Дата рождения:
19.08.1946 Малыя Круговічы, в., Ганцавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
пісьменнік, перакладчык, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1993), дыпламант Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года "Залаты Купідон" (2008)
Имена на других языках:
Гордей Виктор Константинович (русский);
4487 символов
Справка
Вобразнае асэнсаванне жыцця і часу – адметная рыса творчасці беларускага пісьменніка Віктара Канстанцінавіча Гардзея, прыхільніка класічнага стылю пісьма. Створаныя ім вобразы адлюстроўваюць адзінства чалавека і прыроды, непарыўнасць і натуральнасць жыццёвых працэсаў.
Нарадзіўся В. Гардзей у в. Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння ў 1964 г. сярэдняй школы працаваў у калгасе. У 1965–1966 гг. ён літаратурны супрацоўнік ляхавіцкай раённай газеты «Будаўнік камунізму», з 1967 па 1983 г. з’яўляўся загадчыкам аддзела пісьмаў, адказным сакратаром і намеснікам рэдактара ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе». У 1979 г. В. Гардзей быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У 1983 г. пераехаў у Мінск, дзе пачаў працаваць у часопісе «Беларусь». Завочна скончыў у 1984 г. факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. У 1985 г. прызначаны загадчыкам аддзела часопіса «Родная прырода». З 1989 па 2010 г. працаваў у часопісах «Маладосць», «Полымя», «Вожык», выдавецтве «Мастацкая літаратура». У 2010–2015 гг. з’яўляўся загадчыкам аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва».
У друку В. Гардзей упершыню выступіў у 1963 г. з апавяданнем «Памылка». З сярэдзіны 1970-х гг. пачалі выходзіць яго зборнікі паэзіі. Сярод іх – «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Засевак Радзімы» (1983), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), «Зялёныя дажджы» (1997), «Межань» (1999), «Трыадзінства» (2010). У вершах паэт апісвае хараство беларускай прыроды ў розныя поры года, экалагічнае бедства пасля чарнобыльскай трагедыі, закранае маральна-этычныя і сацыяльныя праблемы вёскі, адлюстроўвае боль абпаленага вайной пакалення. Некалькі вершаў («Развітанне», «Светлякі ў акенцах роднай вёскі...», «Развітанне з сынам») прысвечаны асабістай драме – смерці маці і сына. Паэтычныя творы В. Гардзея крытыкі называюць «сумнай паэзіяй светлай надзеі». У некаторых з іх гучаць журботныя ноты адчаю і смутку, аднак большасць прасякнута любоўю, услаўленнем чалавека, які працуе на зямлі. Паэт заклікае знайсці ў сабе сілы, каб пераадолець песімізм, душэўную адзіноту. Яго лірычны герой спяшаецца жыць, дзеліцца вялікімі і малымі радасцямі.
Шматгранны талент В. Гардзея раскрыўся ў розных жанрах: паэзіі, крытыцы, журналістыцы. Аднак найбольш ярка ён праявіўся ў празаічных творах. Аповесць «Дом з блакітнымі аканіцамі» дала назву першай кнізе прозы (выдадзена ў 1984 г.). У ёй гаворыцца пра аднавяскоўцаў В. Гардзея, адлюстраваны некаторыя аўтабіяграфічныя падзеі з жыцця пісьменніка. У 1988 г. выйшла кніга «Карані вечнага дрэва», галоўнае месца ў якой заняла аповесць «Жыта ганьбу не заслоніць» з жыцця пасляваеннай заходнебеларускай вёскі. Сярод іншых зборнікаў прозы – «Уратуй ад нячыстага» (1992) і «Ці то грэбля, ці то гаць» (1996). Многія творы В. Гардзея напісаны на матэрыяле Брэстчыны, а прататыпамі яго літаратурных герояў сталі жыхары роднай вёскі Малыя Круговічы, якія з лёгкасцю пазнаюць сябе ў кожным новым творы пісьменніка. Чытачамі і крытыкай былі станоўча ўспрыняты трылогія «Аселіца ў басейне Чорнага мора» (2000), раман «Бедна басота» (2003), зборнік аповесцей і апавяданняў «З мінулага не вяртаюцца...» (2013). Віктар Гардзей напісаў шмат твораў для дзяцей, якія ўвайшлі ў зборнікі вершаў «Чырвоны грабеньчык» (1976), «На арэхавай палянцы» (1982), «Коцікі на вярбе» (1988), «Мой тата – трактарыст» (1989), «Зай, які лічыў варон» (1991), «Зайкава балалайка» (1998), «У бары на зары» (2001), «Малая дзіцячая Чырвоная кніга» (2008). Плённа працуе пісьменнік і ў галіне перакладу. На беларускую мову В. Гардзей пераклаў раманы «Саламбо» Г. Флабера і «Чорная страла» Р. Стывенсана, том казак народаў Еўропы «Хрустальны калодзеж», які папоўніў серыю «Бібліятэка замежнай дзіцячай літаратуры», таксама некаторыя казкі Э. Гофмана, Х.К. Андэрсена, Ш. Перо, шэраг твораў з кнігі «Казкі братоў Грым». Віктар Гардзей з’яўляецца аўтарам тэксту кнігі «Ганцаўшчына – край легенд і талентаў народных», укладальнікам зборніка «Паміж Бобрыкам і Ланню: Ганцаўшчына літаратурная: проза, паэзія, публіцыстыка» (з К. Мохарам), фотаальбома «Белавежская пушча». У 1993 г. ён стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя І. Мележа, у 2008 г. дыпламантам Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года «Залаты Купідон». Імем пісьменніка названа вуліца ў в. Малыя Круговічы; на месцы дома, дзе ён нарадзіўся, у 2017 г. устаноўлены памятны знак.