Дата рождения:
04.02.1515 Нясвіж, г., Мінская вобласць
Дата смерти:
28.05.1565
Краткая справка:
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534–1537 гг., Інфлянцкай вайны 1558–1582 гг.
Псевдонимы:
Чёрный; Чорны
Имена на других языках:
Radziwiłł Mikołaj Czarny (польский); Радзивилл Николай Чёрный (русский);
4836 символов
Справка
Радзівілы – адзін з найбуйнейшых магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), прадстаўнікі якога ў XV–XVІІІ стст. займалі вышэйшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і вайсковыя пасады. Мікалай Радзівіл Чорны належаў да сярэдняй галіны гэтага роду. Ён нарадзіўся ў Нясвіжы ў сям’і кашталяна трокскага Яна Радзівіла (празваны Барадатым) і Ганны, дачкі Станіслава Кішкі, маршалка земскага. У сямігадовым узросце страціў бацьку і выхоўваўся пад апякунствам роднага дзядзькі. Юрый Радзівіл выгадаваў пляменніка і даў грунтоўную пачатковую адукацыю. Юнацтва Мікалая Радзівіла прайшло пры каралеўскім двары ў Кракаве, дзе ён пасябраваў з будучым вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам ІІ Аўгустам.
Пасля вяртання ў Нясвіж актыўна ўключыўся ў палітычнае і эканамічнае жыццё краіны. У 1544 г. атрымаў пасаду маршалка земскага (вялікага), узначаліў Раду ВКЛ і сеймы, удзельнічаў у пасольскіх місіях. У 1547 г. атрымаў тытул князя Свяшчэннай Рымскай Імперыі “на Алыцы і Нясвіжы”. Мікалай Радзівіл карыстаўся вялікім даверам караля. Свайму першаму дарадцу і сябру Жыгімонт ІІ Аўгуст прапанаваў пасаду вялікага гетмана, аднак нясвіжскі князь, удзельнік вайны з Маскоўскай дзяржавай (1534–1537), які на ўласныя вочы бачыў усе яе жахі, адмовіўся ад яе. Маральныя прынцыпы чалавекалюбства аказаліся для Мікалая Радзівіла вышэйшымі за славу, што можна было здабыць цаной людской крыві. У 1550 г. ён быў прызначаны канцлерам ВКЛ, праз год стаў ваяводам віленскім. У 1551 г. атрымаў прывілей на захоўванне ў Нясвіжы дзяржаўнага архіва княства (Літоўскай метрыкі).
Пачынаючы з 1552 г. Мікалай Радзівіл актыўна займаўся палітычнай дзейнасцю і рабіў усё магчымае, каб захаваць мір паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. У 1553 г. выязджаў з дыпламатычнай місіяй да Габсбургаў, каб прадухіліць магчымы габсбургска-маскоўскі саюз, што мог ускладніць становішча на ўсходніх межах ВКЛ. Галоўнай сферай дыпламатычнай дзейнасці Мікалая Радзівіла былі адносіны з Лівоніяй, вынікам якой сталі ў 1561 г. інкарпарацыя Польшчай і ВКЛ большай яе часткі і ліквідацыя там ордэна мечаносцаў. Князь ажыццяўляў і адміністрацыйную ўладу ў Лівоніі.
Акрамя знешнепалітычнай дзейнасці на працягу ўсяго жыцця Мікалай Радзівіл прымаў актыўны ўдзел ва ўнутраных справах ВКЛ. Ён узначальваў дзяржаўную камісію па правядзенні аграрнай рэформы (валочнай памеры) у гаспадарскіх маёнтках, якая падрыхтавала “Уставу на валокі” (1557), у выніку чаго павялічылася рэнтабельнасць гаспадарак у дзяржаўных уладаннях. Палітык-рэаліст, Мікалай Радзівіл разумеў, што трэба даць беларускай і літоўскай шляхце больш самастойнасці ў самакіраванні, правы, якія ўжо мела польская шляхта. З гэтай мэтай была праведзена судова-адміністрацыйная рэформа: Бельскім прывілеем 1 ліпеня 1564 г. абвешчана ўтварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Потым праведзена павятовая рэформа і створаны органы мясцовага шляхецкага самакіравання – сеймікі. Мікалай Радзівіл удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г. Усе рэформы, праведзеныя ім, спрыялі кансалідацыі феадальнага саслоўя, дапамаглі дзяржаве выстаяць у цяжкія гады Лівонскай вайны (1558–1583).
З імем Мікалая Радзівіла звязана пашырэнне рэфармацыйнага руху ў ВКЛ. Ён першым з магнатаў прыняў пратэстанцкае веравызнанне. Спачатку схіляўся да лютэранства, потым перайшоў у кальвінізм, які атрымаў найбольшае пашырэнне ў княстве. Мікалай Радзівіл падтрымліваў сувязі з прадстаўнікамі асноўных пратэстанцкіх плыней (лютэранамі, кальвіністамі, антытрынітарыямі) і стаў галоўным пратэктарам Рэфармацыі. Валодаючы вялізнымі маёнткамі ў Беларусі, Літве і Польшчы, ён ствараў там пратэстанцкія цэрквы (зборы), адкрываў малітоўныя дамы і школы. У 1553 г. першы ў ВКЛ рэфармацыйны збор пабудавалі ў Бярэсці. Каб забяспечыць прыхаджан неабходнай літаратурай, пры ім была заснавана друкарня, дзе працавалі запрошаныя з Польшчы майстры Б. Ваяводка, С. Мурмэліус, паэт, перакладчык і кампазітар Ц. Базылік. Тут у 1563 г. на сродкі Мікалая Радзівіла выдадзены польскі пераклад поўнага зводу Бібліі (славутая Брэсцкая Біблія). Пад апекай князя працавала таксама пратэстанцкая друкарня ў Нясвіжы, у арганізацыі якой прымалі ўдзел вядомыя дзеячы Рэфармацыі С. Будны, М. Кавячынскі, Л. Крышкоўскі.
Дзейнасць Мікалая Радзівіла аказала значны ўплыў на рэлігійнае, культурнае і палітычнае жыццё ВКЛ XVI ст. Ён падтрымліваў саюз з Польшчай, аднак быў рашучым праціўнікам федэрацыі, змагаўся за незалежнасць і суверэнітэт сваёй краіны. Для ажыццяўлення гэтага было ўсё: улада, багацце, вопыт палітычнай і дыпламатычнай дзейнасці, не хапіла толькі часу і здароўя. У ноч з 28 на 29 мая 1565 г. Мікалай Радзівіл Чорны памёр у сваім маёнтку Лукішкі каля Вільні. Князя пахавалі побач з жонкай пры Віленскім зборы. У 1647 г. іх астанкі былі ўрачыста перанесены ў Дубінкі (цяпер Літва).