Имена на других языках:
Dowgird Anioł (польский); Довгирд Аниол (русский);
2803 символа
Справка
Анёл Доўгірд нарадзіўся ў 1776 г. у маёнтку Юркаўшчына Мсціслаўскага ваяводства ў небагатай шляхецкай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. З 1786 г. вучыўся ў школах езуітаў у Мсціславе і піяраў у Дуброўне (Магілёўская губерня). У 1791 г. уступіў у ордэн піяраў і пачаў рыхтавацца да настаўніцкай дзейнасці ў калегіуме піяраў у Дубровіцы (Валынская губерня). У час вучобы вылучаўся выдатнымі здольнасцямі, асабліва захапляўся філасофіяй, логікай, фізікай, французскай і лацінскай мовамі. У 1793–1796 гг. наведваў лекцыі па матэматыцы, фізіцы і тэалогіі ў Галоўнай школе Вялікага княства Літоўскага (былая Віленская езуіцкая акадэмія). Пасля заканчэння вучобы выкладаў геаграфію, матэматыку, фізіку, французскую мову, паэтыку і рыторыку ў піярскіх навучальных установах у Лідзе, Віцебску, Шчучыне і інш.
У 1809 г. А. Доўгірд быў пераведзены ў Вільню. Тут ён выконваў абавязкі капелана Віленскай гімназіі, сакратара мясцовага аб’яднання піяраў, у далейшым служыў у Галоўнай духоўнай семінарыі пры Імператарскім Віленскім універсітэце. Адначасова займаўся глыбокім вывучэннем філасофіі. Асноўным аб’ектам яго крытыкі стала кантыніянства – модны філасофскі кірунак пачатку ХІХ ст. У гэты ж перыяд з’явіліся першыя публікацыі вучонага: рэцэнзія на кнігу Ф. Яронскага “Пра філасофію” (надрукавана ў “Віленскім дзённіку”) і твор “Філасофія Канта, або Непрадузятае даследаванне яго сістэмы” (1814, рукапіс не захаваўся).
У 1818–1832 гг. А. Доўгірд быў прафесарам Імператарскага Віленскага ўніверсітэта, чытаў курс лекцый па логіцы, псіхалогіі, тэарэтычнай і практычнай філасофіі. Яго лекцыі склалі аснову манаграфіі “Аб логіцы, метафізіцы і маральнай філасофіі” (1821). У 1822 г. вучоны быў абраны членам-карэспандэнтам Варшаўскай акадэміі навук. У 1826 г. атрымаў ступень доктара тэалогіі за дысертацыю “Аб цудзе”, у аснову якой леглі даследаванні евангельскіх сведчанняў пра цуды самога Ісуса Хрыста і тыя, што адбываліся з ім (засталася ненадрукаванай). Падрыхтаваў таксама тры тамы твораў па логіцы, але пры жыцці надрукаваў толькі першы том – “Выклад прыродных правіл мыслення, або Логіка тэарэтычная і практычная” (1828). На жаль, шмат твораў А. Доўгірда засталіся ў рукапісах. Сярод і – “Параўнанне псіхалогіі чалавека і жывёл”, “Кароткія развагі пра думку звяроў”, “Філасофія маральная” і інш.
Пасля закрыцця ўніверсітэта (1832) А. Доўгірд быў прызначыны віленскім канонікам, у 1834 г. стаў прафесарам Духоўнай багаслоўскай семінарыі. Чалавек высокай адукацыі, ён цікавіўся эстэтыкай і крытыкай, захапляўся паэзіяй і сам пісаў вершы. Сваю вялікую бібліятэку, у якой было некалькі соцень тамоў каштоўных кніг і мноства манускрыптаў, ён ахвяраваў Духоўнай акадэміі ў Вільні.