Дата рождения:
06.04.1946 Дземяхі, в., Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
30.04.2011
Краткая справка:
пісьменніца, крытык, даследчыца пытанняў фальклору ў сучаснай беларускай паэзіі, праблем перакладаў з рускай і ўкраінскай моў, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1986)
Псевдонимы:
Леся Беларуска; Эрынія; Ясельда
Варианты имени:
Новік Валянціна Міхайлаўна
Имена на других языках:
Ковтун Валентина Михайловна (русский); Коутун Валянцина (балг.) (не определен); Новик Валентина Михайловна (русский);
4767 символов
Справка
Валянціна Міхайлаўна Коўтун увайшла ў беларускую літаратуру як арыгінальная і самабытная паэтэса, адметная пісьменніца-празаік, выдатная перакладчыца. Яе шматгранны талент выявіўся ў розных галінах дзейнасці: літаратурна-творчай, навуковай, грамадскай і духоўна-рэлігійнай.
Нарадзілася В. Коўтун у в. Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка. У 1963 г. скончыла Малоткавіцкую сярэднюю школу і год працавала піянерважатай. У 1964 г. паступіла на філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, з чацвёртага курса перавялася ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ). Пасля заканчэння настаўнічала на Гродзеншчыне (1969–1970), потым працавала ў рэдакцыі «Сельской газеты». У 1975 г. была прынята ў Саюз пісьменнікаў БCCР. З 1976 г. В. Коўтун – літсупрацоўнік часопіса «Полымя». У 1977 г. яна паступіла ў аспірантуру пры БДУ. У 1979 г. у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Поэтическая структура белорусской любовной внеобрядовой песни» і пачала працаваць рэдактарам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя», з 1982 г. загадвала рэдакцыяй у выдавецтве «Юнацтва». З 1990 г. і да выхаду на пенсію працавала ў часопісе «Полымя» – спачатку старшым рэдактарам аддзела прозы, потым загадчыкам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства. З 2006 г. была рэдактарам аддзела паэзіі ў часопісе «Маладосць».
Першыя паэтычныя творы В. Коўтун апублікавала ў 1966 г. у львоўскай газеце «Ленінська молодь» (друкаваліся ў перакладзе на ўкраінскую мову). У гэтым жа годзе яе вершы «Чорны бусел», «Золак – лось сахаты…», «Над вёскаю зялёныя аблокі…» і іншыя з’явіліся ў газетах «Літаратура і мастацтва» і «Чырвоная змена». У 1971 г. быў выдадзены першы зборнік «Каляровыя вёслы», потым з’явіліся кнігі паэзіі «На ўзлёце дня» (1977), «На зломе маланкі» (1981), «Метраном» (1985, Літаратурная прэмія імя А. Куляшова 1986), «Лісты да цябе» (1988), «Свяча любові» (2006), «Малітва да Калымы» (2009, выйшаў пад імем Леся Беларуска). У вершах аўтар расказвае пра сучаснае і мінулае, мірнае жыццё і мужнасць беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра сваё пакаленне, малую радзіму. Асаблівай любоўю да зямлі продкаў прасякнуты вершы «Трыпціх» (узор філасофскай лірыкі) і «Лес» (сімвал вечнасці жыцця). Паэмай «Кавалі», што ўвайшла ў першы зборнік, В. Коўтун пачала серыю героіка-рамантычных твораў. Адна за адной былі напісаны паэмы «А Прыпяць не спыніць…» (1973, адлюстраваны падзеі 1240 г., што адбыліся на Піншчыне), «Чарацінка чакання» (1976, пра герояў Вялікай Айчыннай вайны), «Балада чорнага хлеба» (1977, галоўная ідэя – каштоўнасць хлеба), «Балада палескай песні» (1981, створаны эмацыянальны вобраз радзімы) і інш. Вядомай паэтэсе, пачынальніцы беларускай прозы А. Пашкевіч (Цётцы) прысвечаны паэмы «На зломе маланкі» (1979) і «Суд Алаізы» (1985). У 1980-я гг. В. Коўтун звярнулася да напісання празаічных твораў. У 1982 г. у шостым нумары часопіса «Работніца і сялянка» было надрукавана першае апавяданне «Калінавая гронка залатая». У наступныя гады з’явіліся іншыя – «Малінавае шчасце», «Чужая», «Лес», «Стары бубен», «Перайсці раку», «Сляпы дождж», «Вядзьмар», «Пацеркі для Веры» і «Тарба». Яны ўвайшлі ў кнігу прозы «Калінавая гронка залатая», якая была выдадзена ў 1988 г. Галоўная тэма апавяданняў – каханне і ўзаемаадносіны паміж маладымі людзьмі. У 1982 г. В. Коўтун прыступіла да напісання першага вялікага твора – рамана «Крыж міласэрнасці». Гісторыка-біяграфічная дылогія, створаная на аснове жыцця і дзейнасці А. Пашкевіч, была завершана ў 1996 г. У кнізе выведзены таксама вобразы Я. Купалы, І. Франко, Э. Ажэшкі, К. Каганца, дзяржаўных дзеячаў Мікалая ІІ, графа С. Вітэ, мітрапаліта А. Шаптыцкага. З вялікім натхненнем працавала В. Коўтун над раманам «Пакліканыя» (1998–2002), які прысвяціла Ефрасінні (Еўфрасінні) Полацкай. Яна напісала таксама некалькіх п’ес, сярод якіх – «Вясельны хутар», «Крыж Ігуменні», «Шлях палачанкі». Валянціна Коўтун з’яўляецца аўтарам кніг вершаў для дзяцей «Мы робім казку» (1983) і «Вясёлы заасад» (1986).
Шмат увагі надавала пісьменніца літаратуразнаўчай працы. Яна выступала ў перыядычным друку з артыкуламі па пытаннях фальклору ў сучаснай паэзіі і іншых актуальных праблемах літаратурнага працэсу. Выдала кнігі «Святло народнага слова: паэтычны лад беларускай народнай песні» (1984) і «Крыніца паэзіі: на шляхах эпізацыі» (1987). Вядома В. Коўтун і як перакладчыца мастацкай літаратуры з балгарскай, літоўскай, польскай, рускай, украінскай і іншых моў. Творчую і навуковую працу пісьменніца сумяшчала з актыўнай грамадскай дзейнасцю. У 1993 г. па ініцыятыве В. Коўтун і пад яе кіраўніцтвам было створана аб’яднанне «Міжнародны жаночы фонд Святой Еўфрасінні Полацкай», якое працавала да 2005 г.