Дата рождения:
12.09.1945 Дамашы, в., Маладзечанскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
11.06.1982
Краткая справка:
пісьменнік, літаратуразнавец, крытык
Варианты имени:
Семашкевіч Рыгор
Имена на других языках:
Семашкевич Григорий Михайлович (русский);
4534 символа
Справка
Нарадзіўся Рыгор Міхайлавіч Семашкевіч у в. Дамашы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1966 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (БДУ). Працаваў дырэктарам Малінаўскай васьмігадовай школы Смаргонскага раёна. У 1967–1969 гг. быў аспірантам кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1970 г. стаў кандыдатам філалагічных навук, у 1980 г. – дацэнтам. З 1970 г. працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ, з 1976 г. старшым выкладчыкам. Чытаў лекцыі па гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры, вёў спецсемінар па сучаснай беларускай паэзіі, кіраваў падрыхтоўкай студэнцкіх курсавых і дыпломных работ. З 1969 г. з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў БССР.
Друкавацца пачаў з 1960 г. Яго творы публікаваліся ў часопісах «Маладосць», «Полымя» і іншых перыядычных выданнях. Рыгор Семашкевіч пісаў вершы, аповесці, літаратуразнаўчыя і крытычныя артыкулы. Для стылю пісьменніка характэрны адметнасць вобразнага мыслення, багацце рытміка-інтанацыйнага ладу. У пачатку творчага шляху былі надрукаваны два зборнікі: «Леснічоўка» (1968) і «Субота» (1973). Вершам аўтара ўласцівы шчырасць, псіхалагізм, багацце рытмікі, філасафічнасць. Яны змястоўныя і глыбокія, часам іранічныя. Некаторыя з іх уражваюць глыбінёй думкі, схільнасцю да самааналізу:
Ніколі мне ад тых трывог і бед
Не уцячы, нідзе мне не падзецца.
На сто часцін расколваецца свет,
А трэшчыны усе ідуць праз сэрца.
(«Не наракаю на цябе, мой лёс...»)
У яго паэзіі адчуваецца павага да ўсяго беларускага, нацыянальнай гісторыі, а таксама вера ў незалежнасць сваёй краіны («Вайсковыя могілкі Мінска», «Кастусь Каліноўскі», «Апошняя ноч Каліноўскага», «Верш, напісаны ў архіве», «Францішак Багушэвіч» і інш.). На падзею вяртання на радзіму кніг, вывезеных у гады вайны, паэт адклікнуўся вершам «Вяртанне кніг», дзе разважаў пра трагічны лёс культурных каштоўнасцей чалавецтва. Выдатнаму паэту ХIХ ст. Ф. Багушэвічу за яго служэнне народу Р. Семашкевіч прысвяціў такія радкі:
На ўсю Беларусь мільён пракурораў
І толькі адзін, толькі ён адвакат.
(«Францішак Багушэвіч»)
Паэт напісаў шмат вершаў пра прыроду, прыгажосцю якой ён быў замілаваны («На беразе рэчкі заціхлі бярозы…», «Ажыўшых сосен чуцен звон...», «Сад вартую, і не спіцца мне…», «Спакойныя далёкія дубы...», «Чырвонае лета!..» і інш.). Рыгор Семашкевіч вывучаў творчасць іншых паэтаў, любіў чытаць вершы беларускіх, рускіх і замежных аўтараў. Яго кумірам была Г. Ахматава.
Пісьменнік з’яўляецца аўтарам кніг «Бацька ў калаўроце» (1976), «Выпрабаванне любоўю» (1982), «Лічыла дні зязюля...» (1987). Сатырычная аповесць «Бацька ў калаўроце» прасякнута гумарам, смелай выдумкай, гратэскам. У літаратуразнаўчых працах аўтара выявіліся эрудзіраванасць, даследчыцкі талент, уменне палемізаваць, пісаць не толькі доказна, але і цікава. У кнізе эсэ і крытычных артыкулаў «Выпрабаванне любоўю» шмат увагі ўдзяляецца пытанням развіцця беларускай літаратуры і культуры пачатку ХХ ст. Разглядаюцца і праблемы развіцця сучаснай літаратуры, у асноўным паэзіі. Ён аналізуе творчасць Р. Барадуліна, А. Лойкі, Я. Янішчыц, Н. Мацяш, Ю. Голуба, В. Коўтун і інш. На багатым дакументальным матэрыяле, з выкарыстаннем раней невядомых архіўных звестак напісаны нарыс «Браніслаў Эпімах-Шыпіла» (1968) і манаграфія «Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец ХIХ – пачатак ХХ ст.)» (1971). У эсэ «Світка Буйніцкага» расказваецца пра станаўленне беларускага тэатра, асобу І. Буйніцкага, акцёраў яго трупы. Рыгор Семашкевіч пісаў рэцэнзіі на паэтычныя, празаічныя і літаратуразнаўчыя кнігі. Няскончаная аповесць пісьменніка «Ясень» у многім аўтабіяграфічная. Тут і добрае веданне дзіцячай і падлеткавай псіхалогіі, і роздум пра жыццё, яго абмежаванасць у часе для кожнага чалавека, і трагізм. У 1974 г. у выдавецтве «Молодая гвардия» выйшла з друку яго кніга ў перакладзе на рускую мову «Золото соломы». Некаторыя вершы Р. Семашкевіча былі перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую, польскую і іншыя мовы. Да 70-годдзя з дня нараджэння пісьменніка і навукоўца былі апублікаваны “Матэрыялы навукова-краязнаўчай канферэнцыі “Не наракаю на цябе, мой лёс...”.
Паэт, празаік, крытык і публіцыст Р. Семашкевіч за сваё кароткае жыццё паспеў шмат стварыць. Меў уласнае светабачанне пэўных гістарычных падзей, заўсёды задумваўся над прызначэннем чалавека.