Сярод беларускіх даследчыкаў гістарычнага мінулага, якія навуковымі працамі праславілі свой народ, дастойнае месца займае Васіль Данілавіч Друшчыц – гісторык, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, грамадскі дзеяч, вучоны шматграннага таленту.
Ён нарадзіўся 8 лютага 1886 г. у в. Блудзень Пружанскага павета Гродзенскай губерні ў сялянскай сям'і (зараз гэта в. Першамайская Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Імкненне да кніг праявілася ў хлапчука ўжо з маленства: яго вабілі народныя паданні, легенды, апавяданні аб мужных людзях і аб гераічным мінулым.
Васіль Друшчыц скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча (1901), вучыўся ў Літоўскай духоўнай семінарыі (1901–1907). У перыяд 1907–1911 гг. быў студэнтам гістарычнага аддзялення Юр'ёўскага (цяпер Тартускага, Эстонія) універсітэта. Сярод выкладчыкаў юнага Друшчыца былі вядомыя вучоныя-гісторыкі – I. I. Лапо, А. М. Ясінскі (адзін з першых акадэмікаў Акадэміі навук Беларусі) і інш. Яшчэ ў студэнцкія гады малады Васіль пачаў цікавіцца становішчам сялян Беларусі ў XVI ст.
У 1911–1915 гг. Васіль Друшчыц працаваў выкладчыкам у Вільні і Шаўляі, Рэчыцы і Бабруйску. З 1922 г. – выкладчыкам, а з 1927 г. – прафесарам гісторыі Беларусі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Васіль Данілавіч быў цікавым лектарам, таленавітым педагогам, добрым выкладчыкам. Сярод тых, хто з захапленнем слухаў яго лекцыі, знаходзіліся будучыя вядомыя беларускія пісьменнікі і літаратуразнаўцы Кузьма Чорны і Андрэй Александровіч, Алесь Дудар і Адам Бабарэка, Язэп Пушча і Яўген Рамановіч і інш.
З 1924 г. В. Д. Друшчыц 'яўляецца правадзейным членам Інбелкульта, а з 1927 г. займае пасаду старшыні камісіі Інбелкульта па гісторыі гарадоў. Пасля 1933 г. навуковец працуе супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, потым прафесарам кафедры гісторыі народаў СССР Літаратурнага інстытута імя А. І. Герцэна ў Маскве. Аднак, лёс вучонага склаўся трагічна: у студзені 1937 г. ён быў арыштаваны, у снежні асуджаны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР да выключнай меры пакарання і расстраляны ў Мінску. 5 чэрвеня 1958 г. ваеннай калегіяй таго ж суда В. Д. Друшчыц быў рэабілітаваны.
Васіль Данілавіч пакінуў пасля сябе даволі багатую навуковую спадчыну. I хаця не ўсе яго даследаванні былі апублікаваны, уклад вучонага ў развіццё беларускай навукі і культуры вельмі значны. Гісторыя сялянства і гарадоў, кнігадрукавання і беларускай мовы, гістарыяграфія і гісторыя філасофіі – усё гэта стала предметам яго даследаванняў.
Да цяперашняга часу не страціў сваёй каштоўнасці артыкул В. Д. Друшчыца "Галоўныя моманты гісторыі беларускага народа", апублікаваны ў 1924 г. у зборніку "Беларусь". У ім значная ўвага ўдзяляецца асвятленню становішча беларускага сялянства ў XIV–XVII стст. Гэту тэму аўтар даследаваў адным з першых, прыйшоўшы да высновы, што на панскіх і шляхецкіх землях ужо ў сярэдзіне XV ст. значная частка сялянства фактычна была запрыгонена. Навуковец адным з першых назваў ВКЛ літоўска-беларускай дзяржавай, адзначыў, што Полацкая і Віцебская землі ўвайшлі ў яе склад добраахвотна і выказаў думку, што з пачатку ўтварэння ВКЛ мела беларускі характар. Даследчык абгрунтоўваў гэта тым, што беларускі элемент пераважаў у культурных адносінах – "беларуская мова з'яўлялася мовай дыпламатычных зносін, мовай пісьменства, заканадаўства і ўсяго культурнага жыцця".
В. Д. Друшчыц адным з першых пачаў распрацоўваць праблему класавай барацьбы сялянства. Ён адзначаў, што першае паўстанне супраць узмацнення прыгону пачалося ў 1595 г. на тэрыторыі Надпрыпяцця і Падняпроўя. Асабліва моцны паўстанцкі рух, падкрэсліваў вучоны, падняўся ў Беларусі ў сярэдзіне XVII ст.
Значнае месца ў спадчыне В. Д. Друшчыца займаюць даследаванні па гісторыі гарадоў у эпоху феадалізму, аб чым сведчаць яго артыкулы "Места Мінск у канцы XV і пачатку XVI ст.", "Места Вільня ў першай палове XVI ст." (1926), гістарыяграфічны агляд "Беларускія месты ў гістарычнай літаратуры" (1927) і інш.
У працах "Войты і іх улада ў беларускіх гаспадарскіх местах з магдэбургскім правам" (1928), "Магістрат у беларускіх местах з магдэбургскім правам у XV–XVII стст." (1929) вучоны прыйшоў да высновы, што магдэбургскае права, запазычанае ў Заходняй Еўропе, не давала гатовай формы для арганізацыі гарадской улады на Беларусі. Гэта права не проста пераймалася ў нямецкіх ці польскіх гарадах, а пэўным чынам выпрацоўвалася на месцы, пры актыўным удзеле гарадскога насельніцтва, якое імкнулася прыстасаваць запазычаныя формы права і арганізацыі ўлады да сваіх інтарэсаў.
Васіль Данілавіч вядомы як адзін з першых аўтараў артыкулаў, прысвечаных У. М. Ігнатоўскаму і К. Лышчынскаму ("Агляд навукова-літаратурнай дзейнасці У. М. Ігнатоўскага" (1925), "Казімір Лышчынскі – беларускі бязбожнік XVII веку (З гісторыі светапогляду XVII ст. на Беларусі)" (1927)).
Менавіта В. Д. Друшчыц быў аўтарам змястоўных рэцэнзій на кнігі вядомага гісторыка У. І. Пічэты "Гісторыя Беларусі", Ч. 1 (1924) і "Гісторыя сельскай гаспадаркі і землеўладання ў Беларусі" (1928). У 1925–1926 гг. ён удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання "Навуковага зборніка гісторыка-археалагічнай камісіі" і зборніка гістарычных дакументаў і матэрыялаў "Беларускі архіў". Васіль Данілавіч добра ведаў шэсць моў, але ў рэгістрацыйнай анкеце прафесара кафедры гісторыі БДУ ён сціпла адзначаў: "Чытаю на польскай, нямецкай і лацінскай мове".
Ёсць спрэчкі наконт напісання яго прозвішча – у даведачных выданнях часцей сустракаецца “Дружчыц”, аднак, дакументы асабістай справы прафесара, якія напісаны яго рукой, сведчаць аб тым, што сапраўднае прозвішча вучонага "Друшчыц".
Навуковая спадчына Васіля Данілавіча з’яўляецца значным укладам у развіццё навукі і культуры Беларусі. Яна адметная фундаментальнасцю, багаццем фактаў, дакладнасцю і тонкасцю ў тлумачэнні пытанняў гісторыі, уласнай ацэнцы гістарычных падзей.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.