Краткая справка:
польскі гісторык, грамадскі і палітычны дзеяч, даследчык гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага, адзін з заснавальнікаў і рэдактараў часопіса "Tygodnik Wilen'ski"
Имена на других языках:
Lelewel (польский); Lelewel Joachim (польский); Лелевель Иоахим (русский);
4166 символов
Справка
Іаахім Лялевель нарадзіўся ў 1786 г. у Варшаве у сям’і чыноўніка. Ён быў старэйшым з дзяцей, захапляўся чытаннем, гісторыяй і геаграфіяй. У дзесяцігадовым узросце самастойна заняўся працай па дапаўненні энцыклапедыі, пазней склаў апісанне аблогі Пскова С. Баторыем у 1581–1582 гг. Далейшае навучанне праходзіў у Варшаўскай піярскай школе. У 1804 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе з задавальненнем наведваў лекцыі па мове, літаратуры, праве, фізіцы, геаметрыі і маляванні. Гісторыю, якая заставалася яго любімым прадметам, вывучаў самастойна, часта выступаў з рэфератамі. У 1807 г. надрукаваў першую кніжку “Эда, ці Кніга рэлігіі старажытных жыхароў Скандынавіі”. Другая праца – “Погляд на старажытны перыяд Літвы і сувязь з геруламі” – выклікала адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтва ўніверсітэта, што вымусіла пакінуць вучобу.
У 1809–1811 гг. І. Лялевель выкладаў геаграфію старажытнага свету ў г. Крамянец (Украіна), потым некаторы час служыў у Міністэрстве ўнутраных спраў у Варшаве, у далейшым перабраўся да бацькоў у вёску, дзе пісаў артыкулы і рэфераты па гісторыі. У 1815 г. быў запрошаны ў Віленскі ўніверсітэт: працаваў выкладчыкам, узначаліў кафедру ўсеагульнай гісторыі (1821). Яго лекцыі карысталіся вялікай папулярнасцю ў студэнтаў і заўсёды праходзілі пры перапоўненых аудыторыях. У сувязі з правядзеннем працэса над філаматамі і філарэтамі І. Лялевель у 1824 г. быў звольнены з універсітэта і вярнуўся ў Варшаву. Працягваў займацца навуковай дзейнасцю, удзельнічаў у пасяджэннях Таварыства сяброў навук. У гэты ж перыяд пачаў цікавіцца палітыкай: у 1828–1831 гг. у якасці дэпутата адстойваў свабоду друку і іншыя дэмакратычныя свабоды ў сейме Царства Польскага, у час паўстання 1830–1831 гг. уваходзіў у склад Часовага ўрада, з'яўляўся старшынёй Патрыятычнага таварыства. Пасля падаўлення паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе ўзначаліў Польскі нацыянальны камітэт. За рэвалюцыйную дзейнасць і складзеную адозву “Да братоў рускіх”, у якой заклікаў да барацьбы з царызмам, быў высланы з Францыі. У 1833 г. І. Лялевель апынуўся ў Бруселі (Бельгія), дзе пражыў амаль да канца жыцця. Тут ён стаў членам падпольных дэмакратычных арганізацый “Маладая Польшча” і “Аб’яднанне”.У 1845 г. сустракаўся з К. Марксам і Ф. Энгельсам, з 1847 г. актыўна ўдзельнічаў у інтэрнацыянальнай Дэмакратычнай асацыяцыі, створанай у Лондане. Паступова І. Лялевель адышоў ад ўдзелу ў палітычным жыцці, аднак заўсёды падтрымліваў кантакты з польскімі і замежнымі дэмакратамі ў тым ліку з А. І. Герцэнам. Яго гістарычычна-сацыялагічныя погляды былі асновай фарміравання прагрэсіўнай грамадскай думкі рэвалюцыянераў 1820–60-х гг., у тым ліку К. Каліноўскага, З. Серакоўскага і інш.
Рэвалюцыйная дзейнасць не перашкаджала І. Лялевелю займацца і навуковымі пошукамі. Вучоны даследаваў гісторыю Польшчы, Беларусі і іншых славянскіх краін, вывучаў помнікі беларуска-літоўскага права. Яго творы вызначаліся антыфеадальнай накіраванасцю, варожасцю да нацыяналізму, клерыкалізму, асуджалі нацыянальны прыгнёт у Рэчы Паспалітай. Ён стаў аўтарам працы “Гісторыя Літвы і Русі аж да Люблінскай уніі з Польшчай 1569 года” (1839), у 1841 г. удзельнічаў у выданні на старабеларускай мове (лацініцай) Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. Яшчэ ў Варшаве І. Лялевель зацікавіўся нумізматыкай, сам зрабіў гравюры 250 манет і падрыхтаваў да друку кнігі “Нумізматыка сярэдніх вякоў” (1835) і “Нумізматычныя і археалагічныя даследаванні. Том 1. Гальскі ці кельцкі тып” (1841). Цікаўнасць даследчыка да гістрычнай картаграфіі прывяла да выдання “Атласа” (1849) і “Геаграфіі сярэдніх вякоў” (1852). У 1857 г. І. Лялевель напісаў успаміны пад назвай “Прыгоды ў пошуках і даследаваннях польскіх нацыянальных праблем”, у якіх асэнсоўваў навуковы і жыццёвы шляхі. У 1858 г. ён пакінуў распараджэнні наконт сваіх шматлікіх матэрыялаў, сярод якіх былі рэдкія выданні, гравюры, геаграфічныя атласы, а таксама перапіска і паперы палітычнага характару. Багатую калекцыю кніг і атласаў вучоны завяшчаў Віленскаму ўніверсітэту, дзе яна зараз і захоўваецца.
Памёр І. Лялевель у Парыжы ў 1861 г. У 1929 г. яго прах быў перанесены ў Вільню.