Новік-Пяюн (сапраўднае прозвішча Новік) Сяргей Міхайлавіч
Дата рождения:
27.08.1906 Лявонавічы, в., Нясвіжскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
26.08.1994
Краткая справка:
паэт, празаік, кампазітар, культурна-асветны дзеяч, аўтар вершаў, апавяданняў, п'ес, каля сотні песень і рамансаў
Псевдонимы:
Dzіecko Pomorza; GGlos Swіeckі; Krasnoludek; Krasnoludek z Borow; Od naszego morza; Stary Dzіadok; Tucholskіch; Алесь Бярозка; Малады Дзядок; Н.Сяргееў; Новик-Пяюн Сергей; Новік-Пяюн Сяргей; С.Каліноўскі; С.Пяюн; С.Стапанчык; Сяргей Пяюн
Имена на других языках:
Новик Сергей Михайлович (русский);
Криптонимы:
N.; Н.; С.Н.; С.П.
4153 символа
Справка
Заўсёды адданым свайму народу, роднаму краю быў паэт, кампазітар, мастак Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн.
Нарадзіўся С. Новік (Новікам-Пеюном ён стаў пазней – падпісваючы свае творы) у вёсцы Лявонавічы Нясвіжскага раёна ў сялянскай сям’і. Бацькі зрабілі ўсё магчымае, каб сын атрымаў адукацыю. С. Новік-Пяюн скончыў Нясвіжскую гімназію і беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. Працуючы настаўнікам у роднай вёсцы, арганізаваў там Лявонавіцкі беларускі народны хор, тэатральны гурток, суполку Таварыства беларускай школы, беларускую бібліятэку і тайныя беларускія школы ў сваёй і суседняй вёсках. Такая актыўнасць на ніве беларускай культуры прыйшлася не да спадобы белапольскім уладам. Юнака выслалі на пяць год з Беларусі ў глыб Польшчы, на Памор’е, а пасля заканчэння тэрміну высылкі – пад нагляд паліцыі ў Слонім. Там у 1939 г. разам з археолагам І. Стаброўскім ён арганізаваў краязнаўчы музей, дырэктарам якога стаў у 1940 г. У час Вялікай Айчыннай вайны С.М. Новік-Пяюн за сувязь з партызанамі трапіў у турму, а пасля ў Калдычэўскі канцлагер пад Баранавічамі. Цудам застаўся жывым. Але выпрабаванні С. Новіка-Пеюна на гэтым не скончыліся. Пасля вайны ён быў сасланы на 10 год у запалярны лагер у Якуцію. Толькі ў 1959 г. С. Новік-Пяюн вярнуўся ў Слонім, а праз некаторы час дзякуючы падтрымцы вядомага дзяржаўнага дзеяча С.В. Прытыцкага ўладкаваўся ў Мінску і ў 1964 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў.
Жорсткія абставіны не далі на ўсю моц разгарнуцца тым здольнасцям, якімі прырода адарыла С. Новіка-Пеюна, але не зламалі яго творчы дух. Яшчэ ў маладосці ён актыўна друкаваў свае вершы, апавяданні, п’есы, артыкулы, допісы ў віленскіх перыядычных выданнях. У 1927 г. выйшлі яго кнігі “Ёлка дзеда Мароза” (1927), “Цудоўная ноч” (1927), “Прадка пад крыжам” (1939), у зборніку “Сцэнічныя творы” (1927) – п’еса “Пакой у наймы”. Многія вершы і песні С. Новік-Пяюн складаў на нарах і за кратамі. У першай высылцы ён напісаў свае славутыя “Зорачкі” – песню, якая набыла шырокую папулярнасць у Заходняй Беларусі ў давераснёўскі час. У першыя пасляваенныя гады Р. Шырма апублікаваў яе як народную песню паланянак, вывезеных фашыстамі на работу ў Германію. Наогул у песеннай творчасці С. Новік-Пяюн дасягнуў найбольшых поспехаў. Апрача названых “Зорачак” на яго творчым рахунку каля сотні песень і рамансаў (яго словы і музыка). Сярод іх – “Белы снег”, “Калі гляжу на неба сінь…”, “Кветка шчасця”, “Слонімскі вальс”. Яшчэ ў маладосці Новік-Пяюн вывучаў эсперанта. Ён аўтар эсперантскага міжнароднага гімна. Лірыка С. Новіка-Пеюна тужлівая і ўзнёслая, гаротная і вясёлая, як трагічнае і радаснае жыццё беларусаў. Ён заўсёды моцна любіў Беларусь, апяваў і ўслаўляў у сваіх вершах:
О, Беларусь, мой родны край!
Цябе ўсім сэрцам я кахаю,
На ніякі цудоўны рай
Цябе ніколі не змяняю!
“О, Беларусь, мой
родны край!”
Асабліва задушэўныя вершы С. Новік-Пяюн пісаў для дзяцей. У 20–30 гг. іх можна было сустрэць ледзь не ў кожным нумары заходнебеларускага дзіцячага часопіса “Заранка” пад псеўданімам Малады Дзядок. У 1986 г. выйшла яго кніжка вершаў для дзяцей “Зорачкі ясныя”.
Са спадчыны С. Новіка-Пеюна-мастака захавалася няшмат (карціны “Краявід”, “Першы снег”, “Партрэт Адама Міцкевіча”, акварэльныя малюнкі). Большая частка створанага мастаком знікла ў вайну.
Вялікае, шматпакутнае жыццё пражыў С.М. Новік-Пяюн. З годнасцю прайшоў ён праз самыя цяжкія выпрабаванні, наканаваныя яму лёсам. Нават апошнія гады (памёр 26.08.1994 г.) цяжка хворы ён працягваў працаваць: пісаў паэтычныя творы, успаміны пра літаратурнае і культурнае жыццё, перакладаў. Пра месца твораў С.М. Новіка-Пеюна ў літаратуры добра сказаў А. Лойка: “Частка з іх – па стылю – у сваім часе: яны гучаць так, як гучала большасць твораў масавай паэзіі перыяду грамадаўскага руху; частка – 40-х, перадваенных год – у духу тагачасных святочна-настраёвых вершаў. Ды яны – з этапаў жыцця чалавечага: з жыцця іх не выкінуць, і з песні гэтага жыцця – таксама”*.
* Лойка, А. Песня клікала ў свет / Алег Лойка // Заўсёды з песняй / Сяргей Новік-Пяюн. Мінск, 1984. С. 4–5.