Дата рождения:
19.10.1906 Дукора, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
12.11.1977
Краткая справка:
мовазнавец, заслужаны дзеяч навукі Беларусі
Имена на других языках:
Жидович Мария Андреевна (русский);
3344 символа
Справка
Буйным спецыялістам у галіне беларускай філалогіі была мовазнавец Марыя Андрэеўна Жыдовіч. Нарадзілася яна ў мястэчку Дукора Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага тэхнікума ў 1930 г. пачала працоўную дзейнасць у Бярозаўскай сярэдняй школе Хоцімскага раёна. У 1938 г. скончыла філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. У гады Вялікай Айчыннай вайны М. А. Жыдовіч апынулася ў Мардовіі, дзе закончыла аспірантуру Уральскага ўніверсітэта. Кандыдацкую дысертацыю абараніла ў 1944 г. У рабоце даследавала лексічныя, фанетычныя і марфалагічныя рысы помніка беларускага пісьменства XVI ст. – Супрасльскага летапісу. У 1943–1946 гг. была дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1946–1959 гг. працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Абараніла доктарскую дысертацыю на тэму «Именное склонение в белорусском языке : (имя существительное)» (1958). У 1959 г. вярнулася ва ўніверсітэт, стала прафесарам кафедры беларускай мовы (працавала ў ім да 1977 г.). У 1971 г. атрымала званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі.
Асноўнымі напрамкамі навуковай дзейнасці М. А. Жыдовіч з'яўляюцца гісторыя беларускай мовы і беларуская дыялекталогія. У манаграфіі «Назоўнік у беларускай мове» (ч. 1, 1969) аналіз матэрыялу аўтар робіць у параўнальным плане, выкарыстоўваючы для супастаўлення ўсходнеславянскія і іншыя славянскія мовы. Даследчыца высветліла, як сістэма скланення назоўнікаў у беларускай мове ад пяці тыпаў у старажытныя часы трансфармавалася ў працэсе гістарычнага развіцця ў сучасную. Наватарскім стаў навучальны дапаможнік для студэнтаў ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (1957). За выключна кароткі тэрмін аўтары стварылі працу, многія палажэнні якой прадвызначылі лёс і ход далейшых даследаванняў беларускай мовы. Мовазнавец з'яўляецца аўтарам раздзелаў «Уводзіны», «Фанетыка», «Назоўнік». Таксама прымала ўдзел у стварэнні падручніка «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: марфалогія» (1957), дзе распрацавала раздзелы «Часціны мовы» і «Назоўнік». Даследчыца з'яўляецца адным са складальнікаў «Бібліяграфічнага ўказальніка літаратуры па беларускаму мовазнаўству» (1960), куды ўвайшлі працы ад самых ранніх – з 1825 г. да апублікаваных у 1958 г. Пачаткам адпаведнай серыі стаў бібліяграфічны паказальнік «Беларускае мовазнаўства (1825–1965)» (1967). Вялікія заслугі М. А. Жыдовіч у падрыхтоўцы матэрыялаў да дыялекталагічнага атласа, правядзенні дыялекталагічных экспедыцый. У суаўтарстве была выдадзена «Праграма па вывучэнню беларускіх гаворак і збіранню звестак для складання дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1950). Па гэтай праграме на працягу многіх гадоў праводзіўся збор дыялектнага матэрыялу шляхам экспедыцый у розныя мясціны Беларусі. Яна адзін з аўтараў і рэдактар «Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (вып. 1–3, 1970–1977), а таксама адзін з укладальнікаў «Слоўніка гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі» (т. 1, 1990).
Шмат зрабіла для падрыхтоўкі навуковых кадраў. Многія з выхаванцаў абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, сталі дацэнтамі і прафесарамі і сёння працягваюць традыцыі настаўніка ў галіне беларускага мовазнаўства.