Дата рождения:
11.02.1935 Перарост, в., Добрушскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
22.06.2004
Краткая справка:
пісьменнік, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1991), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (2000)
Варианты имени:
Кусянкоў Мікалай Сяргеевіч
Имена на других языках:
Кусенков Микола (русский); Кусенков Николай Сергеевич (русский);
2328 символов
Справка
Мікалай Сяргеевіч Кусянкоў нарадзіўся на Добрушчыне ў вёсцы Перарост у сям’і настаўнікаў. З шасці месяцаў ён выхоўваўся ў дзеда ў вёсцы Кругавец – Калініна, якую і лічыў сваёй малой радзімай. Пісьменнік многае паспрабаваў у жыцці: гаркавы прысмак першых дзіцячых слёз, часы ваеннай і пасляваеннай бясхлебіцы, неўтаймаваныя росшукі юнацкай будучыні.
У 1950 г. ён скончыў сямігодку і паступіў у Буда-Кашалёўскі лясны тэхнікум. Пасля заканчэння тэхнікума працаваў у лясгасах Калінінградскай вобласці, выпрабоўваў сябе і на абсягах сібірскай тайгі. У пачатку сямідзесятых літаратурны дар прывёў будучага пісьменніка на вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскву. Менавіта з гэтага часу і пачалося яго актыўнае літаратурнае жыццё. Пад час працы ў газеце “Гомельская праўда”, на кінастудыі “Беларусьфільм”, у часопісе “Полымя”, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, у рэдакцыі гісторыка-дакументальных хронік “Памяць” Мікола Кусянкоў адначасова павялічваў і свой уласны літаратурны набытак. Былі надрукаваныя зборнікі яго вершаў “Жывіца”, “Без прывалу”, “Дуброва” (Літаратурная прэмія імя А. Куляшова, 1991). Класічна-традыцыйны стыль паэтычнага пісьма найлепшым чынам спрыяў з’яўленню прозы пісьменніка. Ад першай аповесці, надрукаванай у 1977 г., да дасканала завершанай дылогіі (два раманы якой “Явар з калінай” і “Арляк і зязюля” адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа ў 2000 г.) мінулі тры дзесяцігоддзі цяжкай пісьменніцкай працы. Дылогія ўражвала чытача мастацкай выразнасцю і адпавядала патрабаванням сур’ёзнай крытыкі. У канцы 2002 г. у часопісе “Полымя” быў надрукаваны раман Міколы Кусянкова “Хмель каля вольхі”, які завяршыў трылогію. Менавіта ў жанры прозы пісьменнік праявіў сябе сапраўдным мастаком слова, яркай творчай асобай. Ён знайшоў новыя, нестандартныя падыходы да паказу складаных грамадскіх з’яў, выявіў тонкі псіхалагізм, глыбокае веданне штодзённага побыту горада і вёскі. Разам з тым, не абыходзячы вострых вуглоў сучаснага няпростага жыцця, засяроджваў увагу чытача на спрадвечных каштоўнасцях чалавека: любові, дабрыні, высакароднасці.
Мікола Кусянкоў карпатліва працаваў за сваім пісьмовым сталом. У яго было шмат задум, творчых планаў, аднак заўчасная смерць не дазволіла іх рэалізаваць: 22 чэрвеня 2004 г. пісьменніка не стала.