Імя Міхаіла Сяргеевіча Кацара ў навуковым асяроддзі стала добра вядомым у першыя пасляваенныя гады. У тыя гады мала хто даследаваў і пісаў пра беларускае мастацтва, а творчая працаздольнасць і навуковы пошук прыметна вылучалі сярод калег доктара мастацтвазнаўства, прафесара М. С. Кацара. Сярод яго навуковых прац – «Белорусская советская скульптура» (Мінск, 1954); «Белорусская архитектура» (Мінск, 1956); «Скульптура Савецкай Беларусі» (Мінск, 1957); «Нарысы па гісторыі выяўленчага мастацтва Савецкай Беларусі» (Мінск, 1960) і інш.
Нарадзіўся М. С. Кацар у в. Клімавічы Сенненскага павета Магілёўскай губерні (зараз Сенненскі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Спачатку вучыўся ў земскай школе, потым – у партыйнай, служыў у Чырвонай Арміі. У 1939 г. скончыў Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, паступіў у аспірантуру пры Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, працаваў у славутай Траццякоўцы. Вайна перапыніла вучобу і працу. У баі пад Масквой у 1941 г. М. С. Кацар быў цяжка паранены. Лячыўся ў шпіталі, потым зноў ваяваў, а пасля вайны працягваў вучобу ў аспірантуры Маскоўскага ўніверсітэта на кафедры рускага мастацтва. Напісаў кандыдацкую дысертацыю «Белорусская архитектура ХІ–ХVI вв.», доктарскую таксама абараніў па беларускім дойлідстве: «Архитектура белорусских городов XVII–XVIII вв.» (1951). Яго кіраўніком быў знакаміты І. Грабар, які падтрымліваў імкненне свайго вучня даследаваць беларускае мастацтва. У час вучобы ў Маскоўскім інстытуце гісторыі, філасофіі і літаратуры ён слухаў лекцыі не толькі І. Грабара, але і А. Някрасава, А. Сідарава, В. Лазарава, А. Шчусева і іншых.
Адразу пасля вызвалення Мінска ад фашысцкіх акупантаў М. С. Кацар пераехаў у сталіцу Беларусі. Працаваў у аддзеле культуры ЦК КПБ, а з 1946 г. надоўга звязаў свой лёс з Акадэміяй навук БССР: да 1950 г. працаваў у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва (з 1947 г. кіраваў сектарам выяўленчага мастацтва), з 1950 г. – у Інстытуце літаратуры і мастацтва, у 1957–1973 гг. – у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957–1964 гг., у 1969–1970 гг. загадваў сектарамі выяўленчага мастацтва і збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі). Адначасова ў 1953–1956 гг. працаваў загадчыкам кафедры выяўленчага мастацтва Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.
У першыя пасляваенныя гады М. С. Кацар шмат зрабіў як член камісіі па ўліку разбурэнняў, нанесеных фашыстамі помнікам беларускага дойлідства. Было абследавана каля 250 помнікаў Мінска, Віцебска, Магілёва, Пінска, Гродна, Брэста і іншых гарадоў. Кіруючы сектарам выяўленчага мастацтва, М.С. Кацар актыўна працаваў над кнігамі, артыкуламі. Шырокім быў дыяпазон інтарэсаў вучонага: ён даследаваў дойлідства, жывапіс, графіку, скульптуру, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Кожная яго кніга мела свае вартасці, адметнасці. Але, па меркаванні спецыялістаў, самая значная, найбольш глыбокая – «Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода» (1969). Гэта настольная кніга кожнага беларускага мастацтвазнаўца, у ёй даследчык сабраў разнастайны матэрыял па мастацтве, даў яго класіфікацыю, перыядызацыю развіцця яго відаў.
У 1972 г. М. С. Кацар падрыхтаваў да друку вучэбны дапаможнік для тэатральна-мастацкіх устаноў «Народно-прикладное искусство Белоруссии: (от первобытного общества до 1917 г.)», дзе ўпершыню прааналізаваны асноўныя этапы і тэндэнцыі развіцця беларускага народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выяўлены яго мастацка-стылістычныя асаблівасці. Цікава і змястоўна аўтар расказаў пра слуцкія паясы і карэліцкія габелены, урэцка-налібоцкае шкло, дэкаратыўную кераміку і разьбу па дрэве. Па словах даследчыкаў творчасці прафесара М. С. Кацара А. Лявонавай і В. Шматава, кніга падобна на гімн таленавітасці і майстэрству беларускага народа, рукамі якога створаны сапраўдныя шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія і сёння ўражваюць сучаснікаў дасканаласцю форм і дэкору, тонкім густам, майстэрствам выканання.
Спецыялісты ў галіне гісторыі мастацтва сцвярджаюць, што да М. С. Кацара аналагічных шырокамаштабных даследаванняў пра беларускае мастацтва не было. Вывучаліся толькі асобныя віды (часцей за ўсё дойлідства). Вучоны першым даў цэласную карціну эвалюцыі беларускага жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – ад старажытных часоў да канца ХІХ ст. Кнігі прафесара (якія, дарэчы, адразу разышліся ў кнігарнях) развеялі міф пра адсутнасць або беднасць беларускага мастацтва. Яны сцвердзілі яго веліч, хараство, нацыянальную адметнасць.
М. С. Кацар – аўтар асобных артыкулаў для «Гісторыі мастацтва народаў СССР». У 1996 г. у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя» пабачыла свет апошняя кніга даследчыка «Беларускі арнамент: ткацтва, вышыўка» (2-е выд., 2009).
Як сапраўдны вучоны, М. С. Кацар клапаціўся пра падрыхтоўку паслядоўнікаў і вучняў, якія маглі б працягваць пачатую ім справу. Сярод іх – доктар мастацтвазнаўства Л. М. Дробаў, кандыдаты мастацтвазнаўства П. В. Масленікаў, В. В. Церашчатава, А. В. Кавалёў і іншыя.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.