Дата рождения:
16.02.1895 Невель, г., Невельскі павет, Віцебская губерня (цяпер Расія)
Дата смерти:
28.06.1938 Мінск, г.
Краткая справка:
вучоны ў галіне педагогікі, акадэмік НАН Беларусі, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Имена на других языках:
Панкевич Павел Яковлевич (русский);
2843 символа
Справка
Павел Якаўлевіч Панкевіч, вучоны ў галіне педагогікі, нарадзіўся 16 лютага 1895 г. у г. Невель Пскоўскай вобласці (Расія) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў другім Віцебскім гарадскім вучылішчы, якое скончыў з адзнакай у 1912 г. Пасля праслухаў двухгадовыя педагагічныя курсы пры першым вышэйшым пачатковым вучылішчы ў Віцебску, завяршыў навучанне ў 1914 г. Працаваў настаўнікам у Віцебскай губерні: спачатку ў народным вучылішчы ў в. Рудня Зябкаўскай воласці Дрысенскага павета, затым – у Артэйкавіцкім двухкласным народным вучылішчы Полацкага павета. У 1922 г. скончыў Віцебскі інстытут народнай адукацыі, потым паступіў на Маскоўскія вышэйшыя педагагічныя курсы пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, якія давалі права на выкладчыцкую дзейнасць у вышэйшых навучальных установах. У 1924–1925 гг. чытаў курсы ў Акадэміі камуністычнага выхавання і Інстытуце педалогіі і дэфекталогіі ў Маскве.
У 1925 г. П.Я. Панкевіч вярнуўся ў Беларусь і пачаў працаваць загадчыкам метадычнай часткі ў Камуністычным універсітэце Беларусі імя У.І. Леніна. У 1928 г. абараніў доктарскую дысертацыю, першым з беларускіх педагогаў атрымаў вучоную ступень доктара педагагічных навук і званне прафесара. Стаў загадчыкам педолага-педагагічнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Потым прызначаны прарэктарам універсітэта, а затым узначаліў Галоўнае ўпраўленне навукі ў Народным камісарыяце асветы БССР. У 1929 г. створаны Навукова-даследчы інстытут педагогікі і педалогіі, дырэктарам якога да 1934 г. быў П.Я. Панкевіч. За гэты перыяд супрацоўнікамі інстытута праведзена вялікая работа па развіцці політэхнічнага навучання ў рэспубліцы. У 1931 г. установу перайменавалі ў Навукова-даследчы інстытут камуністычнага выхавання. У гэтым жа годзе П.Я. Панкевіч стаў загадчыкам кафедры педагогікі ў Беларускім дзяржаўным вышэйшым педагагічным інстытуце. З 1931 па 1935 г. быў сакратаром, загадчыкам педагагічнага кабінета Беларускай акадэміі навук.
Павел Якаўлевіч займаўся таксама навуковай дзейнасцю. Ён апублікаваў больш за 20 прац, у тым ліку дзве манаграфіі па праблемах політэхнічнай адукацыі, пытаннях гісторыі педагогікі і псіхалогіі. Сярод работ – «Мысли Плеханова о воспитании и образовании» і «Основные вопросы фабзавуча» (1926), «Педагогические идеи Н.А. Добролюбова» і «Политехническая школа в связи с развитием современной крупной индустрии» (1928) і інш. За значны ўклад у развіццё савецкай педагогікі, выдатныя арганізатарскія здольнасці вучоны ў 1931 г. узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1936 г. выйшла пастанова «Аб педалагічных скажэннях у сістэме Наркамасветы», якая істотна замарудзіла развіццё псіхалогіі ў краіне.
11 снежня 1937 г. П.Я. Панкевіч быў беспадстаўна арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 28 чэрвеня 1938 г. у Мінску. Рэабілітаваны ў 1956 г.