Ад назвы сваёй роднай вёскі Ініца (сёння Стаўбцоўскі раён Мінскай вобл.) узяў сабе літаратурны псеўданім беларускі паэт, перакладчык і этнограф Улад-Ініцкі, сапраўднае імя якога Уладзіслаў Паўлюкоўскі.
Нарадзіўся будучы паэт 13 мая 1895 г. у сям'і вясковага млынара. Атрымаў нядрэнную адукацыю: скончыў пачатковую школу ў Стоўбцах і гарадскую школу ў Навагрудку, вучыўся ў Харкаўскім мастацкім вучылішчы. Некаторы час працаваў пісарчуком у адным з маёнткаў Радзівілаў. У Першую сусветную вайну служыў прапаршчыкам, давялося ваяваць і на франтах грамадзянскай вайны. Пасля дэмабілізацыі ён жыў у роднай вёсцы, потым – у Вільні.
Паэт цесна супрацоўнічаў з газетай «Народная справа», часопісамі «Маланка», «Авадзень», «Шлях моладзі» і інш. У якасці кніжнага графіка У. Паўлюкоўскі прымаў удзел у выданні календароў, кніг і падручнікаў. Некаторы час быў звязаны з Беларускай сялянска-работніцкай грамадой, друкаваўся на старонках яе перыядычнага друку (1925–1927). У 1926 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі і адпраўлены ў віленскую турму на Лукішках. Апеляцыйны суд скасаваў судовую справу вядомага дзеяча, і ў наступным годзе Паўлюкоўскага вызвалілі з турмы. У 1939 г. яго арыштавалі другі раз і адправілі ў Картуз-Бярозаўскі канцлагер, адкуль паэт выйшаў на волю ўжо пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Сваё знаходжанне ў канцлагеры Уладзіслаў Паўлюкоўскі апісаў ва ўспамінах «Арышты. Бяроза і воля» (1940). Пасля вяртання ў Вільню, ён на працягу некалькіх гадоў працаваў штатным супрацоўнікам Беларускага музея імя І. Луцкевіча, а пасля яго ліквідацыі – дырэктарам Літаратурнага музея імя А. С. Пушкіна (1945–1947).
29 жніўня 1948 г. пісьменнік быў арыштаваны савецкімі органамі бяспекі і асуджаны ў Мінску на 10 гадоў лагернага рэжыму. Вярнуўся з лагера ў 1953 г. невылечна хворы, спаралізаваны. Уладзіслаў Паўлюкоўскі памёр 8 верасня (паводле іншых звестак 8 лістапада) 1955 г. у Вільні. Пахаваны на могілках Роса.
Нягледзячы на цяжкі жыццёвы шлях, У. Паўлюкоўскі пакінуў нашчадкам багатую літаратурную спадчыну. У заходнебеларускім друку першыя творы паэта пачалі з’яўляцца з 1926 г. Чырвонай ніццю скрозь паэзію Уладзіслава Паўлюкоўскага праходзіць тэма турэмнага зняволення (вершы «Лукішкі», «У вастрозе», «Дзень у адзіночцы», «Відзежа ў вастрозе»). У канцы 1920-х гадоў ён шмат друкаваўся ў перыядычным друку. Тады ж у Вільні былі выдадзены яго кнігі «Сон Гаўрылы і розныя вершы», «Клім бабаю і іншыя жарты», «Апавяданні». Тэматыка вершаў У. Паўлюкоўскага – сацыяльная няроўнасць і нядоля, імкненне асобы да справядлівасці і свабоды. Акрамя лірычных вершаў паэт пісаў гумарыстычныя і жартоўныя творы, у якіх ён апісваў камічныя жыццёвыя сітуацыі. Удалымі можна лічыць літаратурныя спробы Уладзіслава Паўлюкоўскага ў прозе. Яго апавяданні «На сходцах касцёла», «Ля крыжа» напісаны каларытнай мовай, маюць цікавы дынамічны сюжэт, у іх гучаць матывы пошуку літасці і спачування беспрытульнаму чалавеку. Сярод жартоўных твораў пісьменніка варта адзначыць апавяданні «Жулікі» і «Няпоўны беларус».
У 1934 г. у часопісе «Шлях моладзі» У. Паўлюкоўскі апублікаваў серыю этнаграфічных эцюдаў, якія ўяўлялі сабой своеасаблівы земляробчы каляндар. Аграрныя абрады, гадавыя святы, звычаі беларусаў этнограф разглядаў у кантэксце з культурнымі традыцыямі іншых народаў. Запісаныя ім народныя прымаўкі і прыказкі прыводзяцца ў акадэмічным томе «Прыказкі і прымаўкі» (1976).
У. Паўлюкоўскі вядомы і як перакладчык. Ён перакладаў на беларускую мову творы Л. Талстога: зборнікі «Ці шмат чалавеку трэба зямлі» (1928), «Ад чаго зло на свеце» (1929). Разам з мастакамі Я. Драздовічам і М. Васілеўскім Уладзіслаў Паўлюкоўскі ілюстраваў складзеную С. Паўловічам чытанку і лемантар «Першыя зярняткі». Рукапісы некаторых мастацкіх твораў паэта, а таксама прац, прысвечаных М. Багдановічу, І. Насовічу і іншым дзеячам, захоўваюцца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.