Дата рождения: 01.01.1945 Мір, г. п., Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка: пісьменніца, перакладчыца, грамадская дзяячка, узнагароджана ордэнам "Знак Пашаны"
Имена на других языках: Ипатова Ольга Михайловна (русский);
Таленавітая пісьменніца, шчыра ўлюблёная ў Беларусь, яе гісторыю і нацыянальныя традыцыі, родную мову, у прозе і паэзіі мае свой выразны мастацкі стыль, рознабаковы і шматгранны творчы дыяпазон.
Нарадзілася будучая пісьменніца ў г. п. Мір Гродзенскай вобласці ў сям'і служачых. З ранняга дзяцінства давялося ёй спазнаць асабістую трагедыю – у чатырохгадовым узросце яна страціла маці. Дзяўчынка, якая засталася без матчынай ласкі, зведала холад і абыякавасць мачыхі і няўвагу бацькі, якому, пэўна, не ставала часу, каб абараніць дачку. Адтаяла душой яна толькі ў бабулі, якая прытуліла яе на некаторы час у сваёй хаце і здолела далучыць унучку да сялянскага жыцця і народных беларускіх звычаяў.
Сілу і хараство беларускай зямлі В. Іпатава спазнавала не толькі дома і ў бабулінай вёсцы, але і ў іншых гістарычных мясцінах Беларусі – Навагрудку, куды сям'я пераехала пасля вайны, і ў Гродне, дзе дзяўчынка была ўладкавана ў дзіцячы дом. Старажытныя вуліцы, велічныя замкі з іх нязведанай даўніной і незвычайнай таямнічасцю абудзілі фантазію будучай пісьменніцы, нарадзілі жаданне даведацца пра людзей і падзеі, якія адбываліся ў мінулым і стваралі гісторыю роднага краю.
В. Іпатава вучылася на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1975–1978 гг. займалася ў аспірантуры Літаратурнага інстытута імя А.М. Горкага. Працоўны шлях пісьменніцы вельмі насычаны і багаты: яна працавала таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі, рэдактарам абласной студыі тэлебачання (1968–1970), пасля пераезду ў Мінск – літаратурным супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1970–1973), затым літкансультантам газеты «Чырвоная змена». Акрамя таго, былі пасады галоўнага рэдактара літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання, намесніка галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына», рэдактара газеты «Культура».
Нягледзячы на тое, што В. Быкаў назваў Вольгу Іпатаву прыроджаным празаікам, пачынала яна не з прозы, а з вершаў, якія пісала яшчэ ў школьныя гады. Маладая паэтэса друкавалася ў часопісах «Маладняк», «Бярозка», «Беларусь», «Полымя», «Работніца і сялянка», газетах «Літаратура і мастацтва», «Во славу Родины» і інш. Яна выдала зборнікі паэзіі «Раніца» (1969), «Ліпеньскія навальніцы» (1973), «Снягурка» (вершы для дзяцей, 1974), «Парасткі» (1976) і інш.
Драматычныя абставіны жыццёвага лёсу не маглі не адбіцца на творчасці Вольгі Міхайлаўны: шмат вершаў прысвяціла паэтэса свайму пазбаўленаму мацярынскай цеплыні дзяцінству, дзетдомаўскім сябрам («Слова пра маці», «Бацька», «Мачыха», «Маім аднагодкам»). В. Іпатава ў сваіх вершах звярталася да гісторыі Бацькаўшчыны, лёсаў знакамітых беларускіх паэтаў («Магіла Багдановіча», «Адам Міцкевіч у Туганавічах»), постацей беларускай мінуўшчыны («Рагнеда», «Усяслаў»).
З 1970-х гг., калі пісьменніцкаму таленту ўжо не хапала вершаваных радкоў для ўвасаблення падзей далёкай і блізкай гісторыі, В. Іпатава ўсё часцей стала спрабаваць свае сілы ў празаічных жанрах. Акрамя публіцыстычных артыкулаў, дарожных нататкаў і інтэрв'ю ў друку з'явіліся кароткія апавяданні, а пазней выйшлі празаічныя зборнікі «Вецер над стромай» (1977), «Дваццаць хвілін з Немезідай» (1981), «Перакат» (1984), «Агонь у жылах крэменю» (1989), «За морам Хвалынскім» (1989), трылогія «Альгердава дзіда» (2002). Творы Вольгі Міхайлаўны вызначаюцца ўвагай да маральна-этычных праблем, уменнем ствараць змястоўныя, псіхалагічна насычаныя чалавечыя характары, драматычныя моманты, напружаныя сюжэтныя лініі.
Працягвала пісьменніца распрацоўваць і гістарычную тэматыку: звярталася ў сваіх апавяданнях і аповесцях да помнікаў старажытнай архітэктуры, якія з'яўляюцца носьбітамі гістарычнай памяці, уключала ў творы старажытныя легенды і паданні, насычала іх шматлікімі падрабязнасцямі побыту, пейзажу, адзення герояў (апавяданні «Расанка», «Святаслава», аповесці «Прадыслава», «Залатая жрыца Ашвінаў», «Вяшчун Гедзіміна» і інш.). Гісторыя Беларусі знайшла адлюстраванне і ў спектаклі “Давыд Гарадзенскі”, пастаўленым на тэлебачанні паводле сцэнарыя В. Іпатавай, і ў оперы А. Бандарэнкі «Князь Наваградскі», лібрэта да якой напісала пісьменніца.
Увага В. Іпатавай да дэталі, гістарычнай рэаліі як у вершах, так і ў прозе тлумачыцца думкай пісьменніцы аб тым, што смела глядзець у будучыню, адчуваць сябе незалежным і моцным можа толькі той, хто добра ведае гісторыю сваёй Радзімы, бо менавіта старажытныя традыцыі і народная памяць з'яўляюцца падмуркам, на якім грунтуецца сучаснасць і ствараецца будучыня.
У 1995 г. В. Іпатава была абрана Ганаровым акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, якая аб’ядноўвае вучоных i грамадскіх дзеячаў больш чым з 30 краін свету. Яе імя было ўключана ў IX выданне даведніка «Хто ёсць хто сярод прафесіяналаў i дзелавых жанчын y свеце». У 1998 г. пісьменніца была абрана намеснікам, а пазней старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яна сустракалася з чытачамі, вандравала па розных краінах свету, выступала на шматлікіх міжнародных навуковых канферэнцыях, чытала лекцыі па беларускай міфалогіі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце i Беларускім універсітэце культуры. Творы пісьменніцы перакладзены на многія мовы свету.
Аднак па-ранейшаму асноўным у яе жыцці застаецца творчасць. Вольгу Іпатаву, якая жыве клопатам пра культуру беларускага народа і развіццё яго духоўнага патэнцыялу, не толькі прыхільна сустракаюць чытачы, але і высока ацэньваюць крытыкі і калегі па пісьменніцкай працы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.