Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч унёс значны ўклад у развіццё беларускай педагогікі. У яго работах адлюстраваны ідэі працоўнай школы, эстэтычнага і рэлігійнага выхавання, абгрунтавана роля народнага настаўніка ў выхаванні новага пакалення. Сваёй дзейнасцю ён спрыяў таму, каб самыя шырокія колы беларусаў, асабліва дзеці і моладзь, мелі магчымасць стаць пісьменнымі, засвоіць асновы праваслаўнай веры.
Нарадзіўся С.К. Паўловіч у в. Асаўцы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці) у сям’і святара. Пасля заканчэння праваслаўнай семінарыі ў Вільні працягваў вучобу ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе вялікая ўвага надавалася вывучэнню гісторыі царквы на Украіне і Беларусі. Менавіта таму тэма яго дысертацыі на ступень кандыдата багаслоўя, (абаронена ў 1900 г.), была прысвечана гісторыі Замойскага ўніяцкага сабора 1720 г. Да 1908 г. С.К. Паўловіч працаваў у розных царкоўных установах. З 1909 па 1913 г. выкладаў Закон Божы ў настаўніцкай семінарыі і прыватнай жаночай гімназіі ў Рагачове. У 1913–1918 гг. быў інспектарам народных школ Ваўкавыскага павета. У час ваенных і рэвалюцыйных падзей знаходзіўся ў Калужскай губерні Расіі, дзе займаў пасаду загадчыка фінансавага аддзялення ў аддзеле народнай адукацыі.
Найбольш плённы перыяд дзейнасці С.К. Паўловіча звязаны з Вільняй, куды ён разам з жонкай прыехаў у пачатку 1920-х гг. Тут раскрыўся яго талент педагога, грамадскага дзеяча, публіцыста, перакладчыка, вучонага. У 1925–1928 гг. С.К. Паўловіч з’яўляўся выкладчыкам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. Яго педагагічная і грамадская дзейнасць была цесна звязана з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Некаторы час С.К. Паўловіч уваходзіў у склад кіраўніцтва гэтай культурна-асветніцкай арганізацыі. Члены таварыства выступалі за арганізацыю беларускіх пачатковых школ, народных вучылішчаў і гімназій, адкрыццё бібліятэк, хат-чыталень, стварэнне беларускіх падручнікаў. Сяргей Канстанцінавіч быў сярод тых, хто супрацьстаяў паланізацыі, выступаў за захаванне беларусаў як нацыі. Польскія ўлады перашкаджалі дзейнасці ТБШ: забаранялі акруговыя і павятовыя з’езды, гурткі, закрывалі навучальныя ўстановы. Праца С.К. Паўловіча ў Віленскай беларускай гімназіі і асабліва ў Галоўнай управе ТБШ знаходзілася пад пільнай увагай паліцыі і не задавальняла гарадскую адміністрацыю. У 1928 г. яго адхілілі ад работы, некалькі разоў арыштоўвалі і прыцягвалі да суда.
Багаслоўска-асветніцкая і педагагічная дзейнасць С.К. Паўловіча разгортвалася ў час, калі заходнебеларускія землі ўваходзілі ў склад Польшчы. На старонках часопісаў «Летапіс Таварыства беларускай школы» (з 1936 г. – «Беларускі летапіс»), «Пазашкольная асвета. Культурна-асветная праца ў гуртках ТБШ» і іншых друкаваліся яго артыкулы, дзе шмат увагі надавалася пытанням навучання сялянскіх дзяцей, самаадукацыі і хатняму навучанню, рэлігійнаму выхаванню. Ён быў прыхільнікам стварэння працоўнай школы, і лічыў, што такая вучэбная ўстанова павінна спрыяць гарманічнаму развіццю вучняў, падрыхтоўцы іх да творчай дзейнасці. Аб сваім бачанні мэт і задач выхавання пісаў у брашуры «Аб арганізацыі беларускай працоўнай школы» (1928) і «Беларускім календары» на 1929 г. У 1928 г. у Вільні ў друкарні імя Ф. Скарыны быў выдадзены падручнік «Пішы самадзейна: развіццё навыку самастойнага пісьма» (ч. 1), структура якога сведчыць пра высокае вучэбна-метадычнае майстэрства складальніка.
Нават у той час, калі ў Заходняй Беларусі рэзка ўзмацнілася паланізацыя адукацыі, С.К. Паўловіч працягваў актыўна займацца падрыхтоўкай вучэбнай літаратуры, асабліва рэлігійнага зместу. У 1926 г. была надрукавана «Свяшчэнная гісторыя Старога Завету», адаптаваная ім для школьнага ўзросту. Пад рэдакцыяй С.К. Паўловіча ў 1933 г. выйшаў «Праваслаўны малітваслоў» на царкоўнаславянскай і беларускай мовах. У 1936 г. апублікаваны падручнік «Свяшчэнная гісторыя Новага Завету». Ён уключаў раздзелы «Аб малітве», «Кароткая Свяшчэнная гісторыя», «Праваслаўная вера», «З царкоўнай гісторыі», «Праваслаўная вера на Беларусі». Арыгінальнасць падручніка не толькі ў аўтарскіх перакладах Свяшчэннага Пісання і дакладным тлумачэнні асноўных палажэнняў праваслаўнай веры, у ім упершыню па-беларуску апісваюцца цудатворныя іконы, змешчаны нарыс па гісторыі Беларускай праваслаўнай царквы.
З вялікай увагай С.К. Паўловіч адносіўся да духоўных патрэбнасцей дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. У 1936 г. быў надрукаваны буквар «Першыя зерняткі». Ён карыстаўся вялікай папулярнасцю, што насцярожыла польскія ўлады, і тыраж другога выдання пад назвай «Zasieŭki» («Засеўкі», 1937) быў канфіскаваны.
У 1937 г. С.К. Паўловіч пачаў рэдагаваць дзіцячы царкоўны і культурна-асветніцкі ілюстраваны часопіс «Снапок» (выдаваўся ў Варшаве). Выданне змяшчала матэрыялы аб галоўных праваслаўных святах, жыцці святых Кірылы і Мяфодзія, Ефрасінні Полацкай, Віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія і інш. На старонках часопіса друкаваліся вершы Я. Коласа, М. Танка, Н. Тарас, М. Машары і іншых беларускіх пісьменнікаў, пераклады класікаў рускай літаратуры. У кожным нумары друкаваліся невялікія цікавыя артыкулы аб прыродных з’явах у Беларусі і іншых краінах, казкі, загадкі, прыказкі і прымаўкі, невялічкія заданні для дзяцей. Часопіс карыстаўся попытам, але праз год быў забаронены польскімі ўладамі.
У С.К. Паўловіча было хворае сэрца. Ён памёр ва ўзросце шасцідзесяці чатырох гадоў і быў пахаваны на Свята-Ефрасіннеўскіх (Ліпаўскіх) могілках у Вільнюсе.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.