Уладзімір Васілевіч Гасцюхін – беларуская кіназорка, самы здымаемы (больш за паўсотню фільмаў), самы любімы прэсай, самы славянскі акцёр (паводле рэйтынгавага спіса “100 самых, самых у беларускім кінематографе”), папулярны артыст тэатра і кіно, якога добра ведаюць і на Беларусі, і ў Расіі, і на Украіне.
Нарадзіўся акцёр у Свярдлоўску, у сям’і звычайных служачых. Бацькі ніякага дачынення да тэатра альбо кіно не мелі. У дзяцінстве давялося адчуць усе праблемы, уласцівыя пасляваеннаму пакаленню. Нейкі час Валодзя лічыўся нават “цяжкім” падлеткам, дасканала спасцігнуў школу вулічнага жыцця. Пасля заканчэння сямігодкі вучыўся ў радыётэхнікуме, дзе ўдзельнічаў у тэатральнай самадзейнасці. За паўгода да атрымання дыплома перайшоў у вячэрнюю школу і стаў рыхтавацца ў тэатральны інстытут. У 1970 г. скончыў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве (ГИТИС). Яшчэ студэнтам зняўся ў фільме Марлена Хуцыева “Быў месяц май” (1969). Пасля інстытуцкага размеркавання працаваць у тэатры яму не давялося – служыў у арміі ў мотастралковым палку Таманскай дывізіі пад Масквой. Дарэчы, армейскую школу і зараз У. Гасцюхін успамінае з удзячнасцю, лічыць, што яна дапамагла яму ў далейшай прафесійнай рабоце (галоўны герой фільма “Старшына” – Кацуба – адзін з самых любімых у кіно). Сваю творчую дзейнасць малады акцёр пачаў у Тэатры Савецкай Арміі (ЦАТС) на пасадзе мэбельшчыка-дэкаратара, таму што ў штаце трупы вакансій не было. Дзякуючы выпадковасці (захварэў выканаўца галоўнай ролі спектакля “Невядомы салдат”) У. Гасцюхіну давялося праявіць сябе ў вобразе старшыны Бокарава. З таго моманту пачаўся ўздым у акцёрскім лёсе, яму даручылі яшчэ некалькі роляў. Аднак, маючы восем акцёрскіх работ у тэатры, ён усё ж лічыўся рабочым сцэны. Аднойчы на спектаклі У. Гасцюхіна ўбачыла другі рэжысёр кінастудыі “Масфільм” С. Клімава, якая прапанавала яму ролю Аляксея Красільнікава ў фільме “Блуканне па пакутах”. Чуткі пра гэту работу дайшлі да рэжысёра Л. Шапіцька, якая здымала на той час на “Беларусьфільме” “Узыходжанне” (1977; паводле аповесці В. Быкава “Сотнікаў”). Уладзіміра Гасцюхіна зацвердзілі на ролю Алеся Рыбака. Фільм атрымаў галоўны прыз на Усесаюзным кінафестывалі ў Рызе і “Залатога мядзведзя” ў Берліне (у 1982 г. акцёр атрымаў прыз за лепшую мужчынскую ролю на Міжнародным кінафестывалі ў Сан-Рэма, Італія). Роля Рыбака распачала кар’еру кінаакцёра, ярка прадэманстравала яго драматычны талент. У. Гасцюхіну прапанавалі работу у “Сучасніку” і ў тэатры на Таганцы, але ён быў па-сапраўднаму шчаслівы, калі падпісалі загад аб яго залічэнні ў трупу ЦАТСА. Аднак ранейшыя ролі ў тэатры ўжо не задавальнялі, прапановы ў кіно таксама не давалі нічога новага. Нарэшце запрашэнне маладога беларускага рэжысёра М. Лук’янава зняцца ў яго дэбютнай рабоце “Ваўкі” паводле В. Шукшына захапіла У. Гасцюхіна. Менавіта тады адбылася яго сустрэча з Беларуссю, рэспубліканскай кінастудыяй і будучай жонкай. Мінск стаў любімым горадам, а Беларусь – другой радзімай.
У 1970–1980 гг. Уладзімір Гасцюхін шмат здымаўся. Сярод фільмаў з яго ўдзелам такія яркія ленты, як “Старшына”, “Паляванне на лісіц”, “Блуканне па пакутах”, “Месячная вясёлка”, “Без сонца” (“На дне”), “Бераг” (Дзяржаўная прэмія СССР 1985), “Нас выбраў час” (тэлевізійны ; прэмія Ленінскага камсамола 1980), “Вазьму твой боль” (Дзяржаўная прэмія Беларусі 1982), “Наш браняпоезд”, “Усё наперадзе”, “Ціхмяныя могілкі”, “Шляхціц Завальня” (1994) і інш. Большасць яго герояў 70-х гадоў – простыя працаўнікі вайны, вайскоўцы. Ваенная тэма па праву займае цэнтральнае месца ў творчасці У. Гасцюхіна-кінаакцёра. У 1991 г. на экраны выйшаў фільм М. Міхалкова “Урга – тэрыторыя кахання”, які зрабіўся сапраўдным адкрыццём 48-га кінафестывалю ў Венецыі. Яго стваральнікам уручылі “Залатога льва св. Марка” і прыз экуменічнага (рэлігійнага) журы за гуманнае адлюстраванне праблем сям’і. Герой У. Гасцюхіна – вадзіцель Сяргей – гэта своеасаблівы рускі “Ванька-ўстанька”, аднак не такі просты, якім здаецца спачатку. Праз яго вобраз паказана сіла рускага чалавека, незалежна ад таго, куды закінуў яго лёс. У карціне “Генерал” акцёр увасобіў на экране вобраз цікавай гістарычнай асобы – генерала Гарбатава, які сыграў сваю адметную ролю ў Вялікай Айчыннай вайне. У 1996 г. У. Гасцюхін выступіў у якасці рэжысёра (і акцёра) меладрамы “Батанічны сад”, знятай на “Беларусьфільме”.
Нягледзячы на тое, што большая частка жыццёвай энергіі і сіл аддадзена кінематографу, Уладзімір Васілевіч адчуў і прывабнасць тэатра: і працуючы над пастаноўкай уласных спектакляў, і іграючы на сцэне Мінскага Тэатра-студыі кінаакцёра нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” (з 1981 г.). Адной з лепшых сваіх акцёрскіх работ у тэатры У. Гасцюхін лічыць ролю Раздзяваева ў спектаклі “Міленькі ты мой” (паводле п’есы М. Варфаламеева; адначасова рэжысёр з А. Яфрэмавым). Спектакль нясе зарад станоўчых эмоцый і дабрыні, у ім паказваецца самаадданае каханне, здольнае вярнуць чалавеку, які страціў з-за п’янства ўсе свае лепшыя якасці, пачуццё годнасці. А гэта творчае крэда акцёра, які не прымае пошласці, бруду, кан’юнктуры. Сярод тэатральных роляў – Губанаў (“Усё яго жыццё” паводле аповесці “Камуніст” Я. Габрыловіча). У тэатральным праекце “Віртуозы сцэны” У. Гасцюхін паставіў спектакль “Галасы” М. Варфаламеева (1999). Яго мастацтва вызначаецца арганічнасцю, яркасцю індывідуальных характарыстык, глыбінёй спасціжэння характараў, дакладнасцю выразных сродкаў у стварэнні вонкавага малюнка ролі.
Сярод апошніх па часе работ кінаакцёра – роля Тудышкіна ў фільме “Святы і грэшны” рэжысёра І. Салавова па сцэнарыю М. Варфаламеева; цэнтральная роля Фёдара (Іваныча) у тэлесерыялах “Дальнабойшчыкі” і “Дальнабойшчыкі-2”; роля генерала ў “Казцы пра Фядота-стральца” (па вершаванай п’есе Л. Філатава; расійскі рэжысёр С. Аўчароў); галоўная роля Паўла ў псіхалагічнай драме беларускага рэжысёра В. Рыбарава “Прыкаваны” (знята на “Ленфільме” пры ўдзеле кінастудыі “Беларусьфільм”). У планы Гасцюхіна-рэжысёра ўваходзіць пастаноўка фільма “Чорныя берэты” паводле рамана М. Іванова.
Надзіва дакладна і глыбінна сказаў аб ім публіцыст, драматург і паэт Міхаіл Шэлехаў: “Ён рос сарвігалавой, а стаў выдатным артыстам, любімцам народа. Яго любяць усе: школьная шпана, старыкі-ветэраны Вялікай Айчыннай і сівыя героі Афгана, дамы бальзакаўскага ўзросту з сумнымі вачыма, што чакаюць не прынца, а надзейнае сэрца, юныя дзяўчынкі з марамі Дзюймовачкі. Чаму? Тайна любві простая – шчырая душа, зіхатлівая ўсмешка пятнаццацігадовага капітана, вясёлы, надзейны, мужны…”*.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2006 г.
* Моя столица. Минск, 2004. С. 443–444.