Дата рождения: 03.09.1915
Дата смерти: 17.02.1993
Краткая справка: дырыжор, заслужаны артыст Беларусі
Имена на других языках: Райский Борис Ипполитович (русский);
Прызнаным майстрам эстраднай аркестравай музыкі, інтэрпрэтатарам многіх твораў з’яўляецца кампазітар і дырыжор, заслужаны артыст Беларусі Барыс Іпалітавіч Райскі, творчая дзейнасць якога склала залаты фонд беларускай мастацкай спадчыны.
Ён нарадзіўся ў Іркуцку (Расія) у сям’і музыканта. Разам з бацькамі ў 1925 г. пераехаў у Харбін (Кітай). З дзіцячых гадоў яго музычным выхаваннем займаўся бацька, які працаваў дырыжорам у мясцовым оперным тэатры. Ужо з 15 гадоў Б. Райскі пачаў іграць у камерных ансамблях, прымаў удзел у хатніх канцэртах. У 1932 г. скончыў Харбінскае вышэйшае музычнае вучылішча па класе віяланчэлі і стаў артыстам сімфанічнага аркестра. Першымі дырыжорскімі спробамі Б. Райскага былі сімфанічныя канцэрты ў філармоніі. Потым пастаянная работа ў студыі грамзапісу і разнастайных эстрадных калектывах. У 1937 г. пераехаў у Цінзін, дзе арганізаваў аркестр, пазней дырыжыраваў муніцыпальным аркестрам у Шанхаі, які знаёміў слухачоў з музыкай Д. Шастаковіча, А. Хачатурана, Э. Грыга і інш. У Шанхаі каля 10 гадоў працаваў дырыжорам і мастацкім кіраўніком на студыі грамзапісу “Калумбія” – філіял англійскай фірмы, дзе атрымаў вопыт студыйнай работы. У 1947 г. вярнуўся ў СССР. Вакол Б. Райскага згрупаваўся самастойны эстрадны аркестр, які меў даволі высокія прафесійныя якасці і праз год быў залічаны ў штат Кемераўскага абласнога канцэртна-эстраднага бюро. Аб рэпертуары гэтага аркестра расказваюць шматлікія друкаваныя праграмы гастрольных паездак па розных гарадах Савецкага Саюза. Тут можна было знайсці ўрыўкі з такіх твораў, як “Спячая прыгажуня” П. Чайкоўскага і “Капэлія” Л. Дэліба, “Камарынская” М. Глінкі і “Лёгкая кавалерыя” Ф. Зупэ, “Палёт чмяля” М. Рымскага-Корсакава і “Марш энтузіястаў” М. Дунаеўскага, музыку з аперэт і песні савецкіх кампазітараў, аркестравыя мініяцюры кампазітараў-класікаў, савецкую і зарубежную эстрадную музыку. Працаваў дырыжор таксама ў Рызе, Іванаве, Львове.
У сярэдзіне 1950-х гг. Б. Райскі прыехаў у Беларусь і па запрашэнні дырэктара цырка застаўся ў Мінску. З 1957 г. быў галоўным дырыжорам аркестра Мінскага цырка. Першыя свае выступленні калектыў пачаў у цырку-шапіто ў парку імя М. Горкага, бо на той час яшчэ не было будынка. За гады кіраўніцтва Б. Райскі здолеў не толькі захаваць добрыя выканаўчыя традыцыі, але і замацаваць і пашырыць іх. Рознабаковая дырыжорская дзейнасць, праца ў сімфанічных аркестрах, цыркавых і эстрадных калектывах дапамаглі Б. Райскаму стаць музыкантам з надзвычай шырокім творчым дыяпазонам. Менавіта гэта і паслужыла прычынай для яго запрашэння ў 1961 г. на пасаду галоўнага дырыжора і мастацкага кіраўніка канцэртна-эстраднага аркестра Беларускага тэлебачання і радыё (з 1975 г. эстрадна-сімфанічны, з 1979 г. сімфанічны), якім кіраваў да 1988 г. Аркестр пад кіраўніцтвам Б. Райскага за кароткі перыяд дасягнуў высокага прафесійнага майстэрства: бездакорнай чысціні інтанацыі, гукавой раўнавагі між асобнымі групамі калектыву, тэхнічнай дакладнасці выканання. Аркестр меў вялікі рэпертуарны дыяпазон, які спалучаў складаную сімфанічную музыку, эстрадныя творы, зарубежны джаз. Аснову складала эстрадная музыка кампазітараў Беларусі, рэспублік Савецкага Саюза, а таксама лепшыя ўзоры заходняга джаза, музыкі народаў Лацінскай Амерыкі. Творы беларускіх кампазітараў у жанры эстраднай музыкі загучалі шырока і ўпэўнена. Аркестр з яго кіраўніком стаў для іх добрай выканаўчай базай і мастацкай лабараторыяй. Над кожным творам ішла карпатлівая работа: з кампазітарам над выразнасцю мелодыі, з паэтам над вобразнасцю тэксту і над лёгкасцю рыфмы. Дзякуючы гэтай лабараторыі з канцэртных залаў і па радыё загучалі такія творы, як фантазія на тэму беларускай народнай песні “Перапёлачка” Я. Глебава і яшчэ некалькі дзясяткаў яго аркестравых п’ес і песень, новыя эстрадныя творы Д. Камінскага, М. Шнейдэрмана, І. Кузняцова, Э. Тырманд, Д. Смольскага, І. Лучанка, Ю. Семянякі і многіх іншых кампазітараў. У рэпертуары аркестра з’явіліся аркестравыя п’есы і песні кампазітараў-аматараў Ю. Цырука, Б. Фёдарава, Л. Молера, І. Нагаўкіна, М. Сакалова і інш. Вырасла кола салістаў, якія актыўна супрацоўнічалі з калектывам, сярод іх – З. Бабій, І. Сарокін, В. Чарнабаеў, В. Ганчарэнка, Т. Ніжнікава, Т. Шымко, А. Саўчанка і інш. З’яўляючыся аўтарам музыкі для кіно, тэлебачання, цырка, выдатным інструментоўшчыкам і выканаўцам на многіх інструментах, Б. Райскі з прафесійным майстэрствам займаўся пастаноўкай многіх музычных твораў, самых разнастайных па характары і жанрах. Пад яго кіраўніцтвам зроблены фондавыя запісы опер “Кастусь Каліноўскі” Д. Лукаса, “У пушчах Палесся” А. Багатырова, “Зорка Венера” Ю. Семянякі, “Сівая легенда” Д. Смольскага, “Матухна Кураж” С. Картэса, радыёоперы “Барвовы золак” К. Цесакова, музыкі балетаў “Альпійская балада”, “Выбранніца” і “Маленькі прынц” Я. Глебава, музычных камедый “Паўлінка” Ю. Семянякі і “Несцерка” Р. Суруса, вакальна-сімфанічных, сімфанічных і эстрадных твораў і песень беларускіх кампазітараў для Беларускага тэлебачання і радыё; грамзапісы “Спявае Зіновій Бабій” (арыі з класічных опер, 4 пласцінкі), “Беларуская сімфанічная музыка” (3 пласцінкі), “Песні беларускіх кампазітараў” (3 пласцінкі) усесаюзнай фірмай “Мелодыя” і інш. Барыс Райскі з’яўляецца аўтарам дапаможнікаў “Звени гитара: практическое пособие игры на шестиструнной гитаре: в помощь коллективам художественной самодеятельности” (1970), “Пособие для обучающихся игре на гитаре” (1972). Ім складзены і адрэдагаваны некалькі зборнікаў беларускай эстраднай музыкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.