Васіль Фёдаравіч Праскураў жыў і працаваў па законах сумлення. Кожная старонка яго прозы сведчыць пра гэта. Ён не схіляў галавы перад забранзавелымі кумірамі і палітычнымі аўтарытэтамі, а шанаваў сціплага “дыпламаванага жыццём” чалавека працы, простага вяскоўца. Вуснамі аднаго свайго героя пісьменнік неназойліва раіў: “Знай сваё месца і — свяці! На радасць зямлі і людзям…”. Кожны твор Праскурава — дбайная сяўба руплівай душы, шчырага сэрца, што былі напоўнены дабрынёй і любоўю да людзей і жыцця.
Нарадзіўся Васіль Фёдаравіч у вёсцы Негаціна Дубровенскага раёна ў вялікай сялянскай сям’і. Да вайны будучы пісьменнік паспеў скончыць сем класаў і больш у дзённай школе не вучыўся. У 1945 г. ён быў прызваны ў армію, дзе праслужыў пяць год — спачатку ў Венгрыі, потым у Аўстрыі і Германіі. Яшчэ ў акупацыі памёр яго бацька, адразу пасля вайны не стала маці і бабулі, і ехаць дэмабілізаванаму салдату не было куды. Неўзабаве ён апынуўся ў Ганцавічах, дзе працавала настаўніцай яго старэйшая сястра. На той час Праскураў і сам не ведаў, што назаўсёды застанецца ў гэтым гасцінным, маляўнічым палескім гарадку.
На працу Васіль Фёдаравіч уладкаваўся ў мясцовы райспажыўсаюз. Тут ён займаў пасады старшыні сельпо, загадчыка гандлёвага аддзела, старшыні раённай спажывецкай кааперацыі. Адначасова скончыў вячэрнюю сярэднюю школу, экстэрнам здаў уступныя экзамены за курс Брэсцкай гандлёва-кааператыўнай школы. І хоць праца ў райспажыўсаюзе дазваляла нябедна жыць у цяжкія пасляваенныя гады, але яна не здавальняла Праскурава, таму што, па ўласнаму прызнанню Васіля Фёдаравіча, яму ўсё ж хацелася быць журналістам. Таму і скончыў без адрыву ад вытворчасці факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, атрымаў дыплом з адзнакай і доўгі час працаваў радавым журналістам — спачатку ў Ганцавічах, потым у Ляхавічах, а калі ў 1966 г. быў узноўлены Ганцавіцкі раён, вярнуўся сюды ўжо ў якасці рэдактара мясцовай газеты “Савецкае Палессе”, у якой працаваў да сваіх апошніх дзён.
За два дзесяцігоддзі, што прыпалі на перыяд рэдактарства, Васіль Праскураў у розных выдавецтвах рэспублікі выпусціў нямала кніг самабытнай прозы і мастацкай публіцыстыкі. Ужо першыя яго зборнікі “Святая сівізна” (1966), “Трое з-пад Лані” (1967), “Людзі-суседзі” (1974) сведчылі, што ў літаратуру прыйшоў самабытны арыгінальны празаік, які аддаў перавагу аднаму з самых цяжкіх жанраў — нарысу-партрэту з унутраным маральна-этычным аналізам герояў, з паказам іх сённяшняга жыцця і рэтраспектыўным зваротам у мінулае, што дазваляла глыбей і паўней паказаць чалавека. Гэтым мастацкім прыёмам Праскураў застаўся верным і ў сваіх наступных кнігах — “Пакажы чалавеку дарогу” (1979), “Чорны хлеб” (1984), “Пакланіся зямлі-карміцельцы” (1982). Гэта кніга стала этапнай ў творчасці пісьменніка, падвяла вынік яго шматгадовай працы.
«Вельмі люблю пісаць, — прызнаецца Васіль Праскураў у аўтабіяграфіі, надрукаванай у кнізе “Наўсцяж вясковай вуліцы”. — Проста не магу жыць без гэтага. Некаторыя кнігі маіх нарысаў <…> добра былі сустрэты крытыкай. Што я сам думаю аб іх? Прызнаюся шчыра, як на споведзі: усё гэта толькі трэніровачныя ўзоры той вышыўкі, якую я хачу, якую я павінен зрабіць. Не напісаць, а вышыць на паперы». Сваю працу пісьменніка-публіцыста Васіль Праскураў ацаніў занадта сціпла, хоць падчас напісання аўтабіяграфіі ўжо быў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі (за кнігу “Пакланіся зямлі-карміцельцы”). Аднаго толькі шкада: многае і, напэўна, самае лепшае ён не паспеў зрабіць (памёр 22.05.1987 г.). Але і тое, што ёсць, варта захаплення, таму што кожная кніга Васіля Праскурава — гэта сапраўдная, прыгожая вышыўка, з сакавітымі фарбамі слоўных узораў, з яркімі карункамі самабытнай беларускай мовы.