Дата рождения:
13.11.1806 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата смерти:
23.12.1831
Краткая справка:
фалькларыстка, паэтэса, удзельніца паўстання 1830–1831 гг. у Польшчы, Беларусі і Літве
Варианты имени:
Броэль-Плятэр Эмілія Францаўна
Имена на других языках:
Plater Emilia (польский); Броэль-Плятер Эмилия Францевна (русский); Плятер Эмилия Францевна (русский);
2918 символов
Справка
Эмілія Плятэр нарадзілася ў знатнай, але збяднелай сям’і ў Вільні. Даследчыкі і гісторыкі Г. Кісялёў, Г. Каханоўскі, А. Мальдзіс, якім даводзілася ў розны час пісаць пра славутую жанчыну, на падставе архіўных дакументаў устанавілі, што паходзіла яна са старадаўняга графскага роду, які меў уласныя землі на паграніччы сучасных Беларусі, Латвіі і Літвы, а ў той час – на тэрыторыі Віцебскай і Віленскай губерняў.
Некаторы час Эмілія жыла ў маёнтках дзядзькі, Дыянізія Моля, – Падгур’е і Літоўнікі (Літва), а з 9 гадоў – у Ліксне (Віцебшчына), у маёнтку цёткі Ізабэлы Зыберк-Плятэр. Эмілія атрымала добрае хатняе выхаванне, вывучала матэматыку, фізіку, гісторыю, літаратуру. З вялікім захапленнем яна чытала кнігі аб знакамітых людзях, якія са зброяй у руках ваявалі за вызваленне свайго краю. У літаратуры яе ідэалам была легендарная княгіня Гражына А. Міцкевіча, у сусветнай гісторыі Эмілія абрала сабе кумірам Жанну д’Арк, прыкладам для пераймання – гераіню грэчаскага паўстання Бабаліну. Каб быць падобнай на гэтых незвычайных жанчын, Эмілія займалася стральбой, фехтаваннем, вучылася добра трымацца ў сядле.
Э. Плятэр любіла збіраць і апрацоўваць беларускія народныя песні, захаплялася харэаграфіяй, пісала вершы на беларускай мове, стылізаваныя пад народныя плачы-галашэнні. На жаль, яе асабісты архіў, фальклорныя і краязнаўчыя запісы не захаваліся.
У 1829 г. Эмілія разам з маці, Ганнай Моль, ездзіла ў Варшаву, Кракаў, дзе наведала такія мясціны баявой славы і духоўныя святыні Польшчы, як поле бітвы пад Рачынам, Ойцаў і Пулавы.
Восенню 1830 г. у Варшаве ўспыхнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне. І Эмілія Плятэр з радасцю накіравалася насустрач свайму лёсу, на дапамогу радзіме. Добрае веданне народа, павага да людзей дапамаглі ёй сабраць вялікі паўстанцкі атрад. У хуткім часе юная патрыётка са сваім атрадам далучылася да корпуса генерала Д. Хлапоўскага. За смеласць і рашучасць у баявых дзеяннях камандаванне прызначыла Э. Плятэр ганаровым камандзірам роты ў пяхотным палку і прысвоіла ёй званне капітана.
Хутка стала зразумела, што паўстанне будзе падаўлена. Не пагадзіўшыся з намерам Д. Хлапоўскага перайсці ў Прусію, скласці зброю, Эмілія вырашыла самастойна дабрацца да Польшчы. Але знясіленая няспыннымі паходамі, цяжка захварэла і была пакінута на лячэнне ў в. Юсцінава. 23 снежня 1831 г. сэрца мужнай паўстанкі перастала біцца. Сябры пахавалі адважную патрыётку каля мястэчка Капцёва – цяпер Капчамесціс (Літва).
Даведаўшыся пра смерць Э. Плятэр, Адам Міцкевіч адгукнуўся на яе заўчасную канчыну вершам “Смерць палкоўніка”. Ужо нават “павышэнне” Эміліі ў званні сведчыць аб тым, што паэт вельмі высока цаніў баявыя заслугі Э. Плятэр. Пазней ёй прысвяцілі свае вершы англійскія, венгерскія, італьянскія, нямецкія, польскія, французскія паэты. Многія мастакі ўвасобілі яе воблік і подзвіг на палотнах, а гісторыкі інакш і не называлі як беларускай Жаннай д’Арк.