Нарадзілася ў Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург). У 1954 г. скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (цяпер Акадэмія рускага балета імя А.Я. Ваганавай). Яе настаўнікамі былі Н.А. Камкова (класіка), І.Д. Бельскі (характарны танец), Фенстэр (майстэрства акцёра).
Аляўціна Карзянкова з 1954 г. з'яўлялася салісткай Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі. У 1977–1991 гг. працавала педагогам Беларускага харэаграфічнага вучылішча. Адначасова ў 1982–1983 гг. і з 1998 г. А. Карзянкова – балетмайстар-пастаноўшчык Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. З 1992 г. яна – педагог-рэпетытар Тэатра балета Дзяржаўнага Крамлёўскага палаца ў Маскве, куды ў 1990 г. быў запрошаны яе сын, саліст балета А. Карзянкоў, заслужаны артыст Беларусі (1989), заслужаны артыст Расіі (1995).
Аляўціна Карзянкова – танцоўшчыца шырокага творчага дыяпазону. Аднолькава паспяхова выконвала ролі рамантычнага і гераічнага плана, характарныя танцы. Валодала музыкальнасцю, выразнай пластыкай, вялікім тэмпераментам. Яе танец, тэхнічна дакладны, упэўнены, эмацыянальна насычаны, вабіў шчырасцю выканання, пранікненнем у духоўны свет вобразаў. Творчасці артысткі характэрна тонкая распрацоўка дэталей, псіхалагічных нюансаў ролі, адчуванне асаблівасцей харэаграфічнага тэксту, валоданне рознымі формамі танца. Вобразы, створаныя А. Карзянковай, вылучаліся складанасцю і пераканаўчасцю, глыбінёй перажыванняў.
Першай сур'ёзнай працай маладой артысткі, у далейшым адной з вядучых балерын тэатра, стала партыя Лаўрэнсіі з балета А. Крэйна «Лаўрэнсія» (1955), які прадстаўляе харэаграфічную інтэрпрэтацыю сусветна вядомай драмы Лопэ дэ Вэгі «Авечая крыніца» («Фуэнтэ Авяхуна»). Традыцыі інтэрпрэтацыі гэтай ролі, закладзеныя першай выканаўцай Н. Дудзінскай, ажыццяўляліся ў адпаведнасці з індывідуальнасцю артысткі, дзе лірыка гарманічна спалучалася з драматычным і гераічным. Аляўціна Карзянкова была пераканальнай як у танцавальных, так і ў пантамімных эпізодах, якімі насычаны балет. Яна выдатна праявіла сваю творчую індывідуальнасць і майстэрства і ў балеце П.І. Чайкоўскага «Лебядзінае возера». У танцы балерыны, як і ў музыцы, жывуць вобразы цэласныя і прыгожыя. Яе Адэта-Адылія здзіўляе пяшчотай, грацыяй, шчырай цеплынёй душэўных парываў.
У 1961 г. на сцэне тэатра быў пастаўлены балет Я. Глебава «Мара», дзе тэма раскрывалася на нацыянальным матэрыяле. Найбольш яркім у спектаклі быў вобраз гераіні балета ў выкананні А. Карзянковай, якая стварыла тонка выпісаны псіхалагічны партрэт дзяўчыны са складаным і супярэчлівым унутраным светам, што ў цяжкіх абставінах жыцця змагла зберагчы душэўную чысціню і стойкасць.
Харэаграфічны і драматычны талент балерыны найбольш поўна раскрыўся ў такіх партыях, як Наталька, Джулія («Выбранніца», «Альпійская балада» Я. Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г. Вагнера), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф'ева), Раймонда («Раймонда» А. Глазунова), Нікія, Кітры і Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л. Мінкуса), Жызэль, Мядора («Жызэль», «Карсар» А. Адана), Анітра, Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на музыку Э. Грыга), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц. Пуні), Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэа і Джульета» С. Пракоф'ева), Сары («Сцежкаю грому» К. Караева), Эгіна і Фрыгія («Спартак» А. Хачатурана), Францыска («Блакітны Дунай» на музыку І. Штрауса).
Аляўціна Карзянкова паставіла танцы (сумесна з В. Бутрымовічам) у мюзікле «Мая цудоўная лэдзі» Ф. Лоу на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі.
Як драматычная актрыса А. Карзянкова выступіла ў спектаклях Беларускага тэлебачання «Клуб славутых капітанаў» (Аэліта), «Каменны госць» А. Пушкіна (Донна Анна), «Месячная саната» (Джульета Гвічардзі; рэжысёр У. Кухта, 1970, да 100-годдзя з дня нараджэння Людвіга ван Бетховена).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.