Дата рождения:
08.01.1936 Дамашы, в., Маладзечанскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
15.01.1994
Краткая справка:
вучоны-гісторык, археолаг, краязнавец, фалькларыст, літаратуразнавец, аўтар шэрага літаратурна-краязнаўчых нарысаў, кніг па гісторыі гарадоў Беларусі
Псевдонимы:
Верасень; Габрук; Гак Г.; Дамашовец Г.; Канстанцінаў Г.
Имена на других языках:
Кохановский Геннадий Александрович (русский);
2805 символов
Справка
Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1945 г. стаў вучнем Насілаўскай сямігодкі, потым вучыўся ў Лебедзеўскай сярэдняй школе, пасля заканчэння якой спрабаваў паступіць у Рыжскае рачное вучылішча, але не прайшоў па конкурсе і ў 1955 г. быў прызваны ў армію. Служыў у войсках сувязі, спачатку на Гомельшчыне, затым у пасёлку Стуніцы Маскоўскай вобласці. Пасля арміі Г. Каханоўскі паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута. У перыяд навучання шмат працаваў у маскоўскіх архівах і музеях з мэтай знайсці як мага больш матэрыялу на карысць роднай Бацькаўшчы. Менавіта ў Маскве ён адчуў сябе беларусам. Беларусам не па пашпарце, не па паходжанні, а па думках і справах. З лёгкай рукі Г. Каханоўскага ў Маскве ўзнік беларускі студэнцкі гурток. У ім чыталі даклады па гісторыі і культуры Беларусі, арганізоўвалі вандроўкі па мясцінах, звязаных з жыццём выдатных людзей, наладжвалі кантакты з дзеячамі беларускай культуры.
Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, Генадзь Аляксандравіч выкладаў гісторыю ў Ленкаўскай васьмігадовай школе. З 1964 г. пачаў працаваць у Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне, дзе прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да дырэктара. Дзякуючы яму фонды музея ўзбагаціліся шматлікімі экспанатамі, сярод якіх ёсць выключна рэдкія: 15 старадрукаваных кніг, а таксама "Уніяцкі служэбнік" 1740 г. выдання, "Вопіс на карысць Хоўхлаўскай царквы", зроблены на старабеларускай мове князем Станіславам Кішкам у 1607 г., "Тлумачэнні да твораў Цыцэрона", выдадзеныя ў 1762 г. Нясвіжскай друкарняй Радзівілаў і інш.
У 1979 г. Г. Каханоўскі абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме "Станаўленне археалогіі і гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху феадалізму", а праз тры гады быў запрошаны на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. З 1991 па 1994 г. працаваў у Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Ф. Скарыны, дзе займаўся пытаннямі краязнаўства, музеязнаўства і бібліятэказнаўства. У 1992 г. абараніў доктарскую дысертацыю.
Навуковая спадчына Г.А. Каханоўскага – гэта шматлікія публікацыі ў перыядычным друку, артыкулы ў энцыклапедычных выданнях і каля двух дзесяткаў кніг. Ён аўтар літаратурна-краязнаўчых нарысаў пра Я. Купалу, М. Багдановіча, А. Гурыновіча, Ф. Тапчэўскага, М. Чароту, гісторыка-эканамічных нарысаў "Маладзечна", "Вілейка" і інш. Вучоны даследаваў развіццё гісторыка-літаратурнага працэсу XIX – пачатку ХХ ст., асобныя перыяды жыцця і дзейнасці вядомых беларускіх пісьменнікаў, уводзіў у навуковы ўжытак імёны малавядомых літаратараў. Многія з гэтых даследаванняў увайшлі ў кнігу гісторыка-літаратурных нарысаў "Адчыніся, таямніца часу" (1984). У 1986 г. ён быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР.