Краткая справка:
спартсменка і трэнер (гімнастыка спартыўная), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіёнка ХVІІІ Алімпійскіх гульняў (1964, Токіа), мнагакратная чэмпіёнка СССР і БССР, заслужаны трэнер СССР, педагог, ганаровая грамадзянка Гродна
Имена на других языках:
Volchetskaya Yelena (не определен); Волчецкая Елена Владимировна (русский); Тюненкова Елена Владимировна (русский);
2114 символа
Справка
Алена Валчэцкая нарадзілася 4 снежня 1943 г. у г. Гродна. Патэнцыял будучай алімпійскай чэмпіёнкі разглядзеў у пятым класе настаўнік фізкультуры 8-ай гарадской школы Мікалай Фёдаравіч Траццяк. Ён прывёў дзяўчынку да знакамітага трэнера Рэнальда Кныша, які залічыў школьніцу ў адну са сваіх груп. Ужо праз 2 гады заняткаў яна стала чэмпіёнкай рэспублікі, а ў 15 гадоў – майстрам спорту СССР. Рэнальд Кныш паступова ўскладняў праграму, рыхтуючы Алену да заваявання самых высокіх спартыўных вяршыняў. Так, на адным з чэмпіянатаў краіны менавіта яна першай выканала апорны скачок з паваротам на 360 градусаў, які стаў любімым “каньком” яе гімнастычнай праграмы.
На Гульнях XVIII Алімпіяды 1964 г. у Токіа Алена Валчэцкая заваявала залаты медаль у камандных спаборніцтвах, заняла восьмае месца ў асабістым мнагабор’і і пятае месца ў апорным скачку. Гэты залаты алімпійскі медаль у спартыўнай гімнастыцы стаў першым не толькі ў гісторыі беларускай школы, але і ў маштабах усяго Савецкага Саюза. А спартсменка стала прыкладам для ўсіх наступных пакаленняў айчынных гімнастак. У 1965 г. Алена, працягваючы серыю сваіх бліскучых выступленняў, зноў стала чэмпіёнкай СССР. У гэтым жа годзе спартсменка скончыла Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы.
Неўзабаве Алена Валчэцкая скончыла спартыўную кар’еру, аднак з гімнастыкай не развіталася. Яна стала трэнерам дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы – той самай, дзе працягваў працаваць і Рэнальд Кныш. Менавіта Алена Валчэцкая разгледзела ў вучаніцы другога класа СШ № 10 г. Гродна Вользе Корбут будучую чатырохразовую алімпійскую чэмпіёнку. З 1968 г. Алена Валчэцкая стала працаваць у тэхнікуме фізічнай культуры. Пасля ўтварэння на базе тэхнікума факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы яна працягнула працу па выхаванні студэнцкай моладзі ўжо ў вышэйшай навучальнай установе. У 2000-х гг. па запрашэнні вядомага трэнера Мікалая Мілігулы некаторы час працавала трэнерам па гімнастыцы ў ЗША.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.