Дата рождения:
17.12.1886 Капланцы, в., Бярэзінскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
09.03.1953
Краткая справка:
кампазітар, аўтар музыкі да многіх вершаў беларускіх паэтаў, дырыжор, музычны крытык, фалькларыст, збіральнік і апрацоўшчык беларускіх народных песень, дзеяч беларускага замежжа
Варианты имени:
Равенскі Мікалай Якубавіч; Равенскі Мікола
Имена на других языках:
Ровенский Николай Яковлевич (русский);
5177 символов
Справка
Імя і творчасць Міколы Равенскага доўгі час не было шырока вядома аматарам беларускай музыкі. Таму ў біяграфіі кампазітара шмат неадкрытых, невядомых старонак трагічнага лёсу чалавека, вымушанага пакінуць Бацькаўшчыну.
Мікола Равенскі нарадзіўся ў вёсцы Капланцы цяперашняга Бярэзінскага раёна. Звестак пра яго дзіцячыя і юнацкія гады надзвычай мала. Вядома, што перад першай сусветнай вайной ён вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбургу, а пасля іх заканчэння працаваў у Навагрудку – кіраваў царкоўным хорам, выкладаў спевы ў школе, збіраў і запісваў народныя песні. Кампазітар высока цаніў фальклор. У сваёй працы “Характэрныя асаблівасці беларускай народнай песні” ён назваў народную беларускую песню адной з лепшых “у сусветнай народна-творчай літаратуры”.
На пачатку 1919 г. М. Равенскі пераехаў у Мінск, дзе працаваў дырыжорам хору пры Беларускім рабочым клубе, потым быў хормайстрам у Мінскім гарадскім тэатры, разам з М. Чуркіным удзельнічаў у вялікай фальклорнай экспедыцыі па Случчыне, арганізаванай Інбелкультам. У гэты час кампазітар займаўся і творчай работай. Напісаў аперэту “Залёты” паводле аднайменнага твора В. Дуніна-Марцінкевіча, паклаў на музыку ўступ да паэмы “Гапон”, напісаў гістарычную сюіту па матывах верша К. Буйло “Курган”, стварыў шмат песень. Па-сапраўднаму народнымі сталі песні Міколы Равенскага “Люблю наш край” на словы Канстанцыі Буйло, «Ах ты, Нёман-рака» на словы Цішкі Гартнага. У 1922 г. у выдавецтве “Адраджэньне” выйшаў “Зборнік песьняў з нотамі”, які змяшчаў не толькі аўтарскія творы М. Равенскага, але і апрацоўкі беларускіх народных песень.
Для атрымання вышэйшай музычнай адукацыі таленавітага кампазітара паслалі на вучобу ў Маскву. Тут ён скончыў музычны тэхнікум імя Стасава, затым Маскоўскую кансерваторыю. Мікола Равенскі быў вучнем выдатнага кампазітара М. Іпалітава-Іванава, які ў 1920-я гады ўзначальваў Беларускую песенную камісію і займаўся апрацоўкай беларускіх песень. Сем гадоў вучобы Равенскі лічыў найбольш плённымі ў сваім жыцці, успамінаў іх як “залатую пару” творчасці: адна за адной з’яўляліся фугі, сюіты, накцюрны, прэлюдыі для фартэпіяна, шэраг харавых твораў. У Маскве адбылося знаёмства М. Равенскага з паэтам У. Дубоўкам, які ў той час займаўся на творчым аддзяленні Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытута імя В. Брусава. Равенскі лічыў падарункам лёсу сваё сяброўства з паэтам, які, па словах кампазітара, сфарміраваў яго як творчую асобу, зрабіў з яго “музыку-кампазітара”. Плёнам гэтага супрацоўніцтва з’явіліся не толькі песні “Такая ноч”, “Ліпнёвы гімн” і інш., але і опера “Браніслава”, лібрэта да якой напісаў У. Дубоўка.
У 1930 г. кампазітар вярнуўся ў Мінск. Яму прапанавалі пасаду выкладчыка ў музычным тэхнікуме, але радасць самастойнай працы была азмрочана: для беларускай інтэлігенцыі пачалася пара рэпрэсій. Міколу Равенскага выключылі з Саюза кампазітараў, пазбавілі працы ў кансерваторыі. Каб пазбегнуць арышту, кампазітар пераехаў у Магілёў, дзе працаваў настаўнікам спеваў. У 1943 годзе пераехаў у Чэрвень (тады Ігумен), кіраваў мясцовым праваслаўным хорам, напісаў музыку для малітваў «Херувимская», «Милость Мира», «Верую», «Отче наш», «Достойно есть», стварыў канцэрт «Слава в вышних Богу». Жыццё Міколы Равенскага ніколі не было простым, але вайна канчаткова абяздоліла гэтага чалавека: разлучыла з сям’ёй, абарвала жыццё старэйшай дачкі Лёлі (яна была сувязной падпольшчыкаў і загінула ў гестапа), адабрала Радзіму, зрабіла кампазітара выгнаннікам. У 1944 г. Мікола Равенскі выехаў за мяжу і апынуўся ў лагеры для перамешчаных асоб у Рэгенсбургу. З сабой ён узяў толькі самае неабходнае і скрыпку, з якой ніколі не расставаўся. Ноччу, калі над лагерам панаваў спакой, скрыпка М. Равенскага падавала свой голас, і людзі з павагай гаварылі: “Равенскі творыць”. І ён сапраўды тварыў: была адноўлена арыя Браніславы з аднайменнай оперы і напісана новая – “Ноч пад Менскам”; атрымаў другое жыццё вялікі харавы твор на верш У. Дубоўкі “О Беларусь, мая шыпшына”; менавіта ў гэты час упершыню прагучаў гімн-малітва “Магутны Божа” на словы Н. Арсенневай.
У 1950 г. Міколу Равенскага запрасілі ў Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія), дзе кампазітар кіраваў хорам студэнтаў-беларусаў. Дзякуючы самаадданай працы М. Равенскага студэнцкі хор у хуткім часе заваяваў шырокую вядомасць, запісаў шэраг грамзапісаў з беларускімі песнямі, выступаў на тэлебачанні. Шмат часу аддаваў кампазітар творчасці, ствараў новыя песенныя творы на словы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, К. Буйло, апрацоўкі народных песень “Ой, на моры зялёным”, “Пасею гурочкі”, “Хмель лугамі”, “Халімон”, “Чаму ж мне ня пець” і інш., напісаў сюіту на беларускія тэмы для фартэпіяна, фантазію для скрыпкі і фартэпіяна, п’есу “На выгнанні” для акардэона. Гады, пражытыя Равенскім у Бельгіі, былі азмрочаны яго невылечнай хваробай: у сакавіку 1953 г. кампазітара не стала. Праз усё жыццё пранёс Мікола Равенскі любоў да роднай Беларусі, якую выказваў праз сваю музыку. З 1993 г. у Магілёве адбываецца Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”, які пачынаецца і заканчваецца гімнам М. Равенскага.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1995 г., перапрацаваны ў 2017 г.