Дата рождения:
1896 (па іншых звестках – 1889) Леніна, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
1949
Краткая справка:
народная мастачка, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, аўтар мастацкіх роспісаў на палатне – самаробных дываноў
Имена на других языках:
Киш Елена Андреевна (русский);
2859 символов
Справка
Імя Алены Андрэеўны Кіш, унікальнага майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва са Случчыны, сёння стаіць у адным шэрагу з іншымі імёнамі сусветна вядомых мастакоў, уключаных у «Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва», такімі як А. Русо, Н. Пірасмані і інш. Вядомасць ёй прынеслі самаробныя маляваныя дываны, напісаныя ў 1930-я – 40-я гг.
Пра мастачку вядома зусім мала. Нарадзілася яна ў мястэчку Раманава Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер в. Леніна Слуцкага раёна Мінскай вобласці). Бацька быў масцеравым чалавекам (усё мог зрабіць сваімі рукамі). Яго здольнасці, напэўна, перадаліся дзецям. Алена Кіш добра засвоіла мастацкую тэхніку маляванак, якія звычайна рабіла на незагрунтаваным палатне, пакрытым чорнай фарбай. На чорны фон наносіла алейнымі або клеявымі фарбамі каляровы малюнак (часам з выкарыстаннем набіванак і трафарэтаў) – і расцвітала яркая выява. Мастачка выкарыстоўвала фантастычна-алегарычныя сюжэты («Ліст да каханага», «Дзева на водах», «Рай», «У райскім садзе» і інш.). Малявала для сваіх заказчыкаў розныя іх варыянты. Кожны дыван, хоць і напісаны на вядомы сюжэт, істотна адрозніваўся ад астатніх. Недзе з пачатку 1930-х гг. мастачка пачала вандраваць па акрузе з вёскі ў вёску, з аднаго дома ў другі і рабіць на заказ свае маляванкі. Так і зарабляла сабе на жыццё. У гады Вялікай Айчыннай вайны некаторы час жыла ў Слуцку, потым пераехала да сястры ў в. Грозава, што ў Капыльскім раёне. У пасляваенны час жыццё было цяжкім. Да таго ж усё пачало механізавацца і рукатворныя маляванкі пераставалі быць запатрабаванымі і неабходнымі, як раней. Не маючы ўласнай сям’і і страціўшы сэнс і стымул маляваць, А. Кіш у 1949 г. скончыла жыццё самагубствам. Адзінокая, дзіўная 60-гадовая мастачка аказалася нікому непатрэбнай і амаль забытай.
Цікаўнасць да яе творчасці абудзілася толькі ў 1970-я гг. Звесткі пра жыццёвы і творчы шлях А. Кіш былі сабраны дзякуючы намаганням мастака У. Басалыгі, які з дзяцінства памятаў яркія маляваныя дываны ў сялянскіх хатах сваіх сваякоў. Ён зацікавіўся аўтарствам гэтых яскравых і простых рэчаў і правёў сваё даследаванне, збіраючы па крупінках звесткі пра мастачку і рэшткі створанага ёй хараства, якое з цягам часу паступова гублялася. Усяго ўдалося сабраць 12 палотнаў. У 1978 г. на І Рэспубліканскай выстаўцы народных маляваных дываноў упершыню была прадстаўлена маляванка А. Кіш, адрэстаўрыраваная У. Басалыгам. Тады ў спадчыны таленавітай мастачкі пачалося новае жыццё. Свой уклад у папулярызацыю імя А. Кіш унесла і Г. Адамовіч – беларускі сцэнарыст і рэжысёр. Яна зняла фільм «Маляваны рай» (2010), прысвечаны жыццю і творчасці мастачкі. У цяперашні час творы А. Кіш складаюць частку вялікай калекцыі дываноў са збору Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» і адносяцца да лепшых узораў мастацкага самавыяўлення беларускага народа.