Дата рождения:
20.07.1856 Бабчын, в., Хойніцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
10.10.1936
Краткая справка:
беларускі і польскі этнограф, фалькларыст
Варианты имени:
Пяткевіч Чэслаў Генрыхавіч
Имена на других языках:
Pietkiewicz (не определен); Петкевич Чеслав (русский);
3876 символов
Справка
Унікальнай фігурай у беларускім народазнаўстве стаў беларускі і польскі этнограф і фалькларыст Чэслаў Пяткевіч, які з энцыклапедычнай шырынёй расказаў свету пра Рэчыцкае Палессе на пэўным гістарычным этапе.
Лёс Ч. Пяткевіча як вучонага незвычайны. У навуку ён прыйшоў амаль у семдзесят год. Прыйшоў, дзякуючы вядомаму польскаму славісту К. Машынскаму, які лічыў Ч. Пяткевіча сваім хросным бацькам у навуцы.
Нарадзіўся будучы этнограф у вёсцы Бабчын Рэчыцкага павета (зараз Хойніцкі раён Гомельскай вобласці) у сям’і шляхціца. Рана страціў бацьку і мусіў зарабляць на жыццё ўласнымі рукамі. Працаваў у розных смалакурнях і броварах, аканомам у панскіх маёнтках. Ч. Пяткевіч да драбніц ведаў сялянскае жыццё. Да таго ж яго маці дала ўсім сваім дзецям добрую хатнюю адукацыю. Калі да гэтага далучыць выдатную памяць Ч. Пяткевіча, становіцца зразумела, адкуль багацце тых ведаў, якія потым былі выкладзены ў яго кнігах і артыкулах.
У 1911 г. Ч. Пяткевіч пазнаёміўся з 24-гадовым выпускніком Кракаўскай акадэміі мастацтваў К. Машынскім, які якраз збіраўся заняцца даследаваннем культуры славян. Веданне Ч. Пяткевічам Рэчыцкага Палесся вельмі дапамагло маладому даследчыку. І калі ў 1923 г. Ч. Пяткевіч пераехаў у Варшаву, К. Машынскі запрасіў яго на працу ў аддзел этналогіі Інстытута антрапалагічных і этналагічных навук Варшаўскага навуковага таварыства. З 1928 г. Ч. Пяткевіч пачаў працаваць у этнаграфічнай камісіі Акадэміі навук у Кракаве.
У 1925 г. у польскім часопісе “Ziemia” быў апублікаваны першы артыкул 69-гадовага Ч. Пяткевіча “Да пытання гісторыі шкларобства на Валынскім Палессі”. Потым з’явіліся яго артыкулы “Дарогі на Рэчыцкім Палессі ў другой палове XIX стагоддзя”, “Палессе ў канцы XIX стагоддзя (пажары сасновых лясоў і балот)”, нарыс “Хойнікі” і інш. Грунтоўная манаграфія Ч. Пяткевіча пра матэрыяльную культуру Усходняга Палесся “Рэчыцкае Палессе” выйшла асобным выданнем у 1928 г. у Кракаве. У ёй раскрываецца ўсё багацце матэрыяльнай культуры названага рэгіёна. Аўтар асвятляе літаральна ўсе заняткі і рамёствы палешукоў, прычым кожны прадмет сялянскага ўжытку суправаджаецца не толькі славесным апісаннем, але і адпаведным аўтарскім малюнкам. Кніга стала пэўным этапам у развіцці даследавання Палесся, засведчыла, што ў навуку прыйшоў цікавы і таленавіты даследчык, сур’ёзны працаўнік. Адразу пасля яе выхаду Ч. Пяткевіч узяўся за падрыхтоўку другой сваёй працы, прысвечанай духоўнаму свету палескага селяніна. У 1938 г. ужо пасля смерці аўтара (памёр 10.10.1936 г.) манаграфія “Духоўная культура Рэчыцкага Палесся” пабачыла свет. Кожнай сваёй старонкай яна пераконвае ў дасканалым адчуванні аўтарам моўнай стыхіі. У кнізе прыводзяцца апавяданні, казкі, легенды, пераказаныя менавіта так, як яны гучалі ў вуснах народа; вялікая колькасць запісаў прыпадае на прыказкі і прымаўкі. Меркаваў даследчык напісаць і кнігу, прысвечаную грамадскай культуры Рэчыцкага Палесся, але да нашчадкаў дайшоў толькі фрагмент гэтага рукапісу, астатняе загінула ў час Другой сусветнай вайны. Акрамя ўласных прац Ч. Пяткевіч прымаў удзел у падрыхтоўцы да друку пасмяротнага выдання 4-га тома М. Федароўскага “Люд беларускі”, у які ўносіў свае дапаўненні і каментарыі, дапамагаў у выданні кнігі К. Машынскага “Усходняе Палессе: этнаграфічныя матэрыялы”.
У сваіх працах Ч. Пяткевіч не рабіў абагульняючых вывадаў, не даследаваў тэарэтычныя пытанні. Вялікую каштоўнасць для нашчадкаў уяўляе “тая бяспрыкладная па вычарпальнасці інфармацыя ў галіне народнага побыту і культуры Палесся, якая была сабрана ў яго манаграфіях і артыкулах”*.
Зробленае Ч. Пяткевічам назаўсёды захавала для навукі бясцэнныя старонкі жыцця гэтага надзвычай цікавага кутка беларускай зямлі, дазволіла заняць даследчыку трывалае месца ў яе гісторыі.
* Васілевіч, У. Сага пра Палессе / Уладзімір Васілевіч // Рэчыцкае Палессе / Часлаў Пяткевіч. Мінск, 2004. С. 13.