938), “Лінкоры на рэйдзе” (1940). У гады Вялікай Айчыннай вайны мастак працуе ў “Вокнах ТАСС”. Разам з А. Дайнэкам выязджае на фронт, робіць замалёўкі. Лепшымі творамі гэтага часу сталі “На абарону Масквы” (1942), “Зенітная батарэя ля стадыёна “Дынама” (1942). У пасляваенныя гады ў творчасці ізноў значнае месца займаюць творы чыста індустрыяльнага пейзажа і марской тэматыкі: “Падмаскоўныя прасторы” (1946), “Пад Масквой” (1947), “Дзмітраўскі шлюз” (1947), “Беларускі пейзаж” (1947), “Вясёлка”, “Порт Адэса”, “Пейзаж з маяком”, “Ля берагоў Далёкага Усходу” (усе 1950), “Падмаскоўная зіма” (1951), “Рыбінскае мора” (1953–1954), “Парусны спорт. Пестава”, “На пуцях” (абодва 1954), “Сіні паравоз” (1955), “Падмаскоўе. Люты”, “Падмаскоўная ракада” (абодва 1957), “Азёрны край” (1958), “Над снягамі”, “Калгас “Загор’е” (абодва 1959–1960), “Каля магілы сябра” (1963–1964), трыпціх “На Поўначы” (1957).
Яшчэ пры жыцці Г. Ніскі зведаў славу і пашану, меў узнагароды і званні: двойчы станавіўся лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1947, 1951), у 1965 г. яму прысуджана званне “Народны мастак РСФСР”, але яго творчасць неаднаразова падвяргалася і крытыцы за адыход ад сацыялістычнага рэалізму. Акрамя мастацкіх работ Г. Ніскі пакінуў пасля сябе яшчэ даволі шмат мастацтвазнаўчых артыкулаў: нататкі аб выстаўках, творчыя партрэты мастакоў, аўтабіяграфічныя нарысы. У адным з такіх запісаў мастак падкрэсліў: “Я думаю, что в своих многочисленных композициях, морских и водных пейзажах, написанных за все годы, я сумел все же быть современным художником, решающим свои задачи и задачи своего поколения”.***
У 2003 г. споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Г.Р. Ніскага. Дзеля ўвекавечання памяці знакамітага земляка на радзіме мастака, у Гомелі, быў праведзены Міжнародны пленэр жывапісу імя Г.Р. Ніскага. У ім прымалі ўдзел дванаццаць майстроў пэндзля з Расіі, Украіны і Беларусі. Пленэр адбыўся пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, Навабеліцкага і Гомельскага раённых выканаўчых камітэтаў, якія фінансавалі творчую лабараторыю мастакоў у дні пленэру, забяспечвалі культурную праграму, арганізоўвалі сустрэчы з працаўнікамі Гомельшчыны. Праз пяць гадоў, у чэрвені 2008 г., у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адбылася выстаўка “Народны мастак РСФСР Георгій Ніскі і яго час”, дзе былі прадстаўлены некаторыя творы Г. Ніскага і яго былых аднакласнікаў па мастацкай студыі імя М. Урубеля – А. Машкоўцавай, М. Бірштэйна, Я. Смехава, А. Шэўчэнкі, Я. Целішэўскага, а таксама шэраг дакументаў і прыватных рэчаў мастакоў.
Творы Г.Р. Ніскага захоўваюцца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве, у іншых музеях Расіі, Украіны. У Беларусі яго карціны ёсць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
* Георгий Григорьевич Нисский // Мастера советского изобразительного искусства : произведения и автобиографические очерки. – Москва, 1951. – С. 365.
** Культура. – 2010. – 24–30 ліпеня (№ 30). – С. 15.
*** Георгий Григорьевич Нисский // Мастера советского изобразительного искусства : произведения и автобиографические очерки. – Москва, 1951. – С. 370.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.