“Фаўст” І. Гётэ, “Доктар Фаўстус” Т. Мана, “Гульня шкляных пёрлаў” Г. Гесэ, “Так казаў Заратустра” Ф. Ніцшэ, “Найвышэйшая песня Саламонава”, “Новы Запавет. Псалтыр”, “Біблія” – гэтыя і многія іншыя творы, што ўзбагацілі духоўны свет многіх народаў, сталі сапраўдным падарункам беларускаму чытачу, дзякуючы плённай працы вядомага беларускага перакладчыка Васіля Сяргеевіча Сёмухі.
Нарадзіўся В. Сёмуха на хутары Ясенец Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям'і лесніка. Рана зведаў горкую долю чалавека, бацькоў якога за сувязь з партызанамі расстралялі фашысты. Прымаючы гэта як суровую рэальнасць, В. Сёмуха імкнуўся свядома спасцігнуць – у чым жа сутнасць нямецкага народа, як мог вырасці на нямецкай глебе фашызм. Яго цікавіла ўсё, што датычыць духу нацыі, ад яго вытокаў, ад фальклору.
Шырыні сваіх інтарэсаў перакладчык абавязаны ў многім таму, што настаўнікам яго быў вядомы знаўца заходнееўрапейскай літаратуры Р.М. Самарын, прафесар Маскоўскага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, дзе з 1954 г. па 1959 г. вывучаў германістыку на рамана-германскім аддзяленні філалагічнага факультэта В. Сёмуха.
Пасля заканчэння ўніверсітэта В. Сёмуха працаваў рэдактарам Белдзяржвыдавецтва (пазней выдавецтва “Беларусь”), выкладаў нямецкую мову ў школе, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, быў літсупрацоўнікам газеты “Літаратура і мастацтва”. З 1972 г. працаваў у рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
Ужо ў 23 гады В. Сёмуха пачаў пераклад “Фаўста” І. Гётэ, і дзеля таго, каб прачытаць геніяльную трагедыю ў перакладзе класіка латышскай літаратуры Я. Райніса, вывучыў латышскую мову. Вынікам такой працы сталі не толькі пераклады твораў Я. Райніса, але і вершаў В. Бэлшэвіцы з кнігі “Белы алень”, якая выйшла ў Мінску ў 1985 г. Ім таксама перакладзены А. Бэлс, Э. Вілкс, Л. Думберс, І. Зіеданіс, А. Клявіс, В. Лаціс, Э. Лук'янскіс, З. Скуіньш, А. Чакс, М. Чаклайс, Р. Эзера, К. Элсбергс.
“Фаўст” І. Гётэ ў перакладзе В. Сёмухі прызнаны адным з найлепшых перакладаў на славянскія мовы. Уладзімір Караткевіч напісаў: “...перакладчык дасягнуў дзіўнага: з намі гаворыць вялікі Германец, але адначасова гэта гаворыць Беларус, што выказвае думкі Гётэ, як выказваў бы іх ён, але па-беларуску”.*
Пачатак перакладчыцкай працы В. Сёмухі быў не толькі плённым, але па-выдавецку даволі ўдалым: яго пераклады з нямецкай, дацкай, шведскай, польскай, украінскай і іншых моў друкаваліся ў часопісах, з'яўляліся ў зборніках “Дзень паэзіі” і выходзілі асобнымі кнігамі. Сярод іх творы В. Брэдэля, Л. Рэна, Э. Штрытматэра, Г. Гофэ, Г. Фалады, Г. Гесэ і інш.
У 1988 г. В. Сёмуха пачаў працу над перакладам Бібліі, кніг Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. У выніку шматгадовай працы ў 2002 г. пераклад Бібліі быў выдадзены. Васіль Сёмуха завяршыў яшчэ адну вялікую працу свайго жыцця. Мастацкі пераклад – адзін з самых важнейшых, складанейшых відаў літаратурна-творчай дзейнасці. Разам з тым па сваёй сацыяльнай функцыі ён з'яўляецца найбольш дзейснай формай міжнацыянальных культурных сувязей, сродкам духоўнага ўзаемаўзбагачэння і збліжэння розных народаў.
За перакладчыцкую дзейнасць і плённы ўдзел у развіцці нямецка-беларускіх літаратурных узаемасувязей В. Сёмуха атрымаў узнагароду ГДР “Залаты знак гонару” (1981) і ордэн “За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй” (2001), а за пераклад рамана Т. Мана “Доктар Фаўстус” В. Сёмуху прысвоена званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1992). Латвійская Рэспубліка ўзнагародзіла яго ордэнам Трох зорак.
Спіс замежных аўтараў, якія дзякуючы В. Сёмуху “загаварылі” на мове М. Багдановіча і Я. Купалы, можна працягваць. У 2007 г. у перакладзе Васіля Сяргеевіча выйшла “Кніга гадзін” Р. Рыльке, у 2009 г. асобнымі выданнямі з'явіліся пераклады двух раманаў: “Юстыцыя” швейцарскага белетрыста Ф. Дзюрэнмата і “Ferdydurke” аднаго з найбуйнейшых польскіх аўтараў ХХ ст. В. Гамбровіча, а таксама пераклад славутай кнігі Э.Т.А. Гофмана “Курдупель Цахес... et cetera, et cetera, et cetera”. У 2010 г. быў выдадзены раман нямецкай пісьменніцы М. Марон “Вуліца Ціхая, шэсць”. Васіль Сёмуха перакладае таксама п’есы для тэатраў Беларусі.
Больш за паўстагоддзя працягваецца бескарыслівае служэнне В. Сёмухі беларускаму слову, сусветнай і роднай літаратуры. Як адзначыла крытык А. Сямёнава: “...галоўная вартасць перакладаў В. Сёмухі ў тым, што ён, як сапраўдны майстар, ідзе не ад літары, не ад абавязковай адпаведнасці слову, а ад думкі аўтара, ад настроенасці яго, ад мелодыкі і рытмікі верша, ад асаблівасцяў моў арыгінала і перакладу. Ён імкнецца да таго, каб не згубіць сутнасць твора, яго духоўнага настрою, яго стылю, яго нацыянальнай асаблівасці”.**
* Караткевіч У. С. Збор твораў : у 8 т. / Уладзімір Караткевіч; уклад., падрыхт. тэкстаў і камент. Л. Д. Багаданавай; рэд. тома А. Мальдзіс. – Мінск, 1991. – Т. 8, кн. 2. – С. 409.
** Прыйдзі, стваральны дух : пераклады Васіля Сёмухі : з ням., аўстрыйск., пол., латыш. лірыкі / [прадм. А. Сямёнавай]. – Мінск, 1986. – С. 10.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.