Заснавальнік і першы дырэктар Крычаўскага краязнаўчага музея, адзін з самых вядомых людзей на Магілёўшчыне, глыбокі знаток і нястомны прапагандыст гісторыі краю Міхаіл Фёдаравіч Мельнікаў зрабіў шмат для роднага горада і сваіх землякоў.
Нарадзіўся ён 16 мая 1921 г. у Крычаве. Яго бацька працаваў будаўніком, шмат ездзіў па раёне і часта браў сына з сабою. Маці амаль усё жыццё працавала ў калгасе. З маленства Міхаіл Мельнікаў цікавіўся легендамі і гісторыяй і марыў пра стварэнне краязнаўчага музея ў родным горадзе.
Скончыўшы ў 1939 г. 9 класаў, Міхаіл з'ехаў у Абхазію, дзе ўладкаваўся на працу настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе г. Гудаута. У верасні 1940 г. быў прызваны ў армію – у горнакавалерыйскі полк Закаўказскай ваеннай акругі. Як чалавека з закончанай сярэдняй адукацыяй М. Мельнікава прызначылі сакратаром камісара, і ён пачаў друкавацца ў акруговай газеце "Баец РККА". Маладому чырвонаармейцу прапанавалі інфармаваць аб справах і размовах, што вядуцца ў кабінеце камісара, аднак ён катэгарычна адмовіўся. У выніку гэтага канфлікту ў верасні 1940 г. ваенны трыбунал прыгаварыў М. Мельнікава за непадпарадкаванне камандзіру да пяці гадоў зняволення ў лагер Варкуты.
Усе гады ў лагеры Міхаіл Фёдаравіч канспектаваў лекцыі, якія чыталі яму рэдактар "Известий" І. М. Гронскі па гісторыі і літаратуры, прафесар А. П. Някрасаў – па гісторыі мастацтва. З беларускай літаратурай у пашыраным аб'ёме Мельнікава знаёміў мінскі педагог Мікалай Іода. Тэорыю вершаскладання і практыку літаратурнага рэдагавання яму выкладаў славуты кінадраматург Аляксей Каплер.
Увосень 1950 г. М. Мельнікаў вяртаецца ў Крычаў. Працаваў вясковым бібліятэкарам, дырэктарам раённага Дома культуры, літработнікам у рэдакцыі райгазеты "Праўда". Архівы і бібліятэкі сталі яго рабочым месцам, дзе ён вёў пошуковую работу. Увесь свой вольны час ён збіраў матэрыялы па гісторыі Крычаўшчыны і яе выдатных ураджэнцах для Крычаўскага краязнаўчага музея, стваральнікам і дырэктарам якога ён быў у 1961–1982 гг. (з 1982 г. – навуковы супрацоўнік).
Міхаіл Фёдаравіч шмат пісаў, ім былі апублікаваны больш за 1500 артыкулаў у розных газетах і часопісах. Ён аўтар кніг "З сям'і сакалінай" (1973), "Атакуючае юнацтва" (1980), "Ішоў край над шляхам стагоддзяў" (1987), адзін з аўтараў “Нарысаў гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі” (1968). Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў "Барацьба і творчасць" (1967) і "Песню вялі на расстрэл" (1968), артыкулаў пра выдатных дзеячаў, беларускіх герояў Вялікай айчыннай вайны ў зборніках “У рэдакцыю не вярнуўся…” (1964), “Мы не забылі вас, хлопцы” (1968), “Пабрацімы Матросава” (1984). За плённую працу ў 1979 г. М. Ф. Мельнікаву было прысвоена ганаровае званне "Заслужаны работнік культуры БССР".
Шмат краязнаўчага матэрыяла падрыхтаваў Міхаіл Фёдаравіч для кнігі "Памяць", але яго смерць 30 чэрвеня 1993 г. абарвала працу.
Мноства імёнаў ураджэнцаў Магілёўшчыны і людзей, звязаных з ёю лёсам, Міхаіл Фёдаравіч вярнуў з забыцця. У горадзе Крычаве каля 30 вуліц носіць імёны герояў, якіх ён адшукаў, ёсць такія вуліцы і ў Магілёве, Мінску, Арле, Пярмі, Керчы, на Разаншчыне, у Чэрыкаве, Клімавічах. Адна з вуліц Крычава носіць імя М. Ф. Мельнікава, а на будынку Крычаўскага краязнаўчага музея ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў яго гонар.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.