Дата рождения:
май 1896 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата смерти:
21 ці 23.04.1923
Краткая справка:
філосаф, паэт, публіцыст, аўтар канцэпцыі беларускага нацыянальнага светапогляду, у якой абгрунтаваў неабходнасць спалучэння лепшых бакоў усходніх і заходніх тыпаў жыцця і культуры, дасягнення дзяржаўнай незалежнасці Беларусі
Имена на других языках:
Канчевский Игнат Владимирович (русский); Кончевский Игнат Владимирович (русский);
3636 символов
Справка
У палітычнай і прававой думцы Беларусі пачатку ХХ ст. асобае месца належыць Ігнату Уладзіміравічу Канчэўскаму (літаратурны псеўданім Ігнат Абдзіраловіч). Свае філасофскія ідэі і погляды ён выкладаў у форме эсэ, вершаў, літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, у якіх адлюстроўваў важную і актуальную праблему – пошук Беларуссю ўласнага шляху развіцця пры захаванні самабытнасці, адметнасці і ідэнтычнасці.
Нарадзіўся І. Канчэўскі ў Вільні ў сям’і сакратара акруговага вайсковага суда (пазней бацька прыняў сан праваслаўнага святара). У 1913 г. скончыў Віленскае рэальнае вучылішча і паступіў у Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. Праз год перавёўся ў Маскоўскі ўніверсітэт (спачатку на прыродазнаўчы, а потым на гісторыка-філалагічны факультэт). Летам 1916 г. І. Канчэўскага прызвалі ў армію. Ён скончыў школу прапаршчыкаў і быў адпраўлены на Румынскі фронт. Пасля дэмабілізацыі восенню 1917 г. паступіў на Вышэйшыя кааператыўныя курсы пры народным універсітэце імя А.Л. Шаняўскага ў Маскве. Некаторы час працаваў у Сычоўцы (недалёка ад Смаленска) інструктарам ад Цэнтральнага саюза льнаводаў у мясцовым таварыстве кааператараў. У 1919 г. пераехаў у Мінск. Атрымаў пасаду інструктара пры Савеце народнай гаспадаркі, займаўся культурна-асветніцкай дзейнасцю. У перыяд існавання Літоўска-Беларускай ССР І. Канчэўскі працаваў у віленскім Саюзе беларускіх кааператараў. Ён чытаў таксама лекцыі на мінскіх і віленскіх настаўніцкіх курсах, у Мінскім беларускім настаўніцкім інстытуце, вёў геаграфічны гурток у Віленскай беларускай гімназіі. З лістапада 1919 г. ён кіраўнік інструктарскага аддзела Цэнтральнага саюза спажывецкіх таварыстваў Беларусі. Адначасова быў членам Беларускага навуковага таварыства ў Вільні, супрацоўнічаў з віленскай газетай «Новае жыццё», друкаваў (пад псеўданімамі Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка) артыкулы, вершы, літаратурныя рэцэнзіі ў газетах «Наш сцяг», «Наша думка», «Беларускія ведамасці», «Наша будучыня» і інш.
У 1921 г. у Вільні быў выдадзены асноўны твор І. Канчэўскага – кніга нарысаў «Адвечным шляхам». У ёй аўтар спрабаваў асэнсаваць філасофію і стратэгію беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. На яго думку, вышэйшай формай свабоды з’яўляецца свабода духоўная, права на стварэнне духоўных каштоўнасцей – грамадскіх і навуковых ідэй, мастацкіх твораў. У нарысах шмат яркіх вобразаў, некаторыя старонкі напісаны рытмічнай мовай, што нагадвае вершы ў прозе. Вядомы беларускі вучоны У. Конан лічыць, что гэта кніга належыць да лепшых твораў усходнеславянскай філасофскай школы, якая сфарміравалася ў ХІХ ст. Яна зрабіла моцны ўплыў на грамадскую і літаратурную думку Заходняй Беларусі. Ідэі І. Канчэўскага знайшлі адгалосак у аповесці М. Гарэцкага «Дзве душы», а таксама ў вершах Л. Родзевіча, У. Жылкі, І. Дварчаніна, К. Сваяка. Публіцыстыка І. Канчэўскага спрыяла гуманізацыі вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі 1920-х гг., узмацненню агульначалавечага пачатку ў патрыятычнай лірыцы. Філасофскай пранікнёнасцю ў сутнасць народнага жыцця, у глыбіню душы чалавека адзначана таксама і паэтычная творчасць І. Канчэўскага. Развіваючы традыцыі Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, М. Багдановіча, ён аб’яднаў у паэзіі эстэтыку і прыгажосць беларускага слова з нацыянальным светабачаннем. Вершы «Па святой зямлі...», «Вераснёвае пано», «Так прыгожы старыя званіцы...», «Мы разам...» (верш у прозе) і іншыя прасякнуты любоўю да чалавека, верай у росквіт Радзімы. З рукапісаў І. Канчэўскага захаваўся зборнік «Паэзія», які знаходзіцца ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Некаторыя з вершаў апублікаваны ў анталогіях беларускай паэзіі за 1993 і 2003 гг.