Краткая справка:
польскі кампазітар і дырыжор, прыдворны кампазітар і капельмайстар Нясвіжскай капэлы Радзівілаў
Имена на других языках:
Holland Jan Dawid (польский); Голланд Ян Давид (русский);
3499 символов
Справка
Значны ўклад у музычнае мастацтва Беларусі канца XVIII – пачатку XIX ст. унёс кампазітар, выкладчык і тэарэтык музыкі, прыдворны капельмайстар Нясвіжскай капэлы Радзівілаў Ян Давід Голанд.
Нарадзіўся ён у г. Санкт-Андрэаcбергу (Германія). Дакладна невядома, дзе атрымаў музычную адукацыю, аднак у 1760-х гг. лічыўся ўжо дастаткова аўтарытэтным кампазітарам. Вядомы яго творы гэтага перыяду – «Практыкаванні для клавіра» і «Alla breve» (1766), «Пастухі каля ясляў у Бэтлееме» (1769). У 1771 г. Я. Голанд пераехаў у Гамбург – адзін з буйнейшых цэнтраў канцэртна-тэатральнага жыцця Еўропы таго часу. Ствараў музыку для рэлігійных, свецкіх і сямейных урачыстасцей, пісаў песні на вершы нямецкіх паэтаў, працаваў капельмайстрам у саборы Святой Катарыны, займаў пост дырэктара музыкі гамбургскага кафедральнага сабора. Творы кампазітара карысталіся шырокай папулярнасцю ў публікі, выконваліся на канцэртах, друкаваліся ў зборніках.
У 1782 г. Я. Голанд разам з групай нямецкіх акцёраў наведаў Варшаву, дзе пазнаёміўся з уладальнікам Нясвіжа К.С. Радзівілам (Пане Каханку). Ад яго ён атрымаў запрашэнне на пасаду капельмайстра Нясвіжскай капэлы Радзівілаў, якая славілася ў тыя часы на ўсю Еўропу. Ужо ў 1784 г. у оперна-балетным тэатры горада адбылася прэм’ера яго камічнай оперы «Агатка, або Прыезд пана», якая стала першай створанай і пастаўленай у Беларусі. Твор быў напісаны з нагоды прыезду ў Нясвіж караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і спалучаў у сабе еўрапейскія класічныя музычныя традыцыі з асаблівасцямі мясцовага фальклору. Пасля нясвіжскай прэм’еры опера набыла асаблівую вядомасць і больш за 40 гадоў ставілася на сцэнах оперных тэатраў Еўропы. У Нясвіжы Я. Голанд стварыў яшчэ некалькі буйных твораў, якія сталі класікай беларускай музыкі – оперу «Чужое багацце нікому не на карысць», балет «Арфей і Эўрыдыка» (або «Арфей у пекле»), кантату «Смелы, мужны Караль Другі», струнны квартэт.
Пасля смерці К.С. Радзівіла і падзелаў Рэчы Паспалітай Я. Голанд некаторы час працаваў у Гродне і Варшаве, пасля чаго пераехаў у Вільню (1802), дзе правёў апошнія гады жыцця. У якасці прафесара Віленскага ўніверсітэта больш за 20 гадоў выкладаў музычна-тэарэтычныя дысцыпліны і музыку па класе фартэпіяна на факультэце літаратуры і свабодных мастацтваў, кіраваў хорам і аркестрам універсітэта. Тут ён напісаў і сваё самае значнае тэарэтычнае даследаванне – «Акадэмічны трактат аб сапраўдным мастацтве музыкі» (1806), у якім абагульніў назапашаны практычны вопыт і тэарэтычныя веды. Кампазітар актыўна займаўся музычна-грамадскай дзейнасцю – арганізаваў Саюз прафесійных музыкантаў у Вільні, быў ганаровым членам Таварыства сяброў касцёльнай і нацыянальнай музыкі ў Варшаве.
Мастацкая спадчына Я. Голанда, багатая на творы самых розных жанраў і форм, належыць да культуры некалькіх краін і чакае свайго далейшага вывучэння. Доўгія гады лічылася, што многае з яе страчана, аднак, дзякуючы пошукам, было адноўлена і стала даступным для шырокага кола даследчыкаў і знатакоў музычнага мастацтва. Так былі выяўлены рукапісы партытур опер «Агатка, або Прыезд пана» (бібліятэка Акадэміі навук у Кракаве) і «Чужое багацце нікому не на карысць» (Нацыянальная бібліятэка Польшчы). Упершыню ў Мінску ўрыўкі з оперы «Агатка, або Прыезд пана» прагучалі ў 1991 г. на 1-ым фестывалі «Адраджэнне беларускай капэлы», а прэм’ера оперы «Чужое багацце нікому не на карысць» адбылася ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь у 2009 г.