Разнастайнасцю вылучаецца дзейнасць Аляксандра Андрэевіча Марціновіча, не проста крытыка, а актыўныга, удумлівага папулярызатара нацыянальнай літаратуры і культурнай спадчыны Беларусі.
Нарадзіўся ён у в. Казловічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Навасёлкаўскую сярэднюю школу. У 1964 г. паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, але з трэцяга курса перавёўся на факультэт журналістыкі, які скончыў у 1968 г. Пачаў сваю працоўную дзейнасць загадчыкам аддзела пісем і масавай работы ў драгічынскай раённай газеце «Запаветы Леніна». Пасля службы ў Савецкай арміі працаваў у капыльскай і слуцкай раённых газетах. У 1980-х гг. пераехаў у Мінск. З 1972 г. працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», з 1999 г. у часопісе «Беларуская думка» (з 2000 г. намеснік галоўнага рэдактара). З 2008 г. намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Нёман», з 2009 г. часопіса «Маладосць». З 2011 г. загадчык аддзела часопіса «Полымя».
Асноўнымі жанрамі літаратурнай дзейнасці А. Марціновіча з’яўляюцца рэцэнзіі, літаратурныя агляды, нарысы, інтэрв’ю. Упершыню выступіў у рэспубліканскім друку ў 1964 г. спачатку як журналіст. Рэгулярна пачаў друкавацца з 1966 г. У 1990 г. выйшаў першы зборнік «Далучанасць», дзе былі сабраны літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі, эсэ. У ім аўтар аналізуе творы, якія па розных прычынах доўгі час былі невядомыя шырокаму колу чытачоў ці ўвогуле чакалі свайго часу ў архівах. Крытык разглядае новыя па тым часе творчыя здабыткі Я. Скрыгана, В. Быкава, А. Рылько, К. Кірыенкі, Б. Сачанкі, А. Капусціна, Л. Арабей, А. Жука, Г. Далідовіча, А. Дударава і інш. У гэтым жа годзе выйшла новая кніга творчых партрэтаў «Пад небам вечнасці». Крытык цёпла гаворыць пра тых, каго няма побач з намі, расказвае пра іх лёсы, творчасць, свае сустрэчы з імі. У 1992 г. выпушчана кніга «Дарога ў запаветнае», дзе разам з літаратурна-крытычнымі артыкуламі, у якіх разглядаецца творчасць дзіцячых пісьменнікаў, прадстаўлены нарысы, творчыя партрэты. Карпатлівая работа па выяўленні матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць вядомых асоб выліваецца ў цэлыя кнігі нарысаў асобнай серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» – «Ігнат Буйніцкі: з кагорты першапраходцаў», «Элаіза Пашкевіч: Цётка ўсіх беларусаў», «Рыгор Шырма: з песняй праз усё жыццё» і «Уладзіслаў Сыракомля: лірнік зямлі беларускай» (2013), «Уладзімір Дубоўка: выдатны паэт дрэнных часоў» (2015), «Канстанцін і Яўстах Тышкевічы: заснавальнікі беларускай археалогіі і музеязнаўства», «Адам Кіркор: першы беларускі краязнаўца» і «Браніслаў Эпімах-Шыпіла: патрыярх беларускага Адраджэння» (2016) і інш. На працягу ўсёй творчай дзейнасці А. Марціновіч цікавіўся краязнаўствам. Па крупінках збіраў матэрыялы пра родны край. У 1992 г. выйшла краязнаўчая кніга «Ля Каменкі бруістай» пра Капыль і ваколіцы, знакамітых людзей гэтай старонкі. Захапленне краязнаўствам падштурхнула А. Марціновіча да напісання гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць». Гэта праца вымагала шмат часу, патрабавала дасканалага вывучэння краязнаўчых дакументаў у архівах, бібліятэках, сустрэч, частых паездак па раёнах. Яго артыкулы змешчаны ў выданнях, прысвечаных Лагойскаму, Старадарожскаму і Мядзельскаму раёнам. Асобнае месца ў творчасці літаратуразнаўца займае айчынная гісторыя. Пісьменнік стварыў больш за 300 гістарычных партрэтаў знакамітых суайчыннікаў. Ён з’яўляецца аўтарам гістарычных нарысаў і эсэ «Зерне да зерня» (1996, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя К. Каліноўскага, 1998), «У часе прасветленыя твары» (1999), «Элегіі забытых дарог» (2001), «Сполахі далёкіх зарніц» (2005), «Свечка на золкім ветры» (2006), «Хто мы, адкуль мы...» (кн. 1–3, 2-е выд. 2008), «Маладзік над заснежаным шляхам» (2008), «Рагнеда і Рагнедзічы» (2010), «Успамін пра будучыню» (2012), «Цяпло колішніх вогнішчаў» (2015). Аповеды пра знакамітых асоб, пабудаваныя на гістарычным матэрыяле, вядомых і даўно забытых крыніцах, вызначаюцца лёгкасцю ўспрымання. Аўтар імкнецца дакладна выбудаваць месца гістарычнага персанажа ў беларускай навуцы, літаратуры, палітычным жыцці нашай краіны.
Шмат А. Марціновіч піша пра беларускую дзіцячую літаратуру. У 1998 г. выйшаў у дзвюх кнігах дапаможнік для педагогаў дашкольных устаноў «Святло чароўнага ліхтарыка: выбраныя старонкі гісторыі беларускай дзіцячай літаратуры». Грунтоўныя нарысы творчасці пісьменнікаў суседнічалі з публікацыямі вершаў, апавяданняў, урыўкаў з аповесцей. Увага да дзіцячай літаратуры прывяла да таго, што А. Марціновіч піша апавяданні для самых маленькіх. Юнаму чытачу адрасаваны такія кнігі, як «Свяці, зорка, свяці: дзецям пра Максіма Багдановіча» (2011), «Кот, які сябраваў з камп’ютарам» (2012), «Чудеса Дикого леса» (2015) і інш. У кожным апавяданні, казцы пісьменнік здолеў выбраць адпаведную мысленню дзіцяці інтанацыю.
Творчая дзейнасць А. Марціновіча атрымала прызнанне. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя К. Каліноўскага, літаратурнай прэміі «Дэбют» імя М. Багдановіча, Літаратурнай прэміі ў галіне крытыкі імя У. А. Калесніка, прэмій «Залаты Купідон», «Залатое пяро». Узнагароджаны медалём Ф. Скарыны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.