Дата рождения:
01.05.1875 Смалявічы, г., Мінская вобласць
Дата смерти:
25.01.1960
Краткая справка:
расійскі астраном і астрафізік, заснавальнік астрабатанікі і адной з першых хатніх абсерваторый (1894), ганаровы акадэмік НАН Беларусі, акадэмік АН Казахстана, член-карэспандэнт АН СССР, заслужаны дзеяч навукі Казахстана, лаўрэат прэміі Парыжскай АН (1909), кавалер ордэна Леніна
Варианты имени:
Ціхаў Гаўрыла Адрыянавіч
Имена на других языках:
Тихов Гавриил Адрианович (русский); Тихов Гавриил Андрианович (русский);
3555 символов
Справка
Велічная карціна зорнага неба заўсёды прыцягвае ўвагу чалавека сваёй загадкавасцю і непаўторнай прыгажосцю. Назіранне за Сонцам, Месяцам, за планетамі і сузор’ямі прывяло да ўзнікнення астраноміі. З цягам часу з гэтай навукі пачалі вылучацца новыя адгалінаванні, у тым ліку астрабіялогія (вывучае астрабатаніку), заснавальнікам якой з’яўляецца Гаўрыіл Андрыянавіч Ціхаў, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР (1927), акадэмік Акадэміі навук Казахскай ССР (1946), ганаровы акадэмік Акадэміі навук Беларускай ССР (1959).
Нарадзіўся ён у мястэчку Смалявічы пад Мінскам у сям’і чыгуначніка. З-за службы бацькі прыходзілася часта мяняць месца жыхарства, і ў гімназію будучы вучоны паступіў на станцыі Зайцава Севастопальскай чыгункі. Менавіта там пачаў цікавіцца астраноміяй і дакладнымі навукамі. У 1893–1897 гг. вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта. На першым курсе прыватнымі ўрокамі зарабіў грошы, выпісаў з Германіі тэлескоп і на летніх канікулах у Смалявічах, дзе жыў яго дзед, у 1894 г. пабудаваў хатнюю абсерваторыю. У 1898–1900 гг. працягваў адукацыю ў Парыжскім універсітэце. У Францыі займаўся навуковай працай пад кіраўніцтвам славутага астранома Ж. Жансэна. У пачатку 1901 г. вярнуўся ў Маскву, праз год абараніў дысертацыю і стаў магістрам. Некаторы час выкладаў матэматыку ў маскоўскай мужчынскай гімназіі № 6, потым у Екацярынаслаўскім вышэйшым горным вучылішчы. З 1906 па 1941 г. Г. А. Ціхаў працаваў у Галоўнай (Пулкаўскай) астранамічнай абсерваторыі, адначасова ў 1919–1931 гг. чытаў лекцыі па астрафізіцы ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце, з 1919 па 1949 г. кіраваў астрафізічным аддзяленнем у Прыродазнаўча-навуковым інстытуце імя П. Ф. Лесгафта (цяпер не існуе). У жніўні 1941 г. разам з супрацоўнікамі абсерваторыі быў эвакуіраваны ў Казахстан, дзе з 1947 г. і да канца жыцця загадваў сектарам астрабатанікі Акадэміі навук Казахскай ССР.
Больш за 50 гадоў прысвяціў Г. І. Ціхаў астраноміі: займаўся астрафізікай, астраметрыяй, атмасфернай оптыкай, астрабатанікай, аэрафотаздымкай. Ён адкрыў эфект запазнення фаз у зацьменных зорак у караткахвалевай вобласці спектра (1908, эфект Ціхава – Нордмана). Упершыню выкарыстаў у планетных назіраннях каляровыя святлафільтры, атрымаў першыя фатаграфіі Марса ў розных абласцях спектра (1909). У 1909–1910 гг. даследаваў колеры Сатурна, Урана, пазней Нептуна і іншых астранамічных аб’ектаў (планет, зорак, сонечнай кароны, папялістага святла Месяца). Устанавіў (1914), што Зямля пры назіранні з космасу павінна мець блакітнаваты колер. Сканструяваў шэраг фотаметрычных прыбораў. Выдаў каталогі колераў 17 874 зорак (1937, 1951). З’яўляецца аўтарам некалькіх вынаходніцтваў, арганізоўваў экспедыцыі (у 1914, 1927, 1936, 1941, 1945 гг.) для назірання за поўным сонечным зацьменнем. Ён актыўна папулярызаваў свае даследаванні ў друку і апублікаваў каля 100 навуковых прац, у тым ліку 80 арыгінальных. Былі выдадзены кнігі “Астробиология” (1953), “Основные труды” (5 т., 1954–1960), успаміны “Шестьдесят лет у телескопа” (1959) і інш.
Да канца жыцця Г. А. Ціхаў займаўся навуковай дзейнасцю. Яго праца адзначана ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, дзвюма прэміямі Рускага астранамічнага таварыства і прэміяй імя Г. Вільда Парыжскай акадэміі навук, шматлікімі медалямі. У 1946 г. прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Казахскай ССР”. Імем вучонага названы кратары на Марсе і Месяцы, а таксама малая планета № 2251, адкрытая 19 верасня 1977 г. Крымскай астрафізічнай абсерваторыяй.