Краткая справка:
літаратуразнавец, гісторык, краязнавец, летапісец Віцебшчыны, грамадскі і культурны дзеяч Беларусі канца ХІХ – пачатку ХХ стст.
Псевдонимы:
Веневіч
Имена на других языках:
Стукалич Владимир Казимирович (русский);
2927 символов
Справка
У гісторыю беларускай культуры Уладзімір Казіміравіч Стукаліч увайшоў як летапісей Віцебшчыны. Гісторыя, мова, традыцыі віцебскай зямлі – усе гэта складала аснову яго даследчыцкіх інтарэсаў.
Нарадзіўся будучы краязнавец у г. Якабштат Курляндскай губерні (зараз г. Екабпілс, Латвія) у сям’і небагатага чыноўніка. Дзяцінства правёў у Віцебску, з-за слабага здароўя вучыцца пачаў толькі ў дванаццацігадовым узросце. У 1879 г. скончыў Віцебскую губернскую мужчынскую Аляксандраўскую гімназію. Вышэйшую адукацыю атрымаў на адміністрацыйным аддзяленні юрыдычнага факультэта Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1883 г. скончыў вучобу з адзнакай. Пачаў займацца адвакацкай практыкай, быў памочнікам прысяжнага паверанага. Падрыхтаваў і паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю «Юрыдычнае становішча гарадской абшчыны ў Заходняй Русі» (1886). У 1898 г. пакінуў адвакацкую практыку, працаваў ў Казённай палаце ў Слоніме, Гродне і Віцебску.
У гэты ж час пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю, пад псеўданімам Вяневіч актыўна друкаваў гісторыка-літаратурныя матэрыялы ў газеце «Русский курьер». Стаў аўтарам артыкулаў «Кароткая нататка аб беларускай гаворцы» (1895), «Да пытання аб арганізацыі ўніверсітэта ў Віцебску» (1903) і інш. Цікавіўся гісторыяй і культурай Беларусі, асабліва Віцебскай губерні, даследаваў аўтарства паэмы «Тарас на Парнасе», творчасць М. Нікіфароўскага і А. Сапунова. Сярод прац – «Беларусь і Літва: Нарысы з гісторыі гарадоў у Беларусі» (1891), «Мальцаўскія заводы» (1894), «А.П. Сапуноў: Да 25-годдзя яго навуковай і літаратурнай дзейнасці» (1905), «М.Я. Нікіфароўскі: 1845–1910 гады» (1910) і інш.
Уладзімір Казіміравіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці Віцебска, быў адным са стваральнікаў і членам Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, якая адыграла вялікую ролю ў вывучэнні гістарычнага мінулага краю. На працягу многіх гадоў удзельнічаў у працы Віцебскага статыстычнага камітэта, з’яўляўся пастаянным аўтарам «Витебских губернских ведомостей».
У.К. Стукаліч цікавіўся палітычным жыццём краіны: пасля рэвалюцыі 1905 г. далучыўся да дзейнасці партыі «Саюз 17 кастрычніка», у лютым 1917 г. стварыў у Віцебску Беларускі народны саюз. Пасля прыходу савецкай улады У.К. Стукаліч працягваў працаваць у Віцебскай казённай палаце. Восенню 1918 г. без прад’яўлення абвінавачвання арыштаваны Віцебскай надзвычайнай камісіяй па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам. У снежні гэтага ж года У.К. Стукаліч быў растраляны. Рэабілітаваны пракуратурай Віцебскай вобласці ў 1998 г.
Выдатны гісторык, літаратар, грамадскі і палітычны дзеяч У.К. Стукаліч аддаў многа сіл і энергіі вывучэнню роднага краю. Усе яго публікацыі – і крытычныя артыкулы, і гістарычныя даследаванні, і працы па пытаннях бібліяграфіі і права – напісаны грунтоўна, з шырокім навуковым дыяпазонам, што робіць іх актуальнымі для сучасных даследчыкаў.