Краткая справка:
польскі археолаг, этнограф, гісторык, фалькларыст, даследчык матэрыяльнай і духоўнай культуры Польшчы, Беларусі, Літвы
Псевдонимы:
Прускі
Варианты имени:
Глогер Зігмунд
Имена на других языках:
Gloger (польский); Глогер Зигмунд (русский);
3651 символ
Справка
Зыгмунт Глогер адносіцца да тых польскіх даследчыкаў, якія ўнеслі значны ўклад у вывучэнне беларускай народнай вусна-паэтычнай творчасці. Спадчына вучонага надзвычай багатая і разнастайная: ён з'яўляецца аўтарам кніг і зборнікаў, шматлікіх артыкулаў, манументальнага выдання «Старапольская энцыклапедыя», у якой змясціў матэрыялы пра беларускую драўляную архітэктуру, «Смаргонскую мядзвежую акадэмію», беларускія стравы, хатнія прылады працы, старажытныя ўпрыгожанні.
Нарадзіўся З. Глогер 3 лістапада 1845 г. у в. Каменка Падляскага ваяводства (Польшча). Адукацыя хлопчыка пачалася з навучання музыцы. Акрамя настаўнікаў па розных прадметах, запрошаных у маёнтак, з сынам займаўся бацька – чалавек надзвычай шырокіх ведаў. Хатнюю навуку завяршыў прыватны пансіянат Ляшчынскага. У 1865 г. Зыгмунт паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт. У гэты час адбылося яго знаёмства з пісьменнікам А. Плугам, будучым стваральнікам манументальнага шматтомніка «Люд беларускі» М. Федароўскім, з мастаком Андрыёлі. Вечары ў Плуга сталі сапраўдным універсітэтам для маладога Глогера. Яны фарміравалі яго інтарэсы і міжволі вызначылі далейшы шлях: невыпадкова ў 1868 г. З. Глогер стаў студэнтам Кракаўскага ўніверсітэта, дзе і пачаў вывучаць гісторыю і археалогію.
Збіральніцкая дзейнасць будучага таленавітага этнографа і фалькларыста пачалася з 16-гадовага ўзросту, калі ён зацакавіўся побытам і вуснай творчасцю народа, пачаў запісваць абрады, паданні, этнаграфічныя звычаі. У 1869 г. была выдадзена першая кніга вучонага «Вясельныя ўрачыстасці», дзе, акрамя польскіх, былі змешчаны беларускія запісы з Брэсцкага і Трокскага паветаў. Асобнае месца займаў сабраны Зыгмунтам Глогерам зборнік «Польскі год у жыцці, традыцыі і песні», які ўяўляў сабой звод мастацкіх твораў, этнагарафічных апісанняў і нататкаў, дзе прасочваўся гадавы цыкл каляндарных абрадаў. Пра жыццё, звычаі, абрады і вераванні беларускага народа вучоны пісаў у артыкулах «Земляробчыя абрады» (1867), «Звычаі народа з ваколіц Тыкоціна і Бельска» (1868), «Забабоны і ўяўленні наднарвенскага люду пра птушак, паўзуноў і насякомых» (1877, занатаваны павер'і беларусаў пра курыцу, бусла, зязюлю, ластаўку, сароку, варону, вужа, жабу і інш.), «Вясельная назвы, выразы і прадметы, ужываныя пры вясельных народных абрадах на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай» (1877) і г. д.
У 1870 г. З. Глогер разам з жонкай Аляксандрай, дачкой беларускага пісьменніка А. Ельскага, пераехаў у маёнтак Яжэва пад Тыкоцінам. З гэтым кутком, які ўяўляў сабой этнічны ўзмежак Беларусі і Польшчы, звязана ўсё далейшае жыццё і творчасць вучонага. Лёгкі на пад'ём, заўсёды ў пошуках новых матэрыялаў, ён шмат вандраваў па родным краі. Сярод цікавых паездак было падарожжа ў Белавежскую пушчу (1881), вынікам якога стаў цікавы нарыс, які затым пабачыў свет асобнай кнігай. Нярэдка падарожныя дзённікавыя запісы З. Глогера ператвараліся ў цыклы нарысаў. Матэрыялы аб Беларусі сабраны таксама ў кнізе «Далінамі рэк: апісанні падарожжа ўздоўж Нёмана, Віслы, Буга і Бебжы», прадмову да якой напісала Э. Ажэшка. Уражанні ад вандровак па Беларусі ляглі і на старонкі іншых выданняў і артыкулаў. У Яжэве З. Глогер сабраў багатую бібліятэку, вялікую музейную калекцыю, у якой захаваліся беларускія фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы са збораў М. Федароўскага, А. Кіркора, Я. і К. Тышкевічаў, А. Ельскага і інш.
Галоўнымі рысамі Зыгмунта Глогера былі незвычайная працаздольнасць і непахісная мэтанакіраванасць, а яго працы – гэта невычарпальная краязнаўчая скарбніца. Тытанічны розум навукоўца трымаў у сабе яшчэ шмат задум, ідэй і планаў, здзейсніць якія ўсе, на жаль, не паспеў.