Дата рождения:
07.02.1546 Ляхавічы, г., Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
пасля 1616 ці 1-я пал. 1619
Краткая справка:
грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст
Варианты имени:
Еўлашэўскі Фёдар Міхайлавіч
Имена на других языках:
Евлашовский Фёдор Михайлович (русский);
2714 символа
Справка
Заснавальнікам мемуарнага жанру ў беларускай літаратуры лічыцца Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі. Успаміны, напісаныя ім – найкаштоўнейшы помнік нацыянальнай пісьмовай культуры і выдатная гістарычная крыніца.
Нарадзіўся Ф.М. Еўлашоўскі ў сям’і дробнапамеснага праваслаўнага шляхціца ў мястэчку Ляхавічы Навагрудскага ваяводства (зараз горад у Брэсцкай вобласці). З пяці гадоў пачаў вучобу, засвоіў беларускую і польскую мовы, а затым ідыш. У час Лівонскай вайны 1558–1583 гг. удзельнічаў у бітве на рацэ Ула (1564), пасля якой пакінуў ваенную службу. Самастойна набыўшы веды па матэматыцы, справаводстве і юрыспрудэнцыі,
Ф.М. Еўлашоўскі зарэкамендаваў сябе старанным і здольным службоўцам і карыстаўся вялікай павагай у сучаснікаў. Яго запрашалі для выканання розных даручэнняў не толькі мясцовая шляхта, але і Жыгімонт ІІ Аўгуст, Стэфан Баторый, Жыгімонт ІІІ Ваза, М.К. Радзівіл-Сіротка, Я.Г. Хадкевіч і інш. Ён выступаў у ролі адваката ў судах і даверанай асобы ў розных інстанцыях, выбіраўся паслом ад Навагрудскага павета на сеймы ў Любліне (1569) і Варшаве (1579), удзельнічаў у працы камісіі па выпрацоўцы тэксту «Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага», займаў пасаду пінскага і сервецкага мастаўнічага (з 1577 г.), служыў падсудкам у Навагрудскім земскім судзе (1592–1613).
Аднак вядомасць Ф.М. Еўлашоўскаму прынеслі не яго службовыя абавязкі, а літаратурная творчасць. У 1603 г. ён пачаў пісаць успаміны, апошні запіс у якіх датуецца 1604 г. Да нашага часу гэтыя запісы дайшлі не ў поўным аб’ёме – усяго 55 старонак кірылічнага тэксту з падзеямі за перыяд з 1566 па студзень 1604 г. без загалоўка і пачатковых старонак. Мемуары носяць пераважна аўтабіяграфічны характар, факты ў іх прыведзены ў строга храналагічнай паслядоўнасці, што паслужыла падставай называць іх дзённікам. Акрамя звестак пра асабістае жыццё там утрымліваецца шмат інфармацыі аб мясцовых падзеях, змешчаны ўражанні аб розных грамадска-палітычных з’явах у краіне, пераказаны гісторыі, што давялося пачуць і інш. Каштоўнасць мемуарам надаюць не толькі занатаваныя факты і дакдадна апісаныя падзеі, а і суб’ектыўнае ўспрыманне і тлумачэнні іх аўтарам. Усё гэта робіць запісы Ф.М. Еўлашоўскага выдатнай крыніцай для вывучэння тагачаснага палітычнага і культурнага жыцця ВКЛ, побыту і светапогляду розных слаёў грамадства.
Упершыню мемуары Ф.М. Еўлашоўскага былі апублікаваны ў 1860 г. Ф. Любамірскім у перакладзе на польскую мову ў Варшаве. У 1886 і 1896 гг. надрукаваны (са значнымі папраўкамі) украінскім гісторыкам У.Б. Антановічам. Рукапіс успамінаў захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве, фотакопія – у Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Мінску.