Дата рождения:
25.08.1946 Рыжэнькі, в., Шумілінскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
23.03.2015
Краткая справка:
паэт, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча (2000), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2007), Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года "Залаты Купідон" (2011), ганаровы грамадзянін г. п. Шуміліна
Имена на других языках:
Салтук Олег Владимирович (русский);
3258 символов
Справка
Творчасць паэта і журналіста Алега Уладзіміравіча Салтука адметна і ярка вылучаецца ў сучаснай беларускай літаратуры.
Нарадзіўся ён у в. Рыжэнькі Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1963 г. скончыў Мішкавіцкую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння (1967) некаторы час працаваў у Даўгапольскай школе-інтэрнаце Гарадокскага раёна, потым служыў у Савецкай арміі. З 1969 па 1973 г. быў адказным сакратаром раённай газеты «Патрыёт» у гарадскім пасёлку Ушачы. 3 1974 г. працаваў уласным карэспандэнтам абласной газеты «Віцебскі рабочы», шмат ездзіў па заходніх раёнах вобласці. З 1977 г. з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1979 г. прымаў удзел у VII Усесаюзнай нарадзе маладых пісьменнікаў у Маскве. У 1980–1999 гг. быў сакратаром Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. За час работы на гэтай пасадзе наладзіў шматлікія творчыя сувязі з беларускімі і рускімі паэтамі, спрыяў аднаўленню выпуску альманаха «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная» (1992).
Пісаць вершы пачаў яшчэ ў школьныя гады, дасылаў іх у раённую газету «Герой працы» і ў «Піянер Беларусі». Першы верш быў апублікаваны ў 1965 г. у газеце «Магілёўская праўда». У час службы ў арміі друкаваўся ў вайсковых газетах, часопісах «Огонек», «Наш современник», «Дружба народов», «Литературной газете». Асноўныя тэмы паэзіі А. Салтука – мінулае і сучаснае роднай зямлі, партызанская барацьба на Ушаччыне, подзвіг беларускага народа, выпрабаванні ваеннага часу, паўсядзённыя клопаты і трывогі, каханне, сяброўства, вернасць, няпростыя чалавечыя ўзаемаадносіны. Паэт часта звяртаецца да вобразаў вёсак, з якімі ў розныя перыяды было звязана яго жыццё: Рыжэнькі, Салаўёўка і інш. Многія лепшыя вершы А. Салтука вылучаюцца гістарызмам мыслення, вернасцю славянскім вытокам («Беларусы», «Памяці У. Караткевіча», «Полацку», «У вянок М. Багдановічу», «Купалы Пакроўкі», цыкл «Пскоўскія фрэскі»). Яго лірычныя героі арганічна спалучаюць у сябе эстэтыку кахання, увасабляюць светапогляд сучаснікаў, іх светаадчуванне, клопаты пра родную зямлю і продкаў. Паэзія А. Салтука апошніх гадоў характарызуецца перажываннямі за лёс дзяржавы, народа, беларускай мовы. Філасофскае асэнсаванне чалавечага жыцця перадаецца праз зімовыя пейзажы, завею, снег («Зазімак», «Пакровы», «Снежань», «Завея», «Вечарэе, завея» і інш.). Літаратурная спадчына А. Салтука прадстаўлена зборнікамі «Пачатак дня» (1974), «Працяг» (1977), «Святло зямлі» (1982), «На далонях жыцця» (1988), «Трывога лёсу» (1996), «Не разлюбі» (2003), «На вейцы веку» (2006), «Дзве зары» (2011), «Вяртанне» (2014). Яго вершы ўвайшлі ў калектыўныя зборнікі «Молодые поэты Белоруссии» (1979), «Слово по кругу» (1981), «Беларусь моя» (1983) і інш. Творы паэта перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, балгарскую, нямецкую, асецінскую мовы.
Пісьменнік з’яўляецца лаўрэатам літаратурных прэмій імя У. Караткевіча (2000) і «Залаты купідон» (2011), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2007). Ён узнагароджаны медалямі «За доблесную працу», «За працоўную адзнаку», дыпломам Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро». У 2005 г. А. Салтуку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін г. п. Шуміліна».