Геній, выключны музыкант, сапраўдны феномен – так называлі сучаснікі музыканта-самавучку з заходніх ускраін Расійскай Імперыі Міхаіла Іосіфавіча Гузікава. Нарадзіўся ён у Шклове ў сям’і, дзе ўсе ігралі на розных музычных інструментах. Выступалі на вяселлях, хрэсьбінах і іншых святах у навакольных вёсках. Рана далучыўся да музыкі і Міхаіл. У дзесяцігадовым узросце ён ужо дасканала валодаў ігрой на флейце, не ведаючы нот, па памяці выконваў мноства народных песень, танцаў, найгрышаў. Выступаў разам з бацькам і братамі, з якімі вандраваў як вулічны музыкант, быў гонарам сямейнай капэлы.
У маладым узросце М. І. Гузікаў цяжка захварэў на сухоты. Калі яму было каля 25 гадоў, з-за слабага здароўя пакінуў ігру на флейце і пачаў шукаць для сябе іншыя спосабы музычнага выражэння. Увагу музыканта прыцягнуў драўляны інструмент, які бацька прывёз з адной са сваіх вандровак. Па меркаванні даследчыкаў, у рукі да Міхаіла трапілі так званыя брусочкі (цымбалкі, або смалінкі) – інструмент, што складаўся з сасновых брусочкаў рознай даўжыні, пакладзеных паралельна на двух жмутках саломы. Ігралі на іх двума драўлянымі малаточкамі. Не ведаючы матэматыкі і законаў акустыкі, М. І. Гузікаў сур’ёзна ўдасканаліў інструмент: павялічыў колькасць брусочкаў, размясціў іх у спецыяльным парадку, замацаваў на трубках з плеценай саломы. Вынікі працы пераўзышлі ўсе спадзяванні музыканта. Новы інструмент дазваляў узнаўляць вялікую колькасць разнастайных гукаў і вызначаўся асабліва мяккім і прывабным тонам. Майстар назваў яго гармонікам з дрэва і саломы.
За тры гады М. І. Гузікаў дасягнуў значнага майстэрства ў ігры на сваім інструменце, змог выконваць нават складаныя музычныя творы і пачаў даваць сольныя канцэрты, на якіх выступаў у традыцыйным яўрэйскім адзенні ў суправаджэнні невялікага ансамбля, што складаўся, верагодна, з яго родных. Збіраўся гармонік хутка, прама на сцэне, на вачах у публікі. Музыкант зусім не ведаў нот, аднак яго выкананне было бездакорным. У рэпертуары М. І. Гузікава былі апрацоўкі рускіх, украінскіх, беларускіх, польскіх, яўрэйскіх народных песень, творы Н. Паганіні, К. Вебера, І. Гумеля, Дж. Расіні ва ўласнай транскрыпцыі. Творы самога музыканта не захаваліся. Спачатку даваў канцэрты на радзіме, потым у Маскве. У 1833 г. М. І. Гузікаў іграў на Кантрактавым кірмашы ў Кіеве, куды з’язджалася шмат артыстаў. Тут выступаў перад знакамітым польскім скрыпачом і дырыжорам К. Ліпінскім, які быў вельмі ўражаны яго выкананнем. Потым гастраляваў у Адэсе, Нікалаеве, Кракаве, Львове, Празе і амаль па ўсёй Заходняй Еўропе. З вялікім поспехам прайшлі канцэрты ў 1835 г. у Вене, дзе яго нават запрасілі іграць для аўстрыйскага імператарскага двара. Міхаіл Іосіфавіч Гузікаў зрабіўся сапраўдным кумірам венскай публікі. У Лейпцыгу яго слухаў славуты Ф. Мендэльсон, у Парыжы – Ф. Ліст. Кожнае выступленне музыканта мела сенсацыйны поспех.
У друку з’явілася шмат захопленых водгукаў на яго выступленні. Вядомы венскі музычны крытык З. Шлезінгер апублікаваў невялікую працу «Іосіф Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы» (1836), у якой нават параўноўваў выканаўца з Н. Паганіні. Творчая кар’ера М. І. Гузікава, на жаль, была вельмі кароткай. Апошні канцэрт ужо безнадзейна хворага музыканта адбыўся ў кастрычніку 1837 г. у германскім горадзе Ахене, дзе ён памёр на сцэне ў час выступлення.
Славуты музыкант, «шклоўскі Паганіні» М. І. Гузікаў – адзін з першых інструменталістаў Расійскай Імперыі, які здзівіў і захапіў музычную Еўропу. Удасканаліў саламяны гармонік і ўвёў у аркестравую практыку, стаўшы такім чынам стваральнікам класічнай мадэлі ксілафона, якая выкарыстоўвалася без змяненняў на працягу больш за 100 гадоў, а таксама адным з першых сольных выканаўцаў на ім. Дзякуючы М. І. Гузікаву ксілафон стаў паўнацэнным інструментам для выканання класічнай музыкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.