Сярод таленавітых і яркіх постацей беларускай лінгвістычнай навукі вылучаецца неардынарная асоба вучонага-лінгвіста Арнольда Яфімавіча Міхневіча.
Нарадзіўся будучы вучоны ў Мінску ў сям’і ваеннаслужачага. У дзіцячым узросце перажыў усе жахі і нястачы Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ ў школе юнак захапляўся беларускай мовай і літаратурай. Цяга да гуманітарных навук прывяла яго ў Гомельскі педагагічны інстытут, які А. Я. Міхневіч закончыў у 1958 г.
З 1961 па 1983 г. яго лёс звязаны з Інстытутам мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе за час навучання ў аспірантуры пад кіраўніцтвам К. Крапівы паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю (1963). Быў навуковым супрацоўнікам сектараў агульнага і славянскага мовазнаўства і сучаснай беларускай мовы, а з 1977 г. загадчыкам сектара рускай мовы. У 1976 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы”, у 1980 г. атрымаў званне прафесара.
З 1983 г. А. Я. Міхневіч выкладае ў вышэйшых навучальных установах Мінска. Адначасова займаецца навукова-даследчай працай. Яму належаць шматлікія публікацыі па сучаснай беларускай мове і гісторыі беларускай і рускай моў, сінтаксісе, семантыцы, рыторыцы, этымалогіі, русістыцы, сацыялінгвістыцы, тыпалагічным мовазнаўстве, супастаўляльнай лінгвістыцы, лексікаграфіі і інш.
Аднак большую частку жыцця і даследчых намаганняў А. Я. Міхневіч прысвяціў распрацоўцы шматлікіх праблем беларускай мовы. Пра гэта сведчыць яго непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы шэрагу даведачных выданняў: “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы” (т. 2, 1980), “Белорусско-русский паралексический словарь-справочник” (1985), “Русско-белорусский разговорник” (1991), “Англа-беларускі размоўнік” (1992), “Слоўка за слоўкам: алфавітны даведнік па культуры беларускай мовы для ўсіх” (2006) і інш.
Арнольд Яфімавіч Міхневіч з’яўляўся ініцыятарам стварэння і рэдактарам энцыклапедычнага даведніка “Беларуская мова” (1994), для якога падрыхтаваў “Слова да чытача” і напісаў каля трох дзясяткаў артыкулаў пра асноўныя раздзелы лінгвістычнай навукі, мовы свету і іх разнавіднасці, класіфікацыі, адносіны мовы і грамадства, найбольш складаныя моўныя з’явы, ключавыя лінгвістычныя паняцці і інш. Гэта кніга стала настольнай не толькі для беларускіх мовазнаўцаў, настаўнікаў і студэнтаў, але і для многіх замежных даследчыкаў. У 1998 г. энцыклапедычны даведнік адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі.
Вядомасць даследчыку прынеслі заснаваныя ім лінгвістычныя серыі і зборнікі “Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць”, “Скарбы мовы”, “Жывая спадчына”, “Слова беларускае”.
Адным з важных напрамкаў навуковай дзейнасці А. Я. Міхневіча з’яўляюцца даследаванні ў галіне педагогікі і методыкі навучання. Ён займаецца праблемамі рыторыкі і красамоўства, што знайшло адлюстраванне ў такіх кнігах, як “Из истории ораторского искусства” (1972), “Ораторское искусство лектора” (1984), “Методика лекционной пропаганды” (1986), “Ораторские арабески” (2003), “Речевое мастерство преподавателя” (2007) і інш. Як лектар Усесаюзнага таварыства “Веды” актыўна ўдзельнічаў у навуковым жыцці лінгвістаў Беларусі. На працягу многіх гадоў А. Я. Міхневіч выступаў на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі па праблемах прамоўніцкага майстэрства.
Арнольд Яфімавіч Міхневіч – аўтар ці суаўтар падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па беларускай мове. Падручнік “Беларуская мова” для IV класа школ з рускай мовай навучання напісаны разам з Н. Вашчатынскай і Л. Шаўчэнка (вытрымаў восем перавыданняў з 1978 па 1990 г.). Створаны сумесна з А. Крывіцкім і А. Падлужным практычны дапаможнік “Белорусский язык для небелорусов” (1973) быў перавыдадзены ў 1978 г. Пазней з гэтымі ж суаўтарамі А. Я. Міхневіч падрыхтаваў навучальнае выданне “Белорусский язык для говорящих по-русски” (1990).
Акрамя няспыннай навуковай працы жыццё вучонага было напоўнена актыўнай навукова-арганізацыйнай і педагагічнай дзейнасцю. Ён не толькі выкладаў у розных ВНУ краіны, але і з годнасцю прадстаўляў беларускае мовазнаўства за мяжой, дзе чытаў лекцыі, удзельнічаў у шматлікіх міжнародных навуковых канферэнцыях, сімпозіумах, семінарах, круглых сталах. З 1966 г. прымаў удзел у рабоце Міжнароднай камісіі па вывучэнні граматычнага ладу славянскіх моў. У 1993 г. быў абраны віцэ-прэзідэнтам Беларуска-нямецкай асацыяцыі культурна-асветніцкіх ініцыятыў, у 1995 г. – акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Еўропы і Азіі, у 1998 г. – кіраўніком Польска-беларускай школы “Нясвіжская акадэмія” па адраджэнні культурных ландшафтаў краін Усходняй Еўропы. Яго навуковыя працы былі апублікаваны за межамі Беларусі на балгарскай, македонскай, малдаўскай, нямецкай, польскай, сербахарвацкай, чэшскай, англійскай і іншых мовах. Вучоны з’яўляецца выдатнікам народнай асветы Беларусі, узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1982), медалём ВДНГ СССР (1986). У 2001 г. А. Я. Міхневіч уключаны ў “Слоўнік міжнародных біяграфій” Міжнароднага біяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы (Англія).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.