Дата рождения:
21.12.1796 Мясата, в., Маладзечанскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
19.07.1855
Краткая справка:
польскі паэт-рамантык, даследчык беларускага фальклору, геолаг, удзельнік вызваленчага руху на Беларусі і ў Літве
Имена на других языках:
Zan Tomasz (польский); Зан Томаш (русский); Зан Фома Карлович (русский);
4147 символов
Справка
Вядомы грамадскі дзеяч і паэт Тамаш Зан нарадзіўся ў в. Мясата Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці) у шляхецкай сям'і. Яго дзяцінства прайшло ў маёнтку Вязынь, дзе бацька служыў аканомам. Першапачатковую адукацыю Т. Зан атрымаў у парафіяльнай школе ў мястэчку Узда. У 1807 г. паступіў у Мінскую гімназію, з 1811 г. працягваў вучобу ў Маладзечанскім павятовым вучылішчы. У 1815 г. стаў студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта (адначасова займаўся на літаратурным факультэце). Тамаш Зан адразу ўключыўся ў патрыятычна-дэмакратычны рух і ў 1817 г. стаў адным з заснавальнікаў тайнага студэнцкага таварыства філаматаў. У яго ўваходзілі А. Міцкевіч, Ю. Яжоўскі, Ф. Малеўскі, А. Петрашкевіч, В. Палюшынскі, Б. Сухецкі і інш. Філаматы рыхтаваліся да нацыянальна-вызваленчай барацьбы, распрацавалі праграму, важным пунктам якой з'яўлялася патрабаванне нацыянальнай незалежнасці народаў і адмена прыгоннага права. Галоўнай мэтай свайго жыцця Т. Зан лічыў падрыхтоўку моладзі да барацьбы з царскім самаўладдзем. У 1820 г. ён заснаваў і ўзначаліў таварыства прамяністых (адгалінаванне філаматаў). Гэта легальная арганізацыя студэнтаў Віленскага ўніверсітэта аб'ядноўвала моладзь Беларусі, Літвы і Польшчы. Паводле статута (распрацаваны А. Петрашкевічам) мэтай прамяністых было далучэнне маладых людзей да навукі, роднай мовы, літаратуры, гісторыі і г. д. Прамяністыя збіралі бібліятэкі, дапамагалі больш слабым студэнтам у вучобе, бедным – уладкавацца на працу. Іх колькасць дасягала 200–300 чалавек. Дзейнасць таварыства выклікала незадавальненне сярод некаторых выкладчыкаў універсітэта, што прывяло да забароны згуртавання. У кастрычніку 1820 г. частка былых прамяністых (30–40 чалавек) увайшла ў таварыства філарэтаў, якое было створана ў складзе філаматаў. Яго прэзідэнтам стаў Т. Зан. У cтaтyцe фiлapэтaў cфapмyлявaны мэты таварыства: pacкpыццё caпpaўднaгa прызначэння нaвyкoвaй дзeйнacцi, бapaцьбa з адсталымі пoглядaмi ў poзныx колах гpaмaдcтвa, фapмipaвaннe шкoлы дyxoўнaгa выxaвaння мoлaдзi. У 1823 г. aфiцыйныя ўлaды забаранілі дзeйнacць фiлapэтaў, многія ягo члeны былі apыштaвaны, у тым ліку і Т. Зан. Яго сумленнасць, мужнасць і самаахвярнасць праявіліся ў час следства. Выратоўваючы сяброў, усю віну за стварэнне і дзейнасць згуртаванняў Т. Зан узяў на сябе. У 1824 г. ён быў высланы на Урал. Пакаранне адбываў у Арэнбургскай крэпасці, потым жыў там на пасяленні. У час ссылкі займаўся даследаваннем нетраў, вывучаў мясцовыя карысныя выкапні, стварыў мінералагічны музей у Арэнбургу. У 1837 г. Т. Зану дазволілі пераехаць у Санкт-Пецярбург. Працаваў бібліятэкарам у Горным універсітэце, а ў 1841 г. вярнуўся на радзіму, дзе набыў маёнтак Кахачын каля Оршы і пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю.
Тамаш Зан з'яўляецца адным з пачынальнікаў новага прагрэсіўнага літаратурнага напрамку – рэвалюцыйнага рамантызму. Пісаў на польскай мове, аднак яго элегіі, трыялеты і песні грунтаваліся на гісторыі беларускага народа. Найбольш плённы – ранні віленскі перыяд творчасці. У гэты час былі напісаны палымяныя рамантычныя вершы, у якіх праслаўляліся радзіма і сябры па барацьбе. Тамаш Зан быў у ліку тых першых польскамоўных паэтаў, хто звярнуў увагу на народную паэзію, вусна-паэтычную творчасць беларускага народа як на новую, прынцыпова важную крыніцу абнаўлення і ўзбагачэння літаратуры. Прыклад выкарыстання беларускага фальклору прыведзены ў камедыі «Грэцкія піражкі» (1817), якая насычана прыказкамі. Матывы і вобразы народнай творчасці беларусаў можна заўважыць і ў паэме «Табакерка» (1818). Носьбітам грамадска-патрыятычных поглядаў выступае там галоўны герой – стары шляхціц, змагар за незалежнасць Рэчы Паспалітай. Народныя легенды сталі асновай балад «Цыганка» і «Свіцязь-возера» (1820). Як усе філаматы і філарэты, Т. Зан добра ведаў і шанаваў беларускую мову, шырока выкарыстоўваў яе элементы ў сваёй творчасці. Ёсць усе падставы меркаваць (аб гэтым сведчаць запісы дзённіка «З выгнання», які паэт вёў у ссылцы), што ён сам з'яўляўся аўтарам вершаў на беларускай мове. На жаль, яны не дайшлі да нас, паколькі не былі надрукаваны.