Францішак Смуглевіч – буйнейшы прадстаўнік класіцызму ў мастацтве Польшчы, Літвы і Беларусі. Паходзіў з сям’і мастака Л. Смуглевіча, які служыў прыдворным жывапісцам караля Аўгуста ІІІ. Першыя ўрокі жывапісу атрымаў у бацькі і дзядзькі – вядомага мастака Ш. Чаховіча. У 1763 – 1764 гг. працягваў вучобу як стыпендыят Станіслава Аўгуста ў Рыме ў А. Марона і з 1766 г. – у Акадэміі Святога Лукі, быў вучнем Р. Менгса, вывучаў тэарэтычныя творы І. Вінкельмана. Пасля заканчэння акадэміі некаторы час знаходзіўся ў Рыме, разам з В. Брэна рамалёўваў золатам гроты. У 1784 – 1797гг. жыў у Варшаве. Тут ён распісваў касцёлы, часта наведваў Вільню, Гродна, Мінск. У 1797 г. Ф. Смуглевіч быў запрошаны ў Вільню на пасаду прафесара жывапісу і малюнка Віленскага ўніверсітэта, дзе да канца свайго жыцця выконваў гэты абавязак і вёў значную педагагічную работу. “Высокообразованный художник, сторонник классицизма эпохи Просвещения, создавший немало замечательных произведений живописи, он предъявлял к своим слушателям очень высокие требования, доказывая необходимость для художника всестороннего образования. Такое отношение к живописи, считавшейся до этого ремеслом, было новым и исключительно важным”*. Гэта характарыстыка Смуглевіча-педагога публікуецца на старонках манаграфіі, прысвечанай шматвяковай гісторыі Вільнюскага ўніверсітэта. Той перыяд, калі ён узначальваў кафедру малюнка і жывапісу, летапісцы ўніверсітэта называлі “залатым часам” Віленскай мастацкай школы.
Сваю педагагічную дзейнасць Ф. Смуглевіч сумяшчаў з творчай працай. Удзельнічаў у размалёўцы інтэр’ераў Міхайлаўскага палаца ў Санкт-Пецярбургу (1800 – 1801, не зберагліся), аформіў так званую залу Смуглевіча ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта (разам з братам Антоніем), напісаў для Віленскага кафедральнага сабора фігуры 12 апосталаў, які выканаў у натуральную велічыню, стварыў некалькі рэлігійных кампазіцый на біблейскія сюжэты для касцёлаў Беларусі (у Рэчыцы, Мінску, Гродна,Полацку), Літвы і Польшчы.
Францішак Смуглевіч працаваў у жанрах гістарычным, батальным, партрэта, ствараў алегарычныя і міфалагічныя кампазіцыі. Сярод твораў – “Смерць Марыі” (1784), “Св. Іаан-Хрысціцель”, “Прыгавор аб выгнанні Арыстыда”, “Перамога Аляксандра над Дарыем”, “Юдзіф”, “Бітва каля Берасцечка ў 1651”, “Развітанне апосталаў Пятра і Паўла” (1805), “Персідскія паслы ў караля Марока”, “Пасольства скіфаў у Дарыя”, “Бітва пры Хаціне ў 1673”, “Уступленне Баляслава Храбрага ў Кіеў” і інш. У яго творчасці маюцца карціны па матывах народнага жыцця (“Польскія сяляне за сталом”, “Літоўскія сяляне”, “Сяляне ў нацыянальным адзенні”, “Сцэна з сялянскага жыцця” і інш.), а таксама творы з сюжэтамі, звязанымі з барацьбой польскага народа за сваё вызваленне (“Прысяга Т. Касцюшкі на Кракаўскім рынку”, “Апафеоз паўстання Касцюшкі”, “Касцюшка заклікае Польшчу на барацьбу з ворагам”). Характэрнай асаблівасцю яго жывапісу было тое, што прататыпамі герояў сваіх твораў мастаку, выхадцу з небагатай сям’і, звычайна служылі простыя людзі – гарадскія рамеснікі і сяляне. У жанры партрэта ім былі напісаны партрэты Ю. Пешкі, Р. Пшаздзецкага, сям’і Тышкевічаў, епіскапа Гедройца, сям’і Прозараў, аўтапартрэт і інш. Сярод мастацкай спадчыны жывапісца ёсць шмат твораў арыгінальнай графікі, у тым ліку кніжнай.
Пасля сябе Ф. Смуглевіч пакінуў плеяду выдатных вучняў, творчая дзейнасць якіх доўгі час падтрымлівала высокі ўзровень Віленскай мастацкай школы. Сярод іх – Я. Рустэм (1762–1835), Ю. Пешка (1762 – 1831), Ю. Аляшкевіч (1777 – 1830), К. Бароўскі (1785 – 1854), Я. Дамель (1780 – 1840).
Творы Ф. Смуглевіча захоўваюцца ў музеях Літвы і Польшчы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.
*История Вильнюсского университета : (1579 –1979). – Вильнюс, 1979. – С. 57.