Имена на других языках:
Караффа-Корбут Элеги Франтишек Маврикиевич (русский); Караффа-Корбут Элиги Франтишек Маврикиевич (русский);
3029 символов
Справка
У XIX ст. на літаратурнай ніве працаваў таленавіты паэт, вядомы сёння толькі адным беларускім вершам “К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка”, які лічыцца адным з лепшых узораў беларускай грамадскай лірыкі. Гэта Ялегі Пранціш Вуль, сапраўднае імя якога – Карафа-Корбут Элігій Францішак Маўрыкіевіч. Верш лёгкі, надзвычай гарманічны, прасякнуты гістарычным аптымізмам, пачуццём удзячнасці да дэмакратычнай творчасці і асветніцкай дзейнасці Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, у знакаміты альбом якога і быў упісаны гэты твор. Верш адметны дасканаласцю формы, паэтычнай сімволікай, натуральнасцю і чысцінёй мовы.
Нарадзіўся будучы паэт у сям’і дробнага чыноўніка са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду. Бацька яго, Маўрыкій Фаміч, атрымаў добрую адукацыю (скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію), але ўсё жыццё вымушаны быў перабівацца не на самых важных пасадах у розных віцебскіх установах. У той жа час яго цанілі ў колах мясцовай інтэлігенцыі, ён не цураўся літаратуры і пакінуў невялікую паэтычную спадчыну.
З 1846 г. Элігі Францішак вучыўся ў Віцебскай гімназіі. Падчас вучобы нязменна дэманстраваў выдатныя літаратурныя здольнасці: яго сачыненні на вольныя тэмы “Успамінаючы дзяцінства і юнацтва” (1851), “Віцебск” (1852), “Хрысціны ў беларускіх сялян” (1853) і іншыя нязменна атрымлівалі адзнакі “выдатна”. Рознабакова адораны юнак, аднак, скончыць вучобу не здолеў з-за праблем са здароўем і кепскага матэрыяльнага становішча сям’і.
У 1856 г. Э.-Ф. Карафа-Корбут паступіў на службу у губернскую палату дзяржаўных маёмасцей. Праслужыўшы ў палаце шэсць гадоў на пасадзе пісца, у ліпені 1862 г. звольніўся і з таго часу перабіваўся выпадковымі заробкамі, рэпетытарствам. Аднак гэты сціплы пісец палаты дзяржаўных маёмасцей, а потым і проста чалавек без пэўнага грамадскага статуса займаў віднае месца на віцебскім Парнасе і актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці горада. Паэт уваходзіў у гурток А. Вярыгі-Дарэўскага і ў 1859 г. упісаў у яго альбом названы вышэй верш “К дудару Арцёму…”. Яго пяру належыць і яшчэ адзін верш, прадыктаваны сур’ёзнымі духоўна-маральнымі шуканнямі і напісаны па-польску – “Няновая думка”, які таксама вылучаецца высокім майстэрствам. Выступаў Э.-Ф. Карафа-Корбут і як журналіст. У “Штодзённай газеце” за 1860 г. быў надрукаваны яго артыкул аб падзеях і жыцці Віцебска. На сённяшні дзень – гэта трэці вядомы твор пісьменніка.
Падчас паўстання 1863–1864 гг. сям’я Карафа-Корбутаў прыняла актыўны ўдзел у “мяцяжы” ў Віцебску, за што па прысуду ваеннага суда Элігі Францішак і яго брат-гімназіст былі сасланы ў Сібір на пасяленне, а бацька атрымаў 8 гадоў катаргі.
Пасля вяртання са ссылкі паэт жыў у Варшаве, дзе разам з В. Каратынскім і А. Плугам стварыў беларускі гурток. Творы яго пры жыцці не друкаваліся. Як паведамляў М. Гарэцкі, апрача верша “К дудару Арцёму…”, які ўпершыню быў надрукаваны ў “Нашай ніве” толькі ў 1912 г., у Ялегі Вуля былі і іншыя беларускія творы, але яны, на жаль, не дайшлі да нас.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1995 г., актуалізаваны ў 2011 г.