Краткая справка:
грамадска-палітычны, дзяржаўны і культурны дзеяч, акцёр, адзін са стваральнікаў беларускага прафесійнага тэатра
Имена на других языках:
Фальский Всеволод Степанович (русский);
4515 символов
Справка
Усевалад Сцяпанавіч Фальскі нарадзіўся ў вёсцы Лошыца Самахвалавіцкага павета Мінскай губерні (цяпер у межах Мінска). Некаторыя даследчыкі яго біяграфіі мяркуюць, што ён нарадзіўся 7 сакавіка 1886 г., іншыя лічаць датай яго нараджэння 8 сакавіка 1887 г. Сярод матэрыялаў, знойдзеных гісторыкамі, ёсць асабовая анкета Усевалада Фальскага, складзеная ў верасні 1923 г., у якой прыводзіцца 1886 г. як год яго нараджэння. Дакладных звестак аб атрыманай Фальскім адукацыі няма, на гэты конт ёсць некалькі меркаванняў. Дакладнымі лічацца звесткі аб яго вучобе ў Лясным інстытуце Пецярбурга.
У 1906 г. Усевалад Фальскі далучыўся да беларускага культурнага адраджэння, у 1913 г. пачаў творчую дзейнасць і праявіў неблагія акцёрскія здольнасці. Прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі і рабоце беларускага драматычнага гуртка ў Мінску: выканаў ролю Якіма Сарокі ў «Паўлінцы» Я. Купалы (спектакль прайшоў у Радашковічах).
У 1918–1921 гг. Усевалад Фальскі займаўся дзейнасцю па аб’яднанні нацыянальных акцёрскіх сіл: з красавіка 1917 г. да сярэдзіны 1920 г. з’яўляўся старшынёй і адміністратарам Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, створанага Ф. Ждановічам пры ўдзеле І. Буйніцкага. У спектаклях таварыства Фальскі выконваў ролі Якіма Сарокі і пана Быкоўскага ў «Паўлінцы» Я. Купалы, Васіля ў п’есе «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага, Ігнася ў «Модным шляхцюку» К. Каганца, Студэнта ў п’есе «Бязвінная кроў» У. Галубка. Са жніўня 1918 г. Усевалад Фальскі працаваў у Маскве, дзе хадайнічаў перад Беларускім нацыянальным камітэтам аб выдзяленні сродкаў таварыству драмы і камедыі. Пры актыўным удзеле членаў таварыства беларускай драмы і камедыі быў створаны Беларускі савецкі тэатр і Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва. У 1920 г. з адкрыццём у Мінску Беларускага дзяржаўнага тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) значная частка калектыву ўвайшла ў яго трупу, а таварыства спыніла сваю дзейнасць.
Усевалад Фальскі з’яўляўся старшынёй праўлення «Хаты беларускага мастацтва» – культурна-асветнага таварыства, якое існавала ў Мінску ў 1921 г. і было створана з мэтай развіцця беларускага мастацтва і яго прапаганды сярод шырокіх мас, гуртавання нацыянальных культурных сіл.
Не заставаўся ён у баку і ад грамадска-палітычнага жыцця, прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці беларускіх нацыянальных партый і грамадскіх арганізацый: на працягу 1915–1918 гг. быў членам Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны; намеснікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску; прадстаўніком Беларускай рады на Дэмакратычнай нарадзе 1917 г.; прымаў удзел у з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый і партый у ліпені 1917 г. У снежні 1917 г. Усевалад Фальскі быў абраны дэлегатам ад рабочых Петраградскага Пуцілаўскага завода на Усебеларускі з’езд і з’яўляўся адным з лідэраў фракцыі левай плыні. У жніўні 1918 г. прымаў удзел у стварэнні маскоўскай Беларускай секцыі РКП(б), у лістападзе гэтага ж года вярнуўся ў Мінск. У студзені 1919 г. узначальваў камісарыят замежных спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (фактычна ён з’яўляўся першым беларускім савецкім міністрам замежных спраў). У 1921 г. Усевалад Фальскі быў прызначаны на пасаду намесніка загадчыка аддзела мастацтваў, выконваў абавязкі вучонага сакратара Акадэмічнага цэнтра Наркамата асветы БССР.
Яго далейшы лёс склаўся трагічна: у верасні 1921 г. Усевалад Фальскі быў арыштаваны і абвінавачаны ў сувязях са шпіёнкаю М. Зайцавай-Доўгерт. Вышэйшая мера пакарання (расстрэл) была заменена на 5 гадоў знаходжання ў Смаленскай катаржнай турме і высылкай за межы Беларусі на неакрэслены тэрмін. У маі 1923 г. паводле пастановы ЦВК БССР Усевалад Фальскі быў вызвалены з-пад варты. Спачатку ён заставаўся ў Смаленску і працаваў на рабфаку пры Смаленскім універсітэце, дзе зарэкамендаваў сябе як сумленны, старанны і дасведчаны работнік. З 1925 г. У. Фальскі жыў у Кіеве, у 1927–1928 гг. з’яўляўся дырэктарам драматычнага тэатра імя М. Занькавецкай, падтрымліваў сувязі з Інбелкультам. Далейшы яго лёс, на жаль, невядомы.
Усевалад Фальскі ўвесь час марыў аб вяртанні на радзіму і неаднаразова звяртаўся да ўлад Беларусі за дазволам. Ён хацеў актыўна працаваць на ніве культурнага адраджэння, весці тую працу, якая была мэтай яго жыцця. Аднак ні дазволу на вяртанне, ні рэабілітацыі ён дамагчыся не змог. Толькі 6 жніўня 1996 г. Усевалад Сцяпанавіч Фальскі быў рэабілітаваны Ваеннай пракуратурай Рэспублікі Беларусь.