Краткая справка:
беларускі і расійскі этнограф, фалькларыст, краязнавец, лексікограф
Имена на других языках:
Добровольский Владимир Николаевич (русский);
4255 символов
Справка
Значнай падзеяй у этнаграфіі і фалькларыстыцы канца ХІХ – пачатку ХХ ст. сталі навуковыя працы і зборнікі, выдадзеныя даследчыкам Смаленшчыны Уладзімірам Мікалаевічам Дабравольскім. Асаблівая каштоўнасць іх заключаецца ў багатым матэрыяле для параўнальнага вывучэння культуры беларускага і рускага народаў.
Нарадзіўся У.М. Дабравольскі ў дваранскай сям’і ў в. Краснасвяцкае Прудкоўскай воласці Смаленскага павета Смаленскай губерні (цяпер Пачынкаўскі раён Смаленскай вобласці, Расія). У 1868–1876 гг. вучыўся ў Смаленскай класічнай гімназіі. Адукацыю працягнуў на філалагічным факультэце Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, потым перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пад уплывам прафесараў Ф.І. Буслаева, Ф.Я. Корша, У.Ф. Мілера зацікавіўся краязнаўчай работай: актыўна ўдзельнічаў у рабоце этнаграфічнага гуртка, для збірання народных песень ажыццявіў экспедыцыю ў Арлоўскую губерню.
Пасля заканчэння навучання ў 1880 г. У.М. Дабравольскі быў прызначаны выкладчыкам літаратуры, логікі і гісторыі Смаленскай Марыінскай жаночай гімназіі. У 1883 г. выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў родавым маёнтку Данькава ў Смаленскім павеце, дзе пачаў займацца этнаграфічнай дзейнасцю. Даследчык аб’ездзіў усю Смаленшчыну і памежныя тэрыторыі, па даручэнні Акадэміі навук запісваў лексічны матэрыял ў Цвярской, Калужскай і Арлоўскай губернях, збіраў звесткі для этнаграфічнай карты Расіі. Ён з’яўляўся членам-супрацоўнікам Рускага геаграфічнага таварыства (1886) і Імператарскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце (1896), сапраўдным членам Смаленскай вучонай архіўнай камісіі (1909). У 1902 г. У.М. Дабравольскі вярнуўся на дзяржаўную службу. Працу інспектара народных вучылішч Разанскай губерні, папячыцеля Маскоўскай і Смаленскай навучальных акруг ён працягваў сумяшчаць са збіральніцкай і грамадскай дзейнасцю. У 1918–1920 гг. чытаў лекцыі па гісторыі рускага тэатра і этнаграфіі ў Беларускім народным універсітэце (Масква), у Віцебскім інстытуце народнай асветы, Смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута.
У час сваіх шматлікіх паездак У.М. Дабравольскі з вялікай дакладнасцю, без літаратурнай апрацоўкі і выпраўленняў занатоўваў разнастайныя прыклады вуснай народнай творчасці і гукапераймання, звычаяў і абрадаў, вераванняў і прыкмет. Разам з кампазітарам М.Д. Бэрам запісаў больш за 500 песенных мелодый і тэкстаў да іх. Збіраў таксама прадметы матэрыяльнай культуры. Правёўшы карпатлівую работу па апрацоўцы і класіфікацыі назапашанага матэрыялу, даследчык прадставіў вынікі збіральніцкай дзейнасці ў «Смоленском этнографическом сборнике» (1891–1903). У чатырох тамах ён згрупаваў апавяданні сялян пра сваё жыццё і розныя здарэнні, паданні, легенды і казкі, апісанні абрадаў, абрадавыя і побытавыя песні, прыказкі і прымаўкі, гістарычныя і духоўныя вершы, матэрыялы па народнай медыцыне. Побыт, фальклор і мова аселых на Смаленшчыне цыганоў апісаны ў працы «Киселевские цыгане» (1908). У яе ўключаны некалькі дзясяткаў казак, песень, апавяданняў і інш. Дыялектныя асаблівасці насельніцтва заходніх губерняў Расійскай імперыі, якія даследчык запісваў у сваіх паездках па краі на працягу 30 гадоў, былі апублікаваны ў «Смоленском областном словаре» (1914). У выданне ўвайшлі 17 тыс. бытавых, сельскагаспадарчых, вытворчых, абрадавых і гарадскіх прастамоўных лексічных адзінак, уласных імён і інш. Азначэнні даваліся рускімі літаратурнымі адпаведнікамі, лінгвістычнае тлумачэнне часам суправаджалася этнаграфічным апісаннем паняцця ці тэкставымі прыкладамі. Слоўнік змяшчаў шмат лексем беларускай мовы, што ў далейшым выкарыстоўваліся беларускімі мовазнаўцамі пры стварэнні нацыянальнай навуковай тэрміналогіі і перакладных беларуска-рускіх слоўнікаў. Таксама ў розных выданнях У.М. Дабравольскі надрукаваў больш за 20 артыкулаў: «Звукоподражания в народном языке и народной поэзии» (1894), «Пословица и загадка» (1898), «Смерть, похороны и причитания» і «Материалы для истории народного театра» (1900), «Различия в верованиях и обычаях белорусов и великорусов Смоленской губернии» (1903), «Нечистая сила в народных верованиях» (1908), «Бобр в Смоленской земле по летописным, археологическим и современным данным» (1916) і інш.