Дата рождения:
01.03.1926 Хутар, в., Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
18.10.2009
Краткая справка:
журналіст, літаратуразнавец, пісьменнік, педагог, выдатнік адукацыі Беларусі, выдатнік друку Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат прэміі "За духоўнае адраджэнне" (2000)
Имена на других языках:
Стрельцов Борис Васильевич (русский);
4228 символов
Справка
Сучасную беларускую журналістыку немагчыма ўявіць без дзейнасці Барыса Васілевіча Стральцова.
Ён нарадзіўся ў в. Хутар Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны скончыў восем класаў Чавускай сярэдняй школы. Шэсць гадоў служыў у арміі, дзе ў 1950 г. асвоіў праграму дзявятага класа. Праз год атрымаў атэстат сталасці ў Бабруйскай вячэрняй школе. З 1951 па 1956 г. з’яўляўся студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ). Вучобу сумяшчаў з работай у рэдакцыях: быў літаратурным супрацоўнікам бабруйскай абласной газеты «Савецкая Радзіма», загадчыкам аддзела ў газеце «Чырвоная змена». Пасля заканчэння ўніверсітэта Б. Стральцоў працаваў у газеце «Звязда», дзе паралельна з журналісцкай работай займаўся распрацоўкай тэмы «Газета і мараль». Матэрыялы даследавання сталі асновай кандыдацкай дысертацыі, якую абараніў у 1968 г. З верасня 1969 г. пачаў выкладаць на факультэце журналістыкі БДУ. У лістападзе ўзначаліў кафедру тэорыі і практыкі савецкай журналістыкі, з 1999 г. з’яўляўся прафесарам кафедры сацыялогіі журналістыкі, а пасля перыядычнага друку. З 2007 па 2009 г. працаваў выкладчыкам у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва. У 1969–1998 гг. займаў пасаду намесніка рэдактара часопіса «Веснік БДУ» (серыя 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка.). У 1978 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Праблемы мадыфікацыі функцый і прадмета публіцыстыкі ў газетных жанрах», у наступным годзе атрымаў званне прафесара. Ва ўніверсітэце па-сапраўднаму раскрыўся талент Б. Стральцова як вучонага і таленавітага педагога. Ён займаўся пытаннямі сучаснай журналістыкі, выступаў з дакладамі на канферэнцыях, падрыхтаваў больш за 20 кандыдатаў і дактароў навук, выдаў дзясяткі навуковых кніг і вучэбных дапаможнікаў. Сярод іх – «Газета і мараль» (1971), «Публіцыстычнасць інфармацыйных жанраў» (1973), «Аналітычныя жанры» (1974), «Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства» (1977), «Дзесятая пяцігодка ў беларускім нарысе» (1980), «Фельетон: теория и практика жанра» (1983), «Основы публицистики. Жанры» (1990), «Свет и тени» (1991), а таксама кнігі, напісаныя ў суаўтарстве, – «За газетным радком» (1973), «Печать и проблемы научно-технического прогресса» (1976), «Праблематыка газетных выступленняў» (2 часткі, 1980, 1982), «Эффективность партийной публицистики» (1986), «В созвучии со временем» (1989) і інш. Даследуючы жанры сучаснай публіцыстыкі, Б. Стральцоў напісаў шмат нарысаў, рэпартажаў і артыкулаў. Яго навуковыя працы выкарыстоўваліся на факультэтах журналістыкі ў Маскоўскім, Кіеўскім, Санкт-Пецярбургскім універсітэтах, набылі вядомасць за мяжой.
Журналісцкую, даследчыцкую і педагагічную працу Б. Стральцоў сумяшчаў з творчай дзейнасцю. На яго пісьменніцкім рахунку – зборнікі апавяданняў «Наследнік» (1963), «Сыходзяцца бальшакі і прасёлкі» (1969); аповесці «Вячэрняя планета» (1975), «Метраном памяці» (1985); раман «Між крутых берагоў» (1980); зборнік абразкоў і апавяданняў «Чарадзейны туман» (2000). Зямля і людзі калгаснай вёскі, іх паўсядзённы клопат, справы моладзі, яе ўдзел у грамадскім жыцці краіны, пошукі сваіх жыццёвых шляхоў, складаныя ўзаемаадносіны маладых людзей, будні вясковай інтэлігенцыі, гераічныя старонкі народнай памяці – такі асноўны змест мастацкай прозы Б. Стральцова. У 2007 г. была выдадзена яго аўтабіяграфічная кніга «Капуснік, або Лад жыцця». Пісьменнік з’яўляецца аўтарам некалькіх сцэнарыяў дакументальных фільмаў і мастацка-публіцыстычных альбомаў, прысвечаных Беларусі.
Навуковая і педагагічная дзейнасць Б. Стральцова была высока ацэнена. Ён узнагароджаны граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1962, 1965, 1986). З’яўляецца лаўрэатам прэміі Міжнароднай канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў «За адметны ўклад у развіццё журналістыкі» (1992), лаўрэатам прэміі Беларускага саюза журналістаў «За выдатны ўклад у развіццё беларускай журналістыкі» (1995), заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь (1997), лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі «Журналістыка» (2000). Узнагароджаны ганаровымі знакамі «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» і «Выдатнік друку Беларусі».