Дата рождения:
05.12.1936 Казлоўка, в., Светлагорскі раён, Гомельская вобласць
Краткая справка:
архітэктар, заслужаны архітэктар Беларусі, сярод работ якога (у суаўтарстве) – будынак Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, комплекс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, будынак Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя М. Глінкі, Палац Рэспублікі і інш.
Имена на других языках:
Москалевич Леонард Викторович (русский);
3455 символов
Справка
Леанард Віктаравіч Маскалевіч, адзін з самых вядомых беларускіх дойлідаў, нарадзіўся ў в. Казлоўка Парычскага (цяпер Светлагорскі раён) Гомельскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Хлопчык рана стаў сіратой (у 1937 г. быў рэпрэсіраваны бацька). У час Вялікай Айчыннай вайны ён разам з маці перажыў акупацыю ў партызанскім атрадзе. Пасля вызвалення Гомельшчыны войскамі Чырвонай Арміі вучыўся ў пачатковай школе ў роднай вёсцы, потым у Парычскай сярэдняй школе. У 1955 г. паступіў на архіэктурны факультэт Беларускага дзяржаўнага політэхнічнага інстытута. Яго выкладчыкамі былі знакамітыя архітэктары А. П. Воінаў, В. І. Гусеў, У. М. Вараксін, Г. У. Заборскі.
У 1961 г. Л. В. Маскалевіч закончыў вучобу і пачаў працаваць у інстытуце «Брэстграмадзянпраект», дзе ажыццявіў некалькі праектаў, сярод якіх – рэканструкцыя былога Дома палітасветы (1964, дыплом Дзяржбуда БССР), комплекс Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (1965), жылыя дзесяціпавярховыя дамы на вул. Маскоўскай (1964–1975, у суаўтарстве), Палац культуры ў калгасе «Савецкая Беларусь» Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці (1968, бронзавы медаль ВДНГ СССР) і інш. У 1965 г. Л. В. Маскалевіч пераехаў у Мінск. Працаваў у інстытуце «Мінскпраект», апараце ЦК КПБ. З 1976 г. займаў пасаду намесніка старшыні Дзяржбуда БССР, адначасова (з 1990 г.) быў кіраўніком персанальнай творчай майстэрні. У 1993–1999 гг. з’яўляўся саветнікам па архітэктуры і будаўніцтве Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Сярод асноўных работ у Мінску – пансіянат Савета Міністраў БССР на Заслаўскім вадасховішчы (1968, у суаўтарстве), комплекс Мінскага інстытута культуры (1975), музычнае вучылішча імя М. І. Глінкі (1976), Інстытут павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў народнай гаспадаркі БССР (1978, у суаўтарстве), Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» (1989, разам з пяццю іншымі беларускімі аб’ектамі ўвайшоў у дзесяцітомнае энцыклапедычнае выданне «Всемирная архитектура XX века: 1900–2000 гг.»), Палац Рэспублікі (2001), жылыя дамы па вул. М. Багдановіча (з магазінам «Несцерка», 1974), Л. Бяды і Някрасава (1990-я гг.), адміністрацыйна-гандлёвы комплекс з рэстаранам і паркінгам на вул. Л. Бяды – Мележа і жылы квартал па пр. Дзяржынскага – вул. Алібегава – пр. Газеты «Праўда» (2005, апошні ў суаўтарстве) і інш.
Паралельна з архітэктурнай дзейнасцю Л. В. Маскалевіч займаўся манументальным мастацтвам, якое стала адной з неад’емных старонак яго творчасці. У суаўтарстве з вядомымі беларускімі скульптарамі стварыў цэлую галерэю мемарыяльных комплексаў, помнікаў, вітражоў і дэкаратыўных пано. Сярод іх – конкурсны праект мемарыяльнага комплексу «У імя жыцця», прысвечаны абаронцам Брэсцкай крэпасці (1962, 2-е месца на Усесаюзным конкурсе), памятны знак у гонар Айчыннай вайны 1812 г. (устаноўлены ў 1964 г. у Брэсцкай крэпасці), помнік М. Багдановічу ў Мінску (1982), помнік на магіле народнага архітэктара СССР Г. У. Заборскага (2005) і інш.
Плённая праца Л. В. Маскалевіча адзначана ганаровымі граматамі Савета Міністраў БССР. У 1985 г. ён атрымаў званне «Заслужаны архітэктар БССР», у 1997 г. быў абраны прафесарам Міжнароднай акадэміі архітэктуры ў Маскве, у 2003 г. стаў акадэмікам Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук. Леанард Віктаравіч з’яўляецца членам Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь, членам архітэктурна-горадабудаўнічага савета Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.