Краткая справка:
кампазітар, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1997), кавалер ордэна Францыска Скарыны
Имена на других языках:
Зарицкий Эдуард Борисович (русский);
3413 символа
Справка
Творчасць Эдуарда Барысавіча Зарыцкага значна ўзбагаціла эстрадную музыку нашай краіны. Ён атрымаў шырокае прызнанне як кампазітар-песеннік.
Нарадзіўся будучы кампазітар у г. Красны Кут Саратаўскай вобласці (Расія). Вучыўся ў музычнай школе ў Мінску. У 1964 г. скончыў Мінскае музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі, у 1970 г. ‒ аддзяленне кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (клас А. Багатырова). У час вучобы пачаў складаць кантаты і араторыі. Пасля заканчэння кансерваторыі быў прызваны ў армію. У 1971 г. стаў членам Саюза кампазітараў БССР. У 1973‒1982 гг. Э. Зарыцкі загадваў музычнай часткай Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. У 1993 г. увайшоў у склад Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі.
Кампазітар працаваў пераважна ў галіне інструментальнай музыкі, масавай і эстраднай песні. Сярод твораў ‒ сімфонія (1970), канцэрты для габоя з аркестрам (1973) і валторны з аркестрам (1974), сюіта на тэмы беларускіх народных песень для аркестра народных інструментаў (1976), канцэрціна «Пастараль» для камернага аркестра (1977), капрычыа для фартэпіяна з аркестрам (1978), «Тэатральная сюіта» (1980) і інш. Эдуард Барысавіч ‒ аўтар музыкі да драматычных спектакляў «Чалавек, падобны на самога сябе» З. Папернага і «Экзамен на восень» І. Шамякіна (1973), «Крыштальнае сэрца» Л. Усцінава і «Дождж ліў як з вядра» А. Хмеліка і М. Шатрова (1974), «Дванаццатая ноч» У. Шэкспіра (1976), «Міколка-паравоз» паводле М. Лынькова (1977) і іншых (Тэатр юнага гледача). Зрабіў вялікую колькасць аранжыровак да пастаўленага ў гэтым тэатры мюзікла «Вестсайдская гісторыя». Напісаў музыку да спектакляў «Снежная каралева» Я. Шварца (1978), «Бераг» паводле Ю. Бондарава (1980), «Тры Іваны ‒ тры браты» А. Вольскага (1986) (Беларускі тэатр імя Я. Купалы); «Трыбунал» А. Макаёнка (1971) (Маскоўскі абласны драматычны тэатр). Талент Э. Зарыцкага як музыканта-драматурга праявіўся ў мюзікле «Белыя росы» (2004). Кампазітар пісаў таксама музыку для кіно і мультфільмаў.
Найбольш значных творчых поспехаў Э. Зарыцкі дасягнуў у песенным жанры. У музычную культуру нашай краіны ўвайшлі песні «Я вернусь», «Листок календаря», «Прощальная гастроль», «Начныя кастры», «Не хадзі, казача», «Твае вочы – азёры» і інш. Галоўнымі тэмамі песеннай творчасці кампазітара з’яўляюцца патрыятызм, армейская служба, мужнасць простага чалавека («Солдатские тропы», «Партызанская бяроза», «Набат тишины», «Наша армія», «Так пришла к нам Победа», «Нам ніколі не трэба вайны» і інш.). Лірычны настрой адчуваецца ў песнях «Трэлі салаўя», «Любімы мой», «Трапяткое пачуццё», «Паверце, дзеванькі», «Кахання віна», «Бацькоўскую хату любіце», «Неделимая любовь», «Черные ресницы» і інш. Сярод аўтараў тэкстаў яго песень – Л. Дранько-Майсюк, А. Русак, М. Ясень, У. Карызна і інш. З 1990 г. кампазітар супрацоўнічаў з калектывам Дзяржаўнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам М. Фінберга. Стварыў песні на вершы Я. Лучыны, Ф. Багушэвіча, У. Сыракомлі, П. Багрыма, песні для дзяцей, вакальныя цыклы на вершы А. Міцкевіча, Я. Коласа, У. Караткевіча і інш.
У 1994 г. Эдуард Барысавіч удастоены звання заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, у 1999 г. ‒ народнага артыста Рэспублікі Беларусь. Ён узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2006), юбілейным медалём «100 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі». У 1997 г. Э. Зарыцкаму прысуджана прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.