Краткая справка:
кінарэжысёр, сцэнарыст, педагог, які атрымаў міжнароднае прызнанне, народны артыст Беларусі і СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1984), прэміі Дзяржкіно БССР і Саюза кінематаграфістаў БССР імя Ю. Тарыча (1985), прэміі Беларускай епархіі Рускай Праваслаўнай Царквы (1989), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1991), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996), прэмій і дыпломаў шэрага ўсесаюзных і міжнародных кінафестываляў
Имена на других языках:
Туров Виктор Тимофеевич (русский);
4750 символов
Справка
Выдатны рэжысёр-пастаноўшчык, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, акадэмік Сусветнай акадэміі славянскага мастацтва Віктар Цімафеевіч Тураў увайшоў у лік 50 вядомых кінематаграфістаў свету, якія склалі ганаровы камітэт па святкаванні 100-годдзя сусветнай кінематаграфіі ў 1995 г. Выбранне беларускага кінарэжысёра было вельмі высокай ацэнкай яго творчасці і прафесіяналізму. Віктар Тураў валодаў вялікім жыццёвым і творчым вопытам: у 1960-я гг. яго ведалі як рэжысёра фільмаў ваеннай тэматыкі, у 1970–80-я гг. – як стваральніка карцін пра сучаснасць і аўтара экранізацый рускай і беларускай класікі. Ён заўсёды імкнуўся ўкараняць у свядомасць гледачоў ідэі дабра, высакароднасці, павагі да чалавека. Работы майстра вылучаюць высокая прафесійная культура, разнастайнасць жанравай палітры, лірыка-драматычная танальнасць. Імя Віктара Турава назаўсёды застанецца ў гісторыі сусветнага кіно, як адно з пяцідзесяці лепшых.
На долю В. Турава выпала цяжкае дзяцінства. Яму не было і пяці год, як пачалася вайна, якая ўвайшла ў свядомасць хлопчыка страшэннымі бамбёжкамі, расстрэлам бацькі, змрочным жыццём у сямейным канцлагеры пад Аахенам. Ён нічога не забыў пра вайну і зрабіў усё, каб яе запомнілі тыя, хто нарадзіўся пасля Перамогі. Запомнілі праз яго фільмы, таму што яшчэ студэнтам Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ён ведаў, аб чым хоча здымаць кіно.
Раннія стужкі В. Турава – “Зорка на спражцы” (1962, фільм “Маленькія летуценнікі”), “Праз могілкі” (1964, паводле П. Ніліна), “Я родам з дзяцінства” (1966), дылогія “Партызаны” (фільмы “Вайна пад стрэхамі”, 1967, “Сыны ідуць у бой”, 1969, паводле раманаў А. Адамовіча) – адзіны лірычны маналог аб лёсе “падранкаў”, апаленых і загартаваных вайной. У 1994 г. фільм “Праз могілкі” рашэннем ЮНЕСКА быў уключаны ў лік 100 найбольш значных фільмаў свету. Ваенная тэма атрымала ў творчасці рэжысёра свой працяг у фільме “Пераправа” (1987) – пра сумесную савецка-польскую барацьбу з фашыстамі ў 1944 г., узаемадзеянне савецкіх партызан з атрадамі Арміі Людовай. Стужка была знята сумесна студыяй “Беларусьфільм” і кінааб’яднаннем у Варшаве.
Актыўнай грамадзянскай пазіцыяй вызначаюцца карціны В. Турава “Час яе сыноў” (1974), “Пункт адліку” (1979), “Меншы сярод братоў” (1985), у якіх адлюстравана тэма сувязі ваеннага і пасляваеннага пакаленняў. Звяртаўся кінарэжысёр і да рускай класікі: тэлефільм “Жыццё і смерць двараніна Чартапханава” (1971) створаны па апавяданнях І. Тургенева.
Вялікую ролю ў творчасці В. Турава адыграла беларуская літаратура. Як першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі (1976–1981), а затым мастацкі кіраўнік творчай студыі Ю.В. Тарыча, намеснік дырэктара “Беларусьфільма” па творчай рабоце ён прыцягваў да работы ў кіно беларускіх пісьменнікаў, сам звяртаўся да іх твораў. У пачатку 1980-х гг. Тураў стварыў кінацыкл паводле трылогіі І. Мележа “Палеская хроніка” – два фільмы па дзве серыі: “Людзі на балоце” (1981) і “Подых навальніцы” (1982). У творчасці кінарэжысёра фільмы па Мележу былі вяршыннымі. Следам за пісьменнікам Тураў у гэтых фільмах перадаў не экзотыку Палесся, а паказаў жыццё людзей, дастойных павагі, працавітых, сумленных; жыццё ва ўсёй яго паўнаце – са страсцямі, бедамі, нягодамі, каханнем і пакутамі. Першы фільм кінахронікі “Людзі на балоце” быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР 1984, прызамі на Усесаюзным (1982) і міжнародных кінафестывалях (1982, 1983). На тым жа матэрыяле кінарэжысёрам быў створаны і тэлесерыял з васьмі фільмаў пад агульнай назвай “Людзі на балоце. Палеская хроніка”.
Актуальным праблемам сучаснасці прысвечаны фільмы В. Турава “Уваскрэсная ноч” (1976, паводле А. Петрашкевіча), “Высокая кроў” (1990). У 1993 г. ён зняў фільм “Чорны бусел” па аповесці В. Казько “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел”. Боль за людзей, якія жывуць на зямлі, забруджанай радыяцыяй, вера ў выратаванне – галоўнае ў гэтай карціне, якая атрымала прыз Міжнароднага кінафестывалю фільмаў славянскіх і праваслаўных народаў “Залаты Віцязь”. Апошняй пастаноўкай В. Турава стала карціна “Шляхціц Завальня…” (1994, паводле Я. Баршчэўскага). У гэтым творы на экране ажыла даўняя гісторыя народа, краю, адкуль, па словах самога рэжысёра, “усе мы родам”. За фільмы “Высокая кроў”, “Чорны бусел”, “Шляхціц Завальня…” і шматгадовы ўклад у развіццё беларускага кінематографа В.Ц. Тураў быў пасмяротна ўдастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1996.
На Міжнародным кінафестывалі “Лістапад” была заснавана прэмія В. Турава. У кіно сёння актыўна працуе дачка майстра – Алена, прадаўжальніца дынастыі. Здымаюць фільмы яго вучні, лаўрэаты спецыяльнага прыза “За лепшы дэбют у кіно імя народнага артыста СССР, кінарэжысёра В. Ц. Турава”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2006 г., актуалізаваны ў 2011 г.