Іна Рытар вядома беларускаму чытачу пад псеўданімам Аляксандры Саковіч. Нарадзілася пісьменніца ў Адэсе ў беларускай сям’і, што пераехала на поўдзень з мястэчка Ярэмічы на Навагрудчыне.У сям’я гадавалася чацвёра дзяцей (тры дзяўчынкі і хлопчык), Іна была самай малодшай з дзяцей. Яна расла ўважлівай і чулай дзяўчынкай. З самага маленства яна заўважала прыгажосць навакольнай прыроды: штогод лета дзеці разам з маці праводзілі ў Ярэмічах, што знаходзіліся на левым беразе Нёмана, непадалёк ад Налібоцкай пушчы. Неўзабаве пачалася рэвалюцыя, за ёй – грамадзянская вайна. З імі ў сям’ю Рытараў прыйшлі жыццёвая няпэўнасць, нястача, голад і холад. На пачатку 1921 г. будучая пісьменніца апынулася ў Мінску. Насупраць дома, дзе яны жылі, размясціўся дзіцячы садок, загадчыцай якога працавала Уладзіслава Францаўна Луцэвіч (жонка Я. Купалы). Адбылося знаёмства і з самім паэтам. З цеплынёй прыгадвала Іна тыя дні. У доме сястры (яна выйшла замуж за беларускага пісьменніка Міхайлу Грамыку) панавала творчая атмасфера. Гэта ў немалой ступені паспрыяла таму, што Іна неўзабаве паступіла ў Беларускі педагагічны тэхнікум, потым вучылася ў БДУ на гістарычным факультэце. Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала выкладчыцай рабфака пры БДУ.
Надышоў 1930 год. Пачаліся арышты так званых ”нацдэмаў”, сярод якіх былі і знаёмыя І. Рытар. ”Калі арыштавалі маіх сяброў, Менск для мяне стаў пустым і чужым, і я падалася ў Адэсу…”, – пісала пісьменніца ва ўспамінах. Потым яна жыла ў Гомелі ў сярэдняй сястры і выкладала беларускую літаратуру ў аграмедінстытуце. Увосень 1931 г. І. Рытар пераехала ў Маскву, да свайго мужа Дамініка Сеўрука, які працаваў у Цэнтральным інстытуце авіяцыйнага маторабудавання інжынерам-канструктарам. Аднак сямейнае шчасце было нядоўгім: захварэў і памёр сын, пачаліся арышты ў Маскве. 8 сакавіка 1938 г. забралі Д. Сеўрука. (Некаторы час ён знаходзіўся ў Таганскай турме, потым быў высланы на Калыму, перанёс шмат гора, аднак яго спецыяльнасць інжынера-канструктара дазволіла яму выжыць. Дамінік быў накіраваны ў групу інжынэраў па распрацоўцы вадкасных ракетных рухавікоў (ВРР), распрацоўваў электрычныя схемы кіравання для іх, рухавікі для зенітных ракет і ракетных комплексаў, стаў доктарам тэхнічных навук, прафесарам. Памёр у 1994 г.). Звестак ад мужа не прыходзіла. Іна Рытар, як жонка “ворага народа”, была вымушана пакінуць Маскву. Яна спынілася ў брата ў пасёлку Балабанава за 100 кіламетраў ад Масквы: працавала ў школе настаўніцай нямецкай мовы. А праз год пачалася вайна.
У час нямецкай акупацыі І. Рытар вярнулася ў Ярэмічы. Працавала ў мясцовай сямігодцы, у Навагрудскай настаўніцкай семінарыі, якую ўзначальваў А. Орса. У 1944 г. выехала ў Германію. Калі ў Рэгенсбургу – беларускім лагеры для перамешчаных асоб – была заснавана беларуская гімназія імя Я. Купалы, І. Рытар пачала выкладаць у ёй нямецкую мову. У Берліне адбыўся яе літаратурны дэбют: у беларускай газеце “Работніца”, якую выдаваў К. Езавітаў, былі надрукаваны ўспаміны І. Рытар “Менск у 1930–1931 гг.”.
У 1950 г. яна прыехала ў ЗША. У Нью-Ёрку пазнаёмілася з Яўгенам Каханоўскім (Калубовічам), выйшла за яго замуж і пераехала ў Кліўленд. У гэтым горадзе мелася значная беларуская калонія, дзейнічала праваслаўная царква, адбываліся цікавыя сустрэчы беларусаў з розных штатаў Амерыкі, Канады, Еўропы, Аўстраліі, арганізаваныя Беларуска-Амерыканскім цэнтрам “Полацк”. Менавіта тут, у Кліўлендзе, І. Рытар па-сапраўднаму пачала займацца літаратурнай дзейнасцю, якой аддала больш за 40 гадоў жыцця. Яна – аўтар аповесцей “Браты”, “Між Сцылай і Харыбдай”, шматлікіх апавяданняў. Гэтыя творы склалі анталогію “У пошуках праўды”, выдадзеную ў 1986 г. Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Асобным выданнем выйшла аповесць “Браты” (1973). У 1950-я гады І. Рытар апублікавала свае ўспаміны пра вядомых дзеячаў беларускага Адраджэння 20-30-х гадоў ХХ ст. – Я. Лёсіка, А. Цвікевіча, М. Грамыку, М. Доўнар-Запольскага, П. Бузука і інш. Мемуары І. Рытар прадстаўляюць несумненную цікавасць для даследчыкаў гісторыі і культуры Бацькаўшчыны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1995 г., перапрацаваны ў 2017 г.